Рэспубліка Рашыда

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Сельскі Дом культуры аграгарадка Прусы незвычайны не тым, што ў краіне такіх па памерах будынкаў, у якіх функцыянуюць установы адпаведнага профілю, па пальцах адной рукі можна злічыць — трапляюцца ў вёсках будынкі і больш кампактныя. Як мне думаецца, у любога чалавека, нават не звязанага па родзе сваёй дзейнасці з культурай, у першую чаргу цікаўнасць павінен выклікаць той, хто стаіць на чале СДК. Ну, а ўжо ў другую і ў наступныя — чым слаўны ён у працы…

/i/content/pi/cult/765/16535/017.JPGДом культуры як крэпасць і майстэрня

Мама дырэктара сельскага Дома культуры Рашыда Пірвердзі аглы Гасанава — беларуска, тата — азербайджанец. Бацькі яго пазнаёміліся ў Казахстане, калі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ішло засваенне тамтэйшых цалінных зямель.

— Нарадзіўшыся ў Беларусі, большую частку гадоў са сваіх пяцідзесяці сямі я пражыў у Азербайджане, — распавядае спадар Гасанаў. — Але, дзіўная справа, у ім я сябе адчуваю беларусам, дакладней чужынцам, а тут — азербайджанцам.

Па адукацыі Рашыд інжынер-аўтаматык, працаваў на горна-абагачальным камбінаце ў Дашкесане. І як часта адбывалася ў постперабудовачныя гады, калі нейкія прафесіі аказваліся незапатрабаванымі, аднойчы і ён перакваліфікаваўся ў мастацкага кіраўніка тады яшчэ Дома культуры ў Палажэвічах, куды пераязджала яго мама. У гэтым аграгарадку зараз спадар Гасанаў і жыве, дваццаць гадоў “змагаючыся” на айчынным “культурным фронце”: у актыве майго суразмоўцы і дырэктарства ў гарадскім Доме культуры ў Слуцку. Працуе ж Рашыд сёння менавіта ў Прусах.

— Калі я дзесьці чую, што ў беларускую культуру ўкладаецца недастаткова сродкаў, кажу, а вы едзьце ў азербайджанскую глыбінку і паглядзіце, што ў ёй адбываецца! — гарачыцца візаві. — Так, у буйных гарадах ёсць аб’екты культуры, якія з’яўляюцца нацыянальным здабыткам, ёсць, што называецца, “выставачныя” ўстановы, на перыферыі неяк падтрымліваецца знакавая гістарычная спадчына, але ў цэлым беларуская культурная правінцыя выгадна адрозніваецца ад азербайджанскай.

Рашыд дакладна ведае, пра што кажа, бо і Азербайджан ім не забыты, і ў бліжэйшых да Прусаў вёсках ён рэгулярна бывае — у зоне абслугоўвання СДК іх некалькі.

— Там і нашых артыстаў любяць, і да мяне стаўленне своеасаблівае, — усміхаецца Гасанаў. — Я як бы для мясцовых жыхароў па-ранейшаму і іншаземец, — а ў прысутнасці іх яшчэ савецкія грамадзяне дэманстравалі свае самыя лепшыя чалавечыя якасці, аднак ужо даўно родны, а са сваім можна так, па-простаму!

Але спуску моладзі ён не дае. Напрыклад, некалькі гадоў таму падлеткі аграгарадка групаваліся непадалёк ад Дома культуры, ведучы сябе па-рознаму. І такія паводзіны некалькі паднадакучылі Рашыду. Неяк падышоў ён да шумнай кампаніі, злёгку паўшчуваў за шалупінне ад семак і ненарматыўную лексіку рэпераў, што даносілася з навушнікаў, і паклікаў хлопцаў і дзяўчат у СДК. Маўляў, чаму ў яго не ходзіце? Там можна пагуляць у шахматы і ў настольныя тэніс з футболам. Хочаце нармальную музыку, без ненарматыўнай лексікі? Будзе вам дыскатэка. Хочаце навучыцца прыгожа спяваць фольк? Ласкава просім! І, што вы думаеце, маладыя ды раннія на запрашэнне адгукнуліся! Цяпер хтосьці з іх займаецца ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва саломапляценнем, выцінанкай, выпальваннем па тканіне і скуры. Нехта выконвае народныя песні ў вакальным гурце, з часам рыхтуючыся перайсці ў народны фальклорны калектыў “Прусаўчанка”, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека. Дарэчы, узначальвае яго мастацкі кіраўнік СДК Марына Мікалаеўна Гасанава — жонка Рашыда.

