Метраполія архіва

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Скарбніца дакументальнай спадчыны радзімы і замежжа
6 кастрычніка ў Беларусі святкаваўся Дзень архівіста, а праз тыдзень краіна адзначае Дзень работнікаў культуры. Супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва абодва гэтыя святы, бадай, датычацца ў роўнай ступені.

/i/content/pi/cult/766/16557/020.JPGАмаль таемныя

Напачатку кастрычніка адбыліся чарговыя Архіўныя чытанні, якія ладзяцца з 2003 года. Сёлетняя, 17-я па ліку сустрэча, прысвечалася пытанням супрацоўніцтва архіва-музея з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Асаблівая ўвага звярталася на дакументы былога архіва Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, якія ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя былі далучаныя да комплексу дакументаў НАРБ і складаюць там фонд 4п. Ён уяўляе цікавасць і для даследчыкаў гісторыі культуры, бо многія яго дакументы звязаныя з дзейнасцю літаратурных аб’яднанняў, якія дзейнічалі ў Савецкай Беларусі ў 1920 — 1930-я гады — такіх як “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”, “Звенья”, “Юнгер арбайтэр” і іншыя. Гэтыя дакументы надзвычай каштоўныя з той прычыны, што часта архівы саміх аб’яднанняў страчаныя, і толькі праз згаданы вышей фонд можна атрымаць пэўныя звесткі аб іх дзейнасці.

Акрамя двух згаданых архіваў, чытанні адбываюцца пад эгідай арганізацыі, якую дырэктар БДАМЛіМ Ганна Запартыка паўжартам называе “амаль таемнай” — Беларускага таварыства архівістаў. Чаму таемнай? Бо дзейнасць яго, на жаль, не шырокавядомая. Таварыства было створана яшчэ ў 1990 годзе, і, сярод іншага, раз на два гады яно праводзіць конкурс на званне найлепшага архівіста.

Да сёлетніх XVII Архіўных чытанняў прымеркаваная таксама выстава “Нестар беларускага адраджэння”, прысвечаная 160-годдзю з дня нараджэння Браніслава Эпімаха-Шыпілы — аднаго з пачынальнікаў беларускага руху канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Выставы — адзін з відаў планавай дзейнасці архіва-музея. Рыхтуюць іх зазвычай акурат да юбілеяў фондастваральнікаў — часам у самой установе, часам за яе межамі, супрацоўнічаючы з іншымі музеямі.

Крыніцы робяцца даступнымі

Важнай часткай дзейнасці архіва-музея з’яўляецца таксама ўдзел у падрыхтоўцы ўласных выданняў і публікацыі дакументаў. Так, у 2011 годзе быў укладзены двухтомнік твораў вядомага празаіка, крытыка і літаратуразнаўцы міжваеннага перыяду Адама Бабарэкі — у падрыхтоўцы гэтай публікацыі ўдзельнічалі Ганна Запартыка, супрацоўнік архіва-музея літаратуразнаўца Віктар Жыбуль і дачка літаратара Алеся Бабарэка. У выданне ўвайшлі амаль усе дакументы фонду Адама Бабарэкі, якія былі ў свой час перададзеныя яго сям’ёй з Масквы. Адметнасць працы над публікацыяй гэтага фонду палягала ў тым, што многія тэксты ствараліся Адамам Бабарэкам у высылцы, ва ўмовах дэфіцыту паперы — таму два розныя творы маглі быць напісаныя на двух баках аркуша паперы. Укладальнікам давялося ўлічваць гэтую асаблівасць пры публікацыі.

У 2013 годзе супрацоўнікам архіва-музея Уладзімірам Кулажанкам быў апублікаваны летапіс Дукорскай Петра-Паўлаўскай царквы за 1867 — 1917 гады. Гэты дакумент можна лічыць унікальным, бо, хаця падобныя летапісы мусілі весці ва ўсіх праваслаўных прыходах, але да нашага часу захавалася надзвычай мала такіх дакументаў. Летапіс дукорскай царквы дайшоў да нашых дзён у складзе фонду вядомага крытыка і літаратуразнаўцы міжваеннага перыяду Лукаша Бэндэ. Цяжка меркаваць, якімі шляхамі летапіс трапіў у зборы гэтага адыёзнага дзеяча, але, тым не менш, такім чынам была захаваная цікавая крыніца па гісторыі беларускага мястэчка канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта першая і пакуль адзіная поўная публікацыя царкоўнага летапісу асобным выданнем.

На падставе дакументаў з фондаў БДАМЛіМ былі падрыхтаваныя цікавыя публікацыі мемуараў. Так, яшчэ ў часы СССР былі апублікаваныя партызанскія ўспаміны літаратуразнаўцы Навума Перкіна — але тагачасныя ідэалагічныя ўстаноўкі наклалі свой адбітак на тэкст дакумента: многія фрагменты мемуараў не былі дапушчаныя да друку. У 2013 годзе мемуары былога партызана былі апублікаваныя без купюр, пад красамоўнай назвай “Эпитафия без елея”. Аналагічнае адбылося і з мемуарамі знакамітай дзяячкі Паўліны Мядзёлкі. Ейныя ўспаміны “Сцежкамі жыцця” выйшлі ў свет яшчэ ў 1974 годзе, але толькі летась у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” была апублікавана іх нецэнзураваная версія.

