Эфект дэжа вю

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Мяркуючы па водгуках замежных турыстаў, Беларусь умее і можа здзіўляць, прычым, прыемна. А вось замежжа з кожнай маёй выправай здзіўляе ўсё меней. Так здарылася і гэтым разам, калі дзякуючы праграме Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі група беларускіх журналістаў і дзеячаў культуры змагла азнаёміцца з культурнымі ландшафтамі цяперашняй Нямеччыны. Мы лішні раз пераканаліся, што прэзентаваць краіну могуць не толькі вылізаныя да бляску адметнасці цэнтральных вуліц, але і лофтавыя задворкі, пераўтвораныя ў цікавыя арт-пляцоўкі. Зрэшты, не тое каб у нас нехта ў гэтым сумняваўся…

/i/content/pi/cult/764/16521/016.JPGПясочніца для ўрбаністычных гульняў

Воляй выпадку нас пасялілі ў гатэль, які размяшчаецца літаральна ўсутыч да знакамітага ў мінулым арт-цэнтра “Тахелес”. Іронія лёсу ў тым, што пакуль мы знаходзіліся ў Берліне, кунстхаўс часова адрадзіўся ў Мінску — у культурным хабе Оk16 ладзілася вялізная выстава беларускага хэдлайнера “Тахелеса” Алеся Родзіна ды яго нямецкіх паплечнікаў. А вось сам берлінскі гмах пустуе ўжо восьмы год. Выжыўшы адтуль мастакоў, уласнік доўга не мог знайсці для яго прымянення. Праўда, млявыя варушэнні будаўнікоў на аб’екце намі такі былі заўважаныя. Ходзіць пагалоска, што неўзбавае там будзе цэнтр фатаграфіі — зразумела, куды больш рэспектабельны, чым колішні арт-сквот.

У тым, што “Тахелес” у сваім першапачатковым абліччы адышоў у мінулае, не сумняюцца нават ягоныя завадатары. Бо здабыткам гісторыі ўжо стала і ягоная эпоха, кульмінацыяй якой, зразумела ж, было падзенне Берлінскага мура.

Тым часам, непадалёк адтуль ладзіцца новы ўтапічны праект — гэтым разам ужо ХХІ стагоддзя. На цэнтральнай для ўсходняга Берліна Аляксандрпляц у пачатку 1970-х быў збудаваны Дом статыстыкі — вялізны гмах, дзе размяшчалася адпаведнае ведамства ГДР. Гадоў дзесяць таму ён канчаткова быў закінуты і цяпер зеўрае пустымі аканіцамі, кантрастуючы з усё больш рэспектабельным наваколлем. Думкі пра тое, што з ім рабіць, узнікалі розныя. І вось, адным цудоўным ранкам на яго фасадзе з’явіўся банер, дзе сцвярджалася, што адгэтуль тут знаходзіцца цэнтр сацыякультурных даследаванняў.

Гэта было чыстай вады хуліганствам невялічкай групкі актывістаў. Але муніцыпальныя ўлады паставіліся да іх дэмаршу на здзіў лагодна. І неўзабаве супольнымі намаганнямі дзвюх буйных установаў — Інтытута сучаснага мастацтва KW і Цэнтра мастацтва і ўрбаністыкі — такі цэнтр і сапраўды быў створаны. Ініцыятыва пад назвай Statista — маладая і смелая ажно да крайнасці. Хаця фінансуе яе дзейнасць Сенат Берліна.

Галоўная мэта — стварыць нейкую новую, утапічна-сацыялістычную мадэль трансфармацыі гарадскога асяроддзя, адначасова вырашыўшы і экалагічныя пытанні. Пра вышыню палёта думкі сведчыць хаця б адзін з праектаў: заснаванне новай крыптавалюты на аснове жыцця пчаліных папуляцый (беларускія бортнікі, пра якіх мы пісалі ў мінулым нумары, як бачым, і сапраўды ў трэндзе). Вуллі ўжо размешчаныя — непасрэдна ў Доме статыстыкі.

Зрэшты, ёсць там і больш прыземленыя праекты. Скажам, завадатары ініцытывы збудавалі пляцоўку, дзе могуць ладзіць свае прыватныя вячоркі жыхары найбліжэйшых дамоў. Як патлумачыла ўдзельніца Statista Алеся Вікцюк, у выніку працэсаў джэнтрыфікацыі жыхарам навакольных дамоў цяпер няма дзе сустракацца, і такое месца агульнага карыстання павінна вырашыць гэтую праблему.

