Стала Мележа больш у прыродзе…

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

У рускай літаратуры пясняр восені — Пушкін. Тут і спрачацца не выпадае. А ў беларускай? Як па мне, дык у першую чаргу — Мележ з Караткевічам. Я бываў увосень у мележаўскім Глінішчы. Над былой цагельняй, дзе колісь біліся за мяжу, нізка сцяліліся набрынялыя дажджом аблокі, дыхалася лёгка, апошняя асуджаная на адчай лістота гойдалася ў паветры, і ўсё гэта было такім зразумелым, блізкім, беларускім, што ныла салодка сэрца… А Караткевіч? Я маладзёнам з паляўнічай стрэльбай, пазычанай у сябра, даследаваў у кастрычніку балоты на Брагіншчыне (ніводная птушка і звярок не пацярпелі). Туман, купіны, хмызняк і скруткі тумана над падмёрзлай глебай, а над грэбляй — укленчаныя вербы, таксама ў туманнай рванай коўдры. “Заяц варыць піва”. Першая восеньская халадэча — нібы першае адкрыццё нейкай зямной існасці: жыццё не надта доўгае, трэба ўсё паспець. І незразумелая радасць ад усведамлення гэтай нечаканай “дарослай” высновы… “Павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой”. Восеньская элегія гучыць і ў вашых сённяшніх лістах.

/i/content/pi/cult/766/16555/018.JPGГальшанскі кірмаш праходзіць напачатку восені, калі лісце на дрэвах расквечана золатам, калі рупліўцы сабралі ўраджай. Нават кепскае надвор’е не псуе настрой. Кірмаш — гэта свята. А першы сёлетні каравай — неверагодна смачны. У Доме культуры выступілі юныя музыканты Гальшанскай школы мастацтваў, артысты тэатра мініяцюр аграгарадка Крэва, народны ансамбль песні і танца “Крыніцы” Ашмянскага РЦК”, — напісала Кацярына Рудзік з аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Хто не быў у Гальшанах, раю наведаць. Тамтэйшыя замкавыя прывіды якраз восенню і актывізуюцца ў творчым самавыражэнні.

Конкурс прыпевачніц прайшоў у Кальчунах (Ашмянскі раён). Конкурс традыцыйны і называецца “Душа-прыпеўка”. Лепшай прыпевачніцай прызнана 83-гадовая Яніна Біркоўская з Баруноў.

Знакаміты Дзяржынскі гарадскі Дом культуры! Колькасць семінараў, прэзентацый, канцэртных праграм і неверагодных па фантазіі праектаў, пра якія пісалі карэспандэнты “К” падлічыць немагчыма. Тут заўжды ўтульна, гасцінна і відовішчна. Пра 58-мы творчы сезон установы піша яе вядучы рэдактар Таццяна Шылак. Адкрыўся ён маштабнай канцэртнай праграмай. Цікава, што падчас гэтага мерапрыемства па традыцыі быў абраны пераможца конкурсу “Глядач года”. Сертыфікат на бясплатнае наведванне творчых праграм ГДК атрымала Таццяна Высоцкая. А за адданасць роднай установе была ўшанавана загадчык касцюмернай Ганна Сцяпанава, якая адпрацавала на пасадзе больш за дваццаць гадоў.

Што такое твірлінг? Вікіпедыя сцвярджае, што гэта сінтэз гімнастыкі і танца. Справа ў тым, што днямі ў Санкт-Пецярбургу адбыўся Міжнародны чэмпіянат па мажарэт-спорце і твірлінгу, у якім бралі ўдзел калектывы з 12 краін свету: Беларусі, Расіі, Балгарыі, Грэцыі, Венгорыі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Славакіі… Андрэй Струнчанка піша, што нашу краіну прэзентавалі ансамблі мажарэтак і барабаншчыц, харэаграфічныя гурты з Дуброўна, Новалукомля, Оршы і Шуміліна. Па словах галоўнага балетмайстра Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Вольгі Панэ, барабаншчыцы і мажарэткі Віцебшчыны зрабілі ў замежжы фурор. Літаральна кожны беларускі калектыў заняў прызавыя месцы.

Гарбузовы фэст прайшоў у аграгарадку Ходараўцы (Лідскі раён). Выстава-конкурс агародных пудзіл пераўтварыла мерапрыемства ў нязмушаную гумарыстычную акцыю. Дарэчы, перамагло пудзіла па мянушцы “Зубеня”, зробленае ў Першамайскім Доме культуры. А самы вялікі гарбуз вырасцілі жыхары вуліцы Камсамольскай.