Вяртанне спадчыны

Ганна Запартыка адзначае, што нягледзячы на сумныя і складаныя лёсы беларускай дакументальнай спадчыны ў ХХ стагоддзі, у ранейшыя гады архіўныя зборы не толькі пакідалі межы Беларусі, але і вярталіся назад. Яшчэ ў савецкі перыяд многія даследчыкі і архівісты прывозілі ў Мінск дакументы беларускіх дзеячаў і арганізацый з гарадоў іншых рэспублік СССР — з Ленінграда, Вільнюса, Кіева і гэтак далей.

Сёння архіў-музей пазіцыянуе сябе як месца захавання спадчыны, створанай беларусамі за межамі нашай краіны. Выяўленнем і збіраннем дакументаў эміграцыі займаецца Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, створаны ў БДАМЛіМ у 2014 годзе. Такім чынам, цяпер спадчыну беларускай эміграцыі мяркуецца збіраць цэнтралізавана і сістэмна, у метраполіі, а не стыхійна, у асобных эміграцыйных цэнтрах, як гэта рабілася раней. Па словах намесніцы дырэктара БДАМЛіМ Наталлі Гардзіенкі, за мяжой архівы беларускай эміграцыі часта захоўваюцца ў неналежных умовах, у непрыстасаваных памяшканнях — напрыклад, пры цэрквах. Таму важна забяспечыць захоўванне такіх дакументаў у Беларусі, пры належным апісанні, вывучэнні і магчымасці доступу для даследчыкаў. Вяртанне дакументаў цяпер адбываецца пры дапамозе Міністэрства замежных спраў, сродкамі дыпламатычнай пошты.

У межах дамоў Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі з замежнымі архівамі адбываецца ўзаемаабмен копіямі дакументаў. Такім чынам, напрыклад, былі атрыманыя з Расіі і Казахстана копіі дакументаў, датычных дзейнасці беларускіх дзеячаў культуры ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны — напрыклад, народнай артысткі БCCР і СССР, опернай спявачкі Ларысы Александроўскай.

Наогул жа планаваць дзейнасць па камплектаванні надзвычай цяжка. Праца па выяўленні дакументаў не спыняецца, але ніколі няма гарантыі, колькі іх трапіць у архіў. Ганна Запартыка прыводзіць прыклад, як аднойчы супрацоўніца архіва-музея паехала ў камандзіроўку ў іншую краіну забіраць архіў кагосьці з беларускіх дзеячаў, а вярнулася з адным-адзіным дакументам — ці то сваякі перадумалі аддаваць паперы, ці што іншае. Але бывае і іначай — так, Ганна Вячаславаўна прыгадвае, як сама ездзіла ў Бялу-Падляску ў Польшчы да нашчадкаў беларускага грамадскага дзеяча Антона Няканды-Трэпкі. Сваякі паставіліся да супрацоўніцы беларускага дзяржаўнага архіва з вялікім даверам і аддалі ўсе дакументы і артэфакты, якія толькі маглі.

Наталля Гардзіенка дадае, што з нядаўняй паездкі ў ЗША прывезла ў архіў, напрыклад, альбом фотаздымкаў з Віленскай беларускай гімназіі. Здымкі зробленыя ў 1932 — 1935 гадах і сабраныя ў альбом ужо на эміграцыі. Гэта цікавая крыніца па гісторыі беларускага руху — на некаторых фота можна бачыць выбітных дзеячаў, напрыклад, такіх, як вядомы навуковец Барыс Кіт — ён некалі выкладаў у гімназіі, а пасля зрабіўся вядомым як канструктар ракетнай тэхнікі. Вядома, з эміграцыі ў фонды архіва-музея трапляюць не толькі вывезеныя некалі з Беларусі дакументы, але і створаныя беларускімі дзеячамі за межамі краіны.

Рэчы асабістыя

Архіў-музей розніцца ад звычайнага архіва акурат тым, што тут захоўваюцца, акрамя дакументаў, і іншыя артэфакты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю той ці іншай выбітнай асобы. Праўда, улік іх вядзецца ўсё-такі як у архіве, а не па музейных правілах — то-бок, напрыклад, адна архіўная справа можа змяшчаць з дзясятак фотаздымкаў, якія ў музеі лічыліся б кожны за асобную адзінку захоўвання. Ёсць у архіве асабістыя рэчы сем’яў літаратараў Максіма Гарэцкага, Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і многіх іншых. Тут сабраныя калекцыі гадзіннікаў, друкарак, тэкстылю, фалерыстыкі і гэтак далей. На сённяшні момант улічана каля 700 прадметаў, і яшчэ каля 1000 апрацоўваюцца. Адзін з найбольш яскравых прадметаў, што захоўваюцца ў БДАМЛіМ, перададзены з эміграцыі нож для рэзкі паперы, які быў знойдзены на папялішчы дома Янкі Купалы ў 1941 годзе. Частка даследчыкаў лічыць, што акурат гэтым нажом паэт мог спрабаваць здзейсніць самагубства ў 1930 годзе, калі яму пагражаў арышт... Супрацоўнікі архіва прыгадваюць, што ў свой час ім прапаноўвалі забраць з Чэхіі нават раяль опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага — але пасля чэхі палічылі інструмент культурнай каштоўнасцю і аддаваць перадумалі. Тым не менш, скарбаў у БДАМЛіМ захоўваецца і без таго багата. Рэчы гэтыя ўяўляюць цікавасць не так сваёй матэрыяльнай каштоўнасцю — як тым, што яны належалі вядомым людзям, дзеячам мастацтва.