Нарысы з мінулага

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Пад гэтай назвай адбылося адкрыццё першай персанальнай выставы мастака-графіка Зміцера Шапавалава ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея, у гістарычнай мінскай сядзібе “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя”, прастора якой ужо не першы сезон радуе наведвальнікаў сваімі якаснымі выставамі, а ў апошні час выступае як пляцоўка для дэбютнага кроку маладых і таленавітых мастакоў.

/i/content/pi/cult/766/16553/014.JPGНягледзячы на разнастайнасць прадстаўленых работ (іх на выставе больш за трыццаць), экспазіцыю ствараюць некалькі графічных серый. Першая з іх, “Марскія падарожжы”, выкананая ў тэхніцы афорта. З марскіх глыбінь з’яўляюцца дзіўныя істоты, якія разам са стыхіяй паглынаюць караблі мораплаўцаў. Сірэна спакуслівымі выгібамі аголенага цела хавае ў абдымках быццам цацачнае судна. Падводная лодка на недасягальнай глыбіні моцным пражэктарам асвятляе шлях. Гэтым жа пражэктарам погляд наш кінуўся па дыяганалі і спыніўся на гарадскіх метамарфозах, адлюстраваных у серыі “Стары горад”. Вобразы фантасмагарычныя, яны выбудоўваюць незвычайны асацыятыўны шэраг, у якім з’яўляюцца ўперамешку нахіленыя гітарычныя будынкі, сканцэнтраваныя ў адным месцы.

Ад трапнай дэталізацыі цягне на велічыню, манументальнасць. Перад намі работы з серыі Quo vadis?, выкананыя ў тэхніцы лінагравюры. Вострая, спіралепадобная лінія, нібы вір, стварае матэрыю, раскручваючы верацяно цывілізацыі (Orbis picture).

З цвердзі зямной прарастае вастраверхая Вавілонская вежа (Turris Ambitionis). Пабудова ўяўляе з сябе розныя ўзроўні эвалюцыі чалавецтва, Далей — “Вежа амбіцый” нахіленая, ледзь не выходзіць за межы карціннай плоскасці, утвараючы выразную дыяганаль.

Ад раздзіраючых светлавых і вобразных кантрастаў двух лінарытаў, погляд апускаецца ў сузіральны роздум. Яго прыцягваюць вядомыя, але па-новаму гучныя вобразы беларускіх гістарычных асоб — супярэчлівых, не падобных, надзеленых нябачанымі талентамі. Вялікая княгіня літоўская і каралева польская з міланскага роду Сфорца адлюстравана зусім юнай — арыгінальная знаходка аўтара, адыход ад звыклай іканаграфіі.

Гістарычныя асобы папярэдняй серыі плаўна падводзяць да “Войска Вялікага Княства Літоўскага”, выкананага ў тэхніцы афорта. Мастак з гістарычнай дакладнасцю аднаўляе падзеі войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім 16 — 17 стагоддзяў. Некалькі прац асабліва звяртаюць на сябе ўвагу — “Бітва пад Воршай. 1514 год” і “Бітва пад Палонкай. 1660 год”. Сцягі, што лунаюць, бой гарматных залпаў робяць чалавека ўразлівым, бездапаможным. Бітва пад Палонкай — кульмінацыйны паварот “Крывавага патопу”, які паклаў пачатак вызваленню беларускіх зямель. Разгледзеўшы ўсю серыю цалкам, дзівішся ведам мастака ў галіне ваеннай тэхнікі, зброі і абмундзіравання воінаў ВКЛ, ён няўхільна прытрымліваецца гістарычнай дасканаласці.

Творы выставы адсылаюць гледача да літаратурных крыніц, прымушаюць згадваць гісторыю.

Ксенія ЖУКОЎСКАЯ,
куратар выставы, мастацтвазнаўца