Духоўная танальнасць пакалення Незалежнасці

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

10 кастрычніка, напярэдадні Дня работнікаў культуры, у Беларускім культурным цэнтры духоўнага адраджэння, што месціцца ў Храме-помніку ўсіх святых, адбылася ўрачыстая імпрэза ў гонар тых, хто паводле слоў класіка, пакліканы “сеяць разумнае, добрае, вечнае”.

/i/content/pi/cult/766/16541/02.JPG/i/content/pi/cult/766/16541/01.JPGНа ўрачыстасці было агучана віншаванне Кіраўніка дзяржавы працаўнікам культурнай сферы, якое зачытаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. У сваю чаргу ён павіншаваў прысутных у зале і ўсіх, хто ўвогуле мае дачыненне да нашых дасягненняў у духоўнай сферы, хто штодня працуе дзеля захавання нацыянальных каштоўнасцяў і ўмацавання прэстыжу краіны ў свеце. Ён узгадаў здзейсненыя культурныя праекты, якія даюць беларусам трывалую падставу для гонару за сваю краіну і дзяржаву. Шырокі розгалас у Беларусі і за яе межамі атрымалі цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія Прэзідэнт краіны назваў Еўрапейскай Алімпіядай. Па словах міністра, гэтыя імпрэзы, калі перад вачыма гледачоў прайшла тысячагадовая гісторыя Беларускай дзяржавы, былі звернуты найперш да моладзі, да пакалення Незалежнасці, якому наканавана ўмацоўваць наш суверэнітэт, у тым ліку і суверэнітэт культурны.

Сярод важных падзей былі ўзгаданы: стварэнне помнікаў Льву Сапегу ў Слоніме і Гедыміну ў Лідзе, мемарыялаў у Курапатах і Трасцянцы, распачатае аднаўленне гістарычнага аблічча Гродзенскага замка, творчыя дасягненні тэатра і кінематографа нашай краіны. Міністр засяродзіў увагу на тым, што зараз паводле даручэння Кіраўніка дзяржавы ідзе праектаванне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, у архітэктурна-мастацкім рашэнні якога адбіліся перспектыўныя сучасныя IT-тэхналогіі. Канцэпцыя ўхвалена экспертнай супольнасцю. На думку міністра, музей стане нашым нацыянальным брэндам і ўмацуе турыстычны патэнцыял краіны.

Таксама ён згадаў, што далёка не ўсё, што ў сучасным мастацтве трактуецца як значнае, пасуе тым ідэалам, якім мы служым. Культура — мост паміж мінулым і будучым. І яе найважнейшая задача — захаванне беларускай ідэнтычнасці ў свеце, які імкліва змяняецца.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк згадаў уласны досвед на ніве культуры. Галоўная ж тэза ягонага выступлення — без самаахвярнай працы работнікаў культуры было б немагчымым існаванне дзяржавы і нацыі.

На ўрачыстасці прагучалі цёплыя словы ў адрас тых, хто рыхтуе кадры для сферы культуры. Прывітальные словы ў свой адрас з высокай ацэнкай працы прысутныя пачулі ад прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза. Настаяцель храма айцец Фёдар Поўны назваў культурніцкую дзейнасць боскай справай.

На ўрачыстае мерапрыемства сабраліся рупліўцы з усіх рэгіенаў краіны. Ва ўзнагародным спісе — уся геаграфія Беларусі: Мінск, Магілёў, Полацк, Віцебск, Буда-Кашалёва, Гомель, Ліда, Гродна… Спецыяльна для тых, хто раней ніколі не бываў у храме Усіх святых, які лічыцца сталічнай архітэктурнай славутасцю, была праведзена экскурсія. Перад гасцямі храма выступілі, упрыватнасці, маладыя беларускія артысты, якія ўжо засведчылі свой талент і прафесіяналізм, у тым ліку і на міжнародных конкурсах.

У часе імпрэзы працаўнікам культуры былі ўручаны ўзнагароды. Гэта ганаровыя граматы ад Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі, галіновага прафсаюза. Уганараваны былі не толькі тыя, хто непасрэдна задзейнічаны ў творчасці, але і рупліўцы, чыя праца не надта кідаецца ў вочы — тыя, хто стварае матэрыяльную аснову творчага працэсу./i/content/pi/cult/766/16541/03.JPG

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"