Вучыцца слухаць “Нетры”

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

“Культура” паведамляла ўжо, што да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2008 года дапушчаны кнігі паэзіі і графікі “Нетры” і “Палын. Чарнобыль” Міхася Барздыкі і Міхася Башлакова. У гэтых выданнях з’ядналіся мова мастацкага слова і мова вобраза, увасобленага ў графіцы. Што ў “нетрах” такога саюза? Ці дамінуе адно над адным? І, зрэшты, у чым пачатак сумеснага твора — у літаратуры ці выяўленчым мастацтве? Карэспандэнт “К” гутарыць з паэтам Міхасём БАШЛАКОВЫМ.

 /i/content/pi/cult/173/1656/Netry1.jpg

— Пачалося ўсё са знаёмства з Міхаілам Барздыкам. У той год рыхтавалася да друку кніга маіх вершаў “Пяро зязюлі падыму”. Я зайшоў у выдавецтва, а мне кажуць: “Вось мастак, які афармляе ваш зборнік”. Міхась паказаў тое, што падрыхтаваў. У яго было шмат варыянтаў, багата цікавых ілюстрацый.
Манера яго вельмі своеасаблівая. Шчыра быў здзіўлены погляду мастака на маю творчасць, маўляў, вось як ён успрымае вершы! Я прыняў усё да адзінай ілюстрацыі. З тае пары і пачалі сустракацца. Міхась паказваў мне сваю графіку, абмяркоўвалі розныя ідэі… А што, калі зробім сумесную кнігу, дзе мастак і паэт былі б побач — два прозвішчы на роўных? “Нетры” мы рабілі больш за год.

— “Нетры” — шматзначнае слова. Як вы сумесна з графікам прачыталі яго?

— Намагаліся ўспрымаць глыбінна. Для беларусаў гэта цэлыя пласты нязведанага: пласты ўсенароднай памяці, гісторыі, народнай мудрасці, этнаграфіі, фальклору… Таму гэта — адкрыццё свайго, але нязведанага.
Падавалася б, у нас выдадзена больш за пяцьдзесят тамоў фальклору, і гэта сведчыць пра тое, што ў нас вельмі багатая вусная паэтычная творчасць. Але, гартаючы старонкі збораў беларускіх песень, я бачыў: шмат засталося за межамі гэтых выданняў. Гэтак звычайна здзіўляўся, што не знаходжу песень, якія спявалі на нашым Палессі, якія спявала мама…

— Нетры…

— Вось-вось… Такім чынам і адбіралі вершы! Нешта пісалася новае, нешта было ўжо напісана. Вельмі строга падыходзілі і да кожнага графічнага ліста.

— У кнізе сем раздзелаў. Лічыцца, што лічба сем — лік мудрасці…

— Так. Да таго ж, прасочваюцца ў іх яшчэ поры года, а заканчваецца кніга — абуджэннем, калі жыццё ідзе з зімы на вясну…

— Мусіць, вялікая рэдкасць, калі аднадумцамі становяцца паэт і графік на адной старонцы, калі адзін верш нібы выходзіць з другога, гэтак жа — і з ілюстрацыямі…

— А яшчэ, калі ілюстрацыя вынікае з верша ці наадварот. Многія сябры адразу не зразумелі: вершы такія простыя, зямныя, а графіка — надзвычай складаная… А вы паглядзіце, адказваў я ім, — вершы ідуць ад народнай глебы. Графіка — асэнсаванне мастаком таго самага, толькі ў сваёй форме. Мо таму і здзейснілася дзівоснае перапляценне ў адной кнізе. Тэхніка работ Барздыкі складаная: афорт на метале. Але справа ў тым, што мастак сам аказаўся выдатным паэтам, мала хто ведае пра гэта: ён друкаваўся ў часопісах, у кнізе “Антология. Современная русская поэзия в Беларуси”. Мо таму і графіка ў яго — таксама паэтычная, філасофская. Міхась старэйшы за мяне на сем гадоў. І мне, можа, якраз і не хапае пэўнага жыццёвага досведу. Мы абодва не стараліся спрашчаць “Нетры”. На першае месца я стаўлю мелодыю, інтанацыю… Толькі калі адчуваю, што пачынае шчымець сэрца — прыходзяць тыя радкі. Ніколі не ведаю, якім будзе другі ці трэці радок…

— Гэта тое, што трэба выпакутаваць?..

— У нашай другой сумеснай кнізе з Барздыкам ёсць такі радок: “І выпакутаваць пакуты паслалі любоў…” Мусіць, інакш нічога не атрымаецца... Наогул, пасля поспехаў з “Нетрамі”, якія былі ўганараваны на Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне і ўвайшлі ў лік ста лепшых кніг свету, нам заказалі “Палын. Чарнобыль”. Барздыка рабіў афорты, а я пісаў вершы. Кніга пабудавана ў форме крыжа. А за аснову ўзяты словы Іаана Багаслова.

 /i/content/pi/cult/173/1656/Netry2.jpg

— Міхась, а ці часта надараецца магчымасць чытаць “Нетры”, “Палын. Чарнобыль” уголас, на аўдыторыю?

— Я вяду цяпер чатыры паэтычныя студыі пры бібліятэках на грамадскіх пачатках. І хачу сказаць, што вельмі многа таленавітых маладых людзей, якія прыходзяць паслухаць і мае вершы, і вершы адзін аднаго. Студыі наведваюць школьнікі, ліцэісты, студэнты. Вершы трэба чытаць, вучыцца слухаць. Моладзь цягнецца да слова. Многа і пішуць. Ці стануць яны паэтамі? Больш важна, што яны цікавяцца словам, паэзіяй, цягнуцца да мастацкасці, да душы. Днямі мне пазванілі з Сувораўскага вучылішча, прапанавалі адкрыць пятую паэтычную студыю.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства згадваю: быў аднойчы ў зкспедыцыі “Дарога да святыняў”. Заехалі ў Кіраўскі раён. Дванаццатая гадзіна ночы, а нам гавораць: у вас выступленне зараз, вас чакаюць настаўнікі ў Доме культуры. І я чытаў вершы сярод ночы. Сабраліся людзі, каб паслухаць Слова… І на Святым полі пад Баранавічамі пасля малебна зноў жа просяць пачытаць вершы. Я чытаю радкі з “Малення Кірылы Тураўскага”: “Дай памяць ім, / Успомнять хай / Імя забытыя радзімы, / Імя сваё / І родны край…” Чытаю, а бабулькі стаяць, жагнаюцца…

— Ведаю, што вы рыхтуецеся да таго, каб выдаваць літаратурны альманах. Калі будзе ў нас новы літаратурна-мастацкі “Маладзік”?

— Першы нумар будзе для маладых і пра іх. Цяпер ідзе конкурс сярод школьнікаў. Лепшыя творы ўвойдуць у альманах. Таксама мяркую зрабіць Анталогію маладой беларускай паэзіі: у мяне ёсць ужо для збору мноства твораў з розных куткоў Беларусі.

— А Міхась Барздыка не адмовіцца ілюстрававаць альманах і Анталогію?

— Мы яшчэ не гаварылі пра гэта. Але чаму б і не?.. І вокладку можа зрабіць, і ілюстрацыі. Цяпер мы з ім робім эксклюзіўныя кнігі, што існуюць у адным экзэмпляры. Так званыя арт-кнігі…

Гутарыла Вольга ЯГОРАВА