Перамога Брэсцкай крэпасці

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” браў удзел у цырымоніі ўручэння міжнароднай прэміі Ziva Award 2019 і быў удастоены галоўнай узнагароды, бо прызнаны лепшым славянскім аб’ектам спадчыны. Па словах загадчыка навукова-асветнага аддзела комплексу Аляксея Малочнікава, мерапрыемства ў чарнагорскім горадзе Бар ладзіў Міжнародны фонд “Форум славянскіх культур” пры падтрымцы Міністэрства культуры Чарнагорыі.

/i/content/pi/cult/766/16543/05.JPGФорум славянскіх культур — некамерцыйная няўрадавая арганізацыя, заснаваная ў 2004 годзе. Форум наладжвае кантакты паміж славянскімі культурамі і забяспечвае іх прысутнасць у глабальным кантэксце сучаснасці. А таксама — папулярызуе ўклад славянскіх краін у развіццё міжнароднага дыялогу.

На прэмію прэтэндавалі 25 музеяў з шэрагу краін: Беларусі, Босніі, Герцагавіны, Польшчы, Расіі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чэхіі. Пераможцаў вызначалі 13 музейных экспертаў са славянскіх краін і Еўрапейскай музейнай акадэміі. Цягам года яны наведалі ўсіх спаборнікаў на атрыманне прэміі і 4 кастрычніка падвялі вынікі галасавання. Лаўрэтамі сталі Дзяржаўны музей палітычнай гісторыі з Расіі (намінацыя “Лепшы славянскі музей”) і Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” (намінацыя “Лепшы славянскі аб’ект спадчыны”).

Застаецца дадаць, што славянская багіня Жыва ўвасабляе даўгалецце, маладосць і прыгажосць з урадлівасцю. Прэмія заснавана ў 2012 годзе. Мэта — распазнанне, заахвочванне, прасоўванне эксперыментаў, праектаў і практык музеялогіі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"