— Дом культуры — гэта такая мая маленькая рэспубліка, крэпасць, — з гонарам прамаўляе дырэктар. — Вось толькі шкада, што я не спяваю, а то б навучыў беларусаў выконваць і каўказскую аўтэнтыку. Затое арганізоўваю шахматныя турніры, нават бацюшка з нашага храма ў іх гуляе!

Аднак, прызнае Рашыд Гасанаў, такой ужо вялікай колькасцю гурткоўцаў аб’яднанні пахваліцца не могуць. Прымаў ён установу ў той час, калі ў класах мясцовай школы налічвалася па дваццаць чалавек, зараз у іх вучыцца людзей значна менш. Цяпер і насельніцтва аграгарадка не дацягвае і да чатырохсот жыхароў. Але фарміраванні СДК папаўняюцца за кошт некарэнных — іх дастаўляюць у Дом культуры з шэрагу размешчаных населеных пунктаў.

— Мне мала верыцца ў тое, што моладзь можна будзе ўтрымаць у тых вёсках, дзе няма буйных прадпрыемстваў і развітой інфраструктуры, якая ўключае і ўстановы культуры, — дзеліцца дырэктар. — Яна з’язджае туды, дзе ёсць магчымасць выбару з самых розных прафесій, кар’ерныя перспектывы, іншы заробак, сучасныя бытавыя выгоды, прапануецца які заўгодна вольны час. І ніякімі размовамі, абяцаннямі яе не спыніць…

Мяркуючы па вонкавым выглядзе “гідаў з народа” па Прусах, сумніўных хіп-хопераў дванаццацігадовыя Аляксандр Пальчык і Сяргей Высоцкі калі і слухаюць, то толькі для таго, каб быць у курсе сённяшніх музычных тэндэнцый. А шалупінне яны складаюць, мабыць у прызначаныя для яе пакуначкі. Ахайныя, усмешлівыя хлопцы ў нацыянальнай вопратцы адразу здаліся мне прыдатнымі ў якасці тых, хто шчыра распавёў бы “К” аб культуры аграгарадка. Звярніце ўвагу, дарэчы, на тое, як выбудаваная іх гаворка, наколькі разумныя выказванні падлеткаў, што я правіў мінімальна.

Каментарый Аляксандра ПАЛЬЧЫКА і Сяргея ВЫСОЦКАГА:

— Нам падабаецца займацца фальклорам, проста мець зносіны з бабулямі з ансамбля “Прусаўчанка”, даведвацца ў іх аб нацыянальных традыцыях, уласцівых раёну. Можа, мы ўжо выраслі з таго ўзросту, калі ніяк не нагуляешся з камп’ютарам і не нагаворышся ў сацыяльных сетках. А тут такія цікавыя людзі, якія распавядаюць аб гісторыі Прусаў, што вучаць правільна выконваць старадаўнія абрады. Хутчэй за ўсё, скончыўшы школу, мы наўрад ці звяжам свае жыцці з народнай культурай, прыцягваюць больш тэхнічныя прафесіі, але цяперашняе хобі разам з нейкімі іншымі рэчамі фармуе нашы ўнутраныя светы.

Вядома, нам неабыякава тое, што будзе адбывацца з аграгарадком, з бацькамі, калі мы адсюль паедзем паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ці змогуць і далей існаваць фальклорныя калектывы альбо яны без прытоку новых людзей ды ідэй стануць паволі паміраць. Нельга сказаць, што гэта мы адны такія дзіўныя сярод аднагодкаў: дырэктар Дома культуры шмат сіл прыклаў да таго, каб нашы равеснікі і тыя, хто старэйшыя, сышлі з вуліцы, перастаўшы там бессэнсоўна боўтацца. Аднак усіх жа не перацягнеш. Таму сёння культуру Прусаў рухаюць у асноўным тыя ж бабулі і нязначная частка моладзі. Але калі аграгарадок адзначае вялікае свята, на вуліцы высыпаюць усе яго жыхары!

Па адносінах да айчыннай культуры, да Сінявокай наогул дырэктар СДК Рашыд Гасанаў цалкам наш чалавек. З яго шчырымі любоўю да краіны і перажываннямі за справу, якой ён ужо аддаў два дзесяцігоддзі ўласнага жыцця. Назіраючы за ім, услухоўваючыся ў яго маналогі, я лавіў сябе на думцы, што паболей бы такіх людзей у беларускай культуры, у беларускім грамадстве, можа, тады б вясковая моладзь яшчэ раз падумала, а ці варта ёй пакідаць родны край? Зрэшты, не мне, гарадскому, сур’ёзна разважаць аб такіх складаных матэрыях.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"