Краявід з буслянкай

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Больш як трыццаць гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, выбухнуў Чарнобыль. Рэха выбуху скаланула прастору ад Басфора да Гібралтара, але ў эпіцэнтры апынулася Беларусь. Для нас тады Час падзяліўся на “да” і “пасля”. Да Чарнобыля — пасля Чарнобыля. Як калісьці, да вайны — пасля вайны. У памятныя 90-я чарнобыльская тэма была стрыжнявою ў навуковых і палітычных дыскусіях. Праз яе асэнсаванне з’явіліся даволі цікавыя мастацкія і літаратурныя творы. Было ўсведамленне, што Чарнобыль — тое, што датычыць усіх і кожнага. А потым неяк сціхла… Бо доўгае знаходжанне пад цяжарам адмоўных эмоцый і роспачных думак не прымае чалавечая натура. Хочацца выйсця ў пазітыў. Таму згадваем мы Чарнобыль усё радзей і радзей.

/i/content/pi/cult/765/16539/023.JPGАле Чарнобыль і зона адчужэння вакол яго пры тым нікуды не падзеліся. Там нават жывуць людзі. Хтосьці — наездамі паводле службовага абавязку ці навуковага інтарэсу, а іншыя стала. Калі-нікалі з’яўляюцца тут і вандроўнікі. Хтосьці ахвочы да незвычайных пачуццяў ад сузірання рукатворнай пустэльні, якая можа выклікаць асацыяцыі з культавым фільмам “Сталкер”, а іншы шукае тут адказы на пытанні, чаму разышліся шляхі цывілізацыі і прыроды, і ці ні ёсць адчужэнне чалавека ад сваіх каранёў знакам разбурэння асобы і соцыума.

Нямецкі мастак Герман Бус належыць якраз да тых, хто шукае ў зоне адчужэння адказу на гэтыя пытанні. Пачынаючы з 2015 года ён некалькі разоў наведваў Чарнобыльскую зону. Магчыма, зыходна мастак чакаў убачыць тут на прыкладзе асобна ўзятай краіны сцэнарый глабальнага Апакаліпсіса. А знайшоў, як пішацца ў анатацыі да выставы, “ціхую ўрачыстасць спустошанага свету, які надалей існуе без чалавека, якому тут месца больш няма”. Можна падумаць, што гаворка ідзе пра “разбурэнне навакольнага асяроддзя”, але насамрэч з гэтага асяроддзя сышоў толькі чалавек, а прырода жыве і надалей паводле сваіх уласных законаў. У беларускага паэта ёсць радкі пра Чарнобыль: “Вы чулі слова “нішто”? Я гэта слова бачыў…” Карціны Буса як ілюстрацыя да гэтай сентэнцыі.

Персанальная выстава нямецкага творцы праходзіла ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці) у верасні. Яе назва “Палеская элегія. Страчаная зямля”. Палессе ў нас звыкла лічылася краем некранутай прыроды (наколькі ўвогуле сёння прырода можа быць некранутай), запаведнікам традыцыйнай культуры і апірышчам беларускай ментальнасці. Творы Германа Буса — аповед пра страчаную гармонію. “Нас яшчэ не было, але быў лес. Нас не будзе, але будзе лес” — гэта эпіграф да выставы. Атрымліваецца, што наведваючы паслячарнобыльскае Палессе, Герман Бус нібыта зазірнуў у будучыню, дакладней — убачыў адзін з яе магчымых варыянтаў.

Пабачанае мастак узнаўляе з фатаграфічнай дакладнасцю. Такі стылёвы напрамак называецца гіперрэалізмам і найлепшым чынам падыходзіць да абранай творцам тэмы. Бо тут няма патрэбы штосьці прыдумляць, нагрувашчваць жарсці і скарыстоўваць спецыяльныя выяўленчыя эфекты. Дастаткова максімальна дакладна намаляваць тое, што ёсць. Дастаткова проста сказаць/паказаць праўду.

У некаторых вёсках мастак сустрэў самотных старых людзей, якія вярнуліся дадому, бо не захацелі жыць на адсяленні. Іх партрэты на тле такіх жа самотных хат, бадай, самыя моцныя па ўздзеянні на гледача карціны.

І толькі, здаецца, адно палатно ўносіць мажорны дысананс у гэтую паэму смутку. На ім выява буслінага гнязда. Буслы селяцца побач з людзьмі. Значыць, і людзям накаванана сюды вярнуцца.

Творчы праект рэалізаваны сумесна з евангелісцка-лютаранскай царквой Гановера і Гомельскім абласным дабрачынным фондам “Здароўе дзяцей”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"