Лідчына працягвае здзіўляць. Аграгарадок Гуды прапанаваў сумесны праект Лідскага РЦК і раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу прайшла конкурсная праграма “Суперпані — 2019” (заўважце, не міс, а пані!). Дзяўчаты з РЦК пішуць, што “ў залатую восеньскую пару былі ўшанаваны людзі сталага ўзросту”. Карона дасталася Алене Гілевіч з аграгарадка Дворышча.

Яшчэ адна навіна з Лідскага раёна. Аўтар — загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч. Гаворка ідзе пра сустрэчу чытачоў з Валерыем Баранавым, колішнім намеснікам старшыні Лідскага райвыканкама.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Фёдара Панфёрава Таццяна Астапук піша: “Дзень павагі старшага пакалення бібліятэкары адзначылі разам з Іванаўскай раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Дарэчы, мясцоваму хору ветэранаў вайны і працы сёлета спаўняецца 25 гадоў”.

А вось інфармацыя з Бераставіцкай райбібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага. Бібліятэкар Алекшыцкай сельскай бібліятэкі Зоя Хлебнікава распавядае пра пасяджэнне аматарскага аб’яднання для дзяцей “Клёпа” ў рамках акцыі “Чытаем разам”. Урок краязнаўства быў прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Бераставіцкага раёна.

Літаратурная вечарына “Я толькі часцінка вялізнага свету” прайшла ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Загадчык аддзела маркетынгу Ларыса Старадубцава ўдакладняе, што вечарына была прысвечана 90-годдзю мясцовай паэткі Зарэмы Трафімовіч, якая была не толькі добрым літаратарам, але і таленавітым педагогам.

25 гадоў споўнілася вакальнаму гурту “Заляснянка”. Калектыў працуе ў Залескім Доме культуры, што на Смаргоншчыне. Мерапрыемства прайшло з аншлагам. Пра гэта напісала дырэктар Смаргонскага РЦК Галіна Крацянок.

Дзень пажылога чалавека прайшоў у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Песні гучалі ў выкананні салістаў народнай эстраднай студыі “Міраж” Смаргонскага РЦК. Намесніца дырэктара гэтай установы Людміла Барахоўская распавядае, што наведвальнікі музея маглі ў той дзень пазнаёміцца з творчасцю зямлячкі Ліліі Трохалевай, карціны якой прэзентуюцца на выставе.

27 верасня ў Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў адбылася творчая сустрэча з самабытным сучасным кампазітарам, даследчыкам музычнай гісторыі і выдаўцом архіўнай музыкі, арганізатарам фестываляў Яўгенам Паплаўскім. Творы яго гучаць у Польшчы, Літве, Украіне, Германіі, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Аргенціне… Цягам вечара гучалі ўрыўкі з твораў кампазітара.

Работнікі Дома культуры гарадскога пасёлка Наваельня (Дзятлаўскі раён) прадэманстравалі вясельны абрад “Пірагі”. Сутнасць яго ў наступным: праз тыдзень пасля вяселля бацькі маладой запрашаюць радню маладога на пірагі. Вясельны каравай дзялілі менавіта падчас гэтага абраду.

Сёлета Бярэзіншчыне спаўняецца 95 гадоў. Супрацоўнік мясцовай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч піша: “З нагоды юбілею асабліва запатрабаваным з’яўляецца бібліятэчны праект “Краязнаўчы лекторый на колах”. Чарговую вандроўку па раёне здзейснілі сябры клуба ветэранаў педагагічнай працы “Сустрэча”. Аб’ектам увагі быў абраны паплаўска-багушэвіцкі маршрут: ад аграгарадка Паплавы да аграгарадка Багушэвічы. Рымска-каталіцкі касцёл, школьны экалагічны музей і прыватны музей Міхаіла Драгуна сталі тэмамі для грунтоўных краязнаўчых гутарак.”

Дзень нараджэння адзначыла Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных. Прадстаўнік Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок распавядае, што сёлета з 23 верасня па 15 кастрычніка ў адукацыйных установах і мнагадзетных сем’ях, у дамах пенсіянераў і ў месцах масавага знаходжання людзей праходзіць акцыя “Моладзь за бяспеку”. Ладзяцца віктарыны, адгадваюцца крыжаванкі, прыбіраецца тэрыторыя, устанаўліваюцца аўтаномныя пажарныя паведамляльнікі, абмяркоўваюцца тэматычныя сітуацыйныя задачы. Заключны этап акцыі — вялікая канцэртная праграма. Аднак, акцыя “Моладзь за бяспеку” — толькі невялікая частка таго, чым жыве арганізацыя. Штогод ладзіцца мноства прафілактычных, навучальных, забаўляльных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх становяцца юныя выратавальнікі.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"