/i/content/pi/cult/764/16521/017.JPGПрарочыць, што з гэтага ўсяго атрымаецца, ніхто пакуль не наважыцца. Але спагадлівае стаўленне муніцыпальных уладаў да смелых урабаністычных праектаў, напэўна, можна назваць мудрым. А раптам з тых вулляў і сапраўды пацякуць мядовыя рэкі?

Пагатоў, пляцоўка ўжо набывае папулярнасць сярод багемы. У кожным разе, менавіта ў занядбаным двары Дома статыстыкі, паміж купаў будаўнічага смецця вышынёй у чалавечы рост, і адбывалася вечарына адкрыцця Берлінскага тыдня мастацтваў.

Сярэдняя тэмпература па бальніцы

Ангары колішняга аэрапорта “Тэмпльхоф”, дзе праходзілі цэнтральныя падзеі тыдня, таксама нагадвалі пчаліны рой: галерысты, мастакі, калекцыянеры… Там таксама магічным чынам выпрацоўвалася своеасаблівая крыптавалюта: той сімвалічны капітал, які найперш і ўтварае рынкавыя кошты на творы сучаснага мастацтва.

Патлумачыць нашаму чалавеку, што такое Berlin Art Week вельмі проста. Гэта калі ўзяць “Арт-Мінск” і памножыць яго мінімум на тры, а то і на пяць. Але структура падобная: падзея аб’ядноўвае мноства суб’ектаў арт-працэсу, кожны з якіх вольны пакласці ў агульны казан нейкі ўласны інгрыдыент — на свой густ. І ў выніку атрымліваецца вялікі фэст, здатны прыцягнуць болей увагі за мноства лакальных імпрэзаў. Карацей, эфект сінэргіі.

Каардынуе гэтыя разнавектарныя высілкі арганізацыя пад назвай “Культурныя праекты”. Педантычныя немцы ў самой назве вытлумачылі ўсю яе сутнасць: структура, штат якой налічвае некалькі соцень чалавек, займаецца правядзеннем маштабных акцый, для якіх неабходна аб’ядноўваць высілкі размаітых дзейных асобаў — напрыклад, Ночы музеяў. І такі досвед, канешне, варты ўвагі.

Прабегшыся па вялізных ангарах аэрапорта, я ізноў злавіў эфект дэжа вю. Калі браць агулам, гэта прыблізна такое самае мастацтва, якое мы бачым падчас “Арт-Мінска”. З аднаго боку, яго наўрад ці назавеш традыцыйным ці, пагатоў, акадэмічным (хаця, канешне, усё залежыць ад разумення абодвух тэрмінаў). З іншага — тут няма ані ідэйнага радыкалізму, ані няўрымслівых фармальных эксперыментаў, уласцівых contemporary art яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму. Няма рэзкіх жэстаў, няма выклікаў публіцы. Агульны эмацыйны фон — дастаткова роўны.

Не так і шмат чыстага канцэптуалізму: відавочна, цяперашніх мастакоў усё болей прываблівае не задума, а яе ўвасабленне. А гэта хоцькі-няхоцькі вымагае валодання пэўнымі тэхнікамі працы з матэрыялам. І калі нашы аўтары, як падаецца, паволі дрэйфуюць ад фарматворчасці да прэрагатывы ідэі, у Берліне і ваколіцах вектар руху, мяркуючы па ўсім, адваротны.

Прычым атрымліваецца не заўсёды ўдала: праца з матэрыялам патрабуе таго акадэмічнага вышкалу, за які так крытыкуюць айчынную мастацкую адукацыю. І пабачыўшы ў дарагой галерэі скульптурныя выявы аголенага цела, мы адзінадушна прыйшлі да высновы, што ў БДАМ іх аўтарка не вучылася. Прынамсі, яна б тую ўстанову не скончыла.

Магчыма, акрэсленая мною карціна тлумачыцца самім характарам выставы — усё ж, гэта арт-кірмаш, які ставіць за мэту не толькі паказаць, але прадаць. Таму многія экспанаты неўзабаве перакачуюць у інтэр’еры чыіхсьці пентхаусаў. Аднак іншыя арт-лакацыі, наведаныя намі падчас паездкі, такія ўражанні адно падмацавалі. У тым ліку, і колішні бункер, збудаваны нацыстамі ў духу паладыянскіх вілаў, а ўжо ў наш час пераўтвораны мультымільянерам і апантаным калекцыянерам Крысціянам Борасам у прыватны арт-цэнтр. Там выстаўляюцца творы не мэтраў, але мастакоў адносна маладых. Ад іх чакалася дзёрзкасць і няўрымслівая цяга да парушэння канвенцый. Чаканні не спраўдзіліся: здаецца, ніхто з нашай групы не быў здзіўлены ды ўражаны ўбачаным.

Думаецца, калі наступным разам нехта возьмецца крытыкаваць “Арт-Мінск” за лагоднасць, яму не варта рабіць адсылкі да замежжа і сцвярджаць, што мы “не дацягваем”. Бо праўда ў наступным: правакацыйнасць і эмацыйны напал ужо нідзе ў свеце не з’яўляюцца неад’емным складнікам contemporary art.

Добра гэта ці не, меркаваць не бяруся. Як і настойваць на аб’ектыўнасці сваіх назіранняў. Усё ж, гэта погляд мімаходзь і з вышыні птушынага палёту — без занурвання ў дэталі, ад якіх часта шмат што залежыць.

Займальны атракцыён

Відавочна адно: такое ўраўнаважанае мастацтва можа быць значна бліжэй да сённяшняга рэцыпіента. Гэта засведчыла і наша вандроўка ў Лейпцыг. Старая электрастанцыя на яго ўскраіне была пераўтвораная ў мультымедыйны цэнтр Kunstkraftwerk. Ён прыватны і, па словах дырэктара Маціаса Віснера, сябе не акупляе, а таму існуе выключна дзякуючы любові сваіх уласнікаў да хараства. Як і ці не ўсе айчынныя праекты падобнага кшталту.

Паглядзеўшы папярэдне пару падборак нямецкага відэа-арта, які вылучаецца сваёй інтравертнасцю, я, што называецца, “запасся папкорнам”, чакаючы ўбачыць нешта падобнае. Аднак замест занудлівых экперыментаў публіцы прапануецца займальны атракцыён з ажыўленнем карцін вядомых мастакоў па ўсіх паверхнях залы. Тут ёсць і эфектны візуальны дызайн, створаны камандамі прафесіяналаў, і цалкам аўтарскія выказванні — як, напрыклад, праца японскага мастака Юкі Анаі “Пад дажджом”. Але ўсё ўбачанае адпавядае адзінаму крытэрыю: яно відовішчнае і здатнае захапіць нават “гледача з вуліцы”.

Добра гэта ці не? Не ведаю.

Далейшы пункт у праграме — колішняя тэкстыльная фабрыка агульнай плошчай пад сотню тысяч “квадратаў”, якая стала арт-кластарам. Магчыма, яшчэ гадоў пяць таму брутальныя прамысловыя памяшканні, пераўтвораныя ў выставачныя залы, маглі выклікаць у нашага чалавека здзіўленне. Сёння ж гэта ўспрымаецца як нешта звыклае: падобных лофтавых прастораў на Беларусі панаадкрывалася процьма. Прычым многія з іх куды больш жвавыя, чым тая лейпцыгская.

Зрэшты, сёе-тое з нямецкага досведу нам адназначна варта было б пераняць. Напрыклад, дыферэнцыраваны падыход да кошту арэнды. У былой фабрыцы тыя плошчы, якія здаюцца пад майстэрні або галерэі, абыходзяцца арандатарам у разы танней, чым месца пад краму ці кавярню. Але ў выніку выйграюць усе: мастацтва прываблівае ў гэтыя выселкі публіку. А значыць, і кліентаў ды пакупнікоў.

Насычаная праграма ставіла за мэту паказаць той станоўчы досвед, якім краіна можа папраўдзе ганарыцца. Без сумневу, гэта атрымалася. Прафесіяналы з Беларусі, на якіх і была разлічаная вандроўка, высілкі арганізатараў ацанілі на выдатна.

Але пры гэтым нельга не адзначыць і наступнае: вялізны разрыў паміж сітуацыямі “там” і “тут”, які назіраўся яшчэ колькі гадоў таму, нівелюецца з неверагоднай хуткасцю. Тое, што яшчэ ўчора здавалася смелым і новым, сёння ў нас ужо завядзёнка. Здзіўляцца, на жаль, даводзіцца ўсё радзей.

Але як сведчыць замежны досвед, ніякія захады не здатныя вырашыць усіх праблем у сферы мастацтва. Праблемы ўзнікаюць новыя — часам там, дзе іх зусім не чакаеш. І таму няма сумневу, што ад нудоты мