Разгорнем на плошчы карту краіны

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Рэжысёрам святкавання XV Дня беларускага пісьменства ўжо не першы раз выступае лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ніна ОСІПАВА.

 /i/content/pi/cult/173/1654/Razgornem.jpg

— Пятнаццацігоддзе свята вызначае і незвычайнасць цяперашняй дзеі, таму ў сёлетніх урачыстасцях мы намагаліся акрэсліць саму геаграфію Дня пісьменства, прадставіць тыя гарады, якія прымалі яго ў мінулыя гады. Такім чынам на плошчы перад Палацам культуры Барысава разгорнецца, па сутнасці, “карта Беларусі”.

— Няўжо вы прадставіце яе візуальна? Але як?

— Такія думкі былі спачатку: зрабіць вялізную выяву карты нашай краіны і адзначыць на ёй тыя гарады, дзе праводзіліся Дні пісьменства. Але потым зразумелі: пры наплыве людзей, які заўсёды збіраюць падобныя святы, змясціць такую карту дзесьці на плошчы будзе цяжкавата. Тым не менш, ідэя “карты Беларусі”, “карты Дня пісьменства” будзе ўвасоблена ў тых экспазіцыях, што разгорнуцца на плошчы. Кожны горад падрыхтаваў свае сюрпрызы: тут будуць і фотавыстаўкі, і дэманстрацыя вырабаў народных майстроў, і нацыянальныя кухні кожны рэгіён сам выбіраў, што ён будзе прадстаўляць, таму трэба чакаць разнастайнасці. Да таго ж, на прыступках Палаца культуры кожны горад зможа паказаць сваё спеўнае, танцавальнае, тэатральнае майстэрства.
Сёлета мы вырашылі асноўнае святочнае дзейства сканцэнтраваць на цэнтральнай плошчы. Але гэта не значыць, што свята атрымаецца надта “лакальным” — наадварот! На іншых пляцоўках, паводле традыцыі, па-ранейшаму будуць валадарыць кнігі, беларускае слова, нашы песні. У парку адбудзецца сапраўднае Свята дзяцінства, пачэснае месца на ім, бясспрэчна, зоймуць кнігі.
Свята прэсы таксама пройдзе на цэнтральнай плошчы. Такое перанясенне на цэнтральную сцэну тых выставак, якія ў мінулыя гады знаходзіліся на розных пляцоўках, толькі надасць ім вагу, узніме значнасць саміх выдавецтваў, часопісаў, газет, і іхніх прэзентацый. Змяняць яны будуць адно аднаго, адпаведна раскладу. Такім чынам, на плошчы ўвесь час штосьці будзе адбывацца — практычна без перапынку. А яшчэ на плошчы будзе ўсталяваны вялізны экран, асноўныя падзеі на якім можна будзе ўбачыць, як гаворыцца, буйным планам.

— Як будзе адбывацца традыцыйнае тэатралізаванае шэсце і непасрэднае адкрыццё свята?

— Тэатралізаванае шэсце, улічваючы, зноў-такі, юбілей свята, павінна атрымацца самым працяглым, у параўнанні з ранейшымі, і самым магутным. Яно рушыць на плошчу па праспекце Рэвалюцыі. У тэатралізаванай дзеі, паводле традыцыі, будуць увасоблены знакамітыя асветнікі нашай зямлі. Зноў-такі, мы наўмысна імкнуліся, каб гэтым разам свята “наведалі” гістарычныя асобы з розных куткоў Беларусі. Таму ўбачыць можна будзе не толькі Кірылу Тураўскага, Францыска Скарыну, Пятра Мсціслаўца, але і, да прыкладу, Давыда Гарадзенскага, Звеніславу — дачку князя Барыса, якая была паплечніцай Еўфрасінні Полацкай і пасля манаскага пострыгу прыняла імя Еўпраксія.

— Чыімі ж сіламі будзе ўвасоблена гэтая тэатралізаваная дзея?

— У ёй бяруць удзел артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, арт-група “Беларусы”, харэаграфічны ансамбль “Кордэс” са Слуцка і іншыя.
А далей распачынаецца ўшанаванне пераможцаў: падводзяцца вынікі традыцыйнага Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі”, а таксама ўжо другога па ліку Рэспубліканскага конкурсу “Залаты Купідон” на лепшы літаратурны твор года — гэты конкурс арганізаваны міністэрствамі культуры, інфармацыі, адукацыі, Мінгарвыканкамам, а таксама Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

— Свае адметнасці, вядома, мае і заключны гала-канцэрт свята?

— Канешне! І прадыктаваны яны былі абставінамі. Большасць артыстаў у гэтыя дні занятыя ў канцэрце ў Маскве, што ладзіцца ў межах грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Таму мы зрабілі акцэнт пераважна на творчай моладзі: гэта Юлія Гусева, Улада, Караліна, Віталь Пракаповіч і іншыя. Мы вельмі рады, што прыедзе Анжаліка Агурбаш, выступяць Гюнеш, гурт “Палац”. З прадстаўнікоў акадэмічнай музыкі ў канцэрце возьмуць удзел капэла “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута, знакамітыя оперныя зоркі Алена Сало і Рыгор Палішчук. Але спяваць яны будуць не сусветную оперную класіку, а вядомыя беларускія песні.

— А хто будзе весці канцэрт? Ад вядучых шмат у чым звычайна залежыць сама атмасфера, якая пануе на вечарыне.

— Вядучымі запрошаны артыстка Вера Палякова і тэлежурналіст Юрый Гроераў. Вельмі хацелася, каб пад час гала-канцэрта са сцэны гаварылася пра наша літаратурнае слова, пра нашу паэзію, музыку — і гучалі вершы ў добрым выкананні. Таму канцэрт набудзе некаторыя сюжэтныя абрысы. І калі Дзень беларускага пісьменства можна без перабольшвання назваць сапраўдным гімнам у гонар нашай мовы, дык такім павінен атрымацца і гала-канцэрт гэтага свята.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