“Беларускі Дом друку”

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Выдавецтва “Беларускі Дом друку” — прадпрыемства легендарнае. Газеты і часопісы, кнігі і буклеты, плакаты ды мноства іншай прадукцыі друкуецца тут.

 /i/content/pi/cult/173/1653/Dom-druku.jpg

Выдавецтва прайшло нялёгкі шлях рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання. Сышлі ў нябыт лінатыпы і ручны набор, ім на змену прыйшлі камп’ютэры і новыя друкарскія машыны. “Пламаг” — машына мінуўшчыны, “Роланд” — цяпершчыны. Нашай газеце пашчасціла: спецвыпуск гэтага нумара, наклад якога цалкам пайшоў на Дзень пісьменства ў Барысаве, надрукавалі на самай сучаснай друкарскай машыне — “Роланд-705”.
Успамінае Барыс КУТАВОЙ, гендырэктар выдавецтва “Беларускі Дом друку” ў 1984 — 2003 гг.:
— Я працую на прадпрыемстве 48 гадоў. Яно сапраўды легендарнае. Пад час Вялікай Айчыннай вайны лінатыпістка Вера Мацкевіч адлівала ў дзень па адным радку “Прысягі партызан Беларусі” і праз сувязных перадавала ў атрад. Мне давялося працаваць з Верай Мікалаеўнай у 1960 — 70 гады.
Раман АЛЕЙНІК генеральны дырэктар выдавецтва “Беларускі Дом друку”:
— Лічбы — гэта самы пераканаўчы фактар. За год мы друкуем 882 мільёны асобнікаў газет, 8 мільёнаў кніг, 13 мільёнаў часопісаў і каля 900 тысяч пашпартоў. Каб асвоіць гэтыя аб’ёмы, штогод нам патрэбна больш за 32 тысячы тон паперы — гэта састаў з 546 чыгуначных вагонаў!
У Дзень пісьменства я жадаю кліентам творчых поспехаў, а якасць друку мы гарантуем.
Мікалай ПАРШУТА, першы намеснік гендырэктара выдавецтва:
— Сёння “Беларускі Дом друку” валодае самым сучасным абсталяваннем, здатным забяспечыць паліграфію сусветнага ўзроўню. Мы супрацоўнічаем з найлепшым вытворцам друкарскіх машын, кампаніяй “Манроланд”, якая займае 40 працэнтаў сусветнага рынку. Новы агрэгат “Роланд-705” быў набыты намі нядаўна. Гэта пяціфарбавая машына фармату “В-1” (720 х 1040 мм) для друку на ўсіх відах паперы. Вытворчыя здольнасці “Роланда”— 16 тысяч адбіткаў у гадзіну. Прыкладам, гэты спецвыпуск “Культуры” машына аддрукавала за 55 хвілін. 

Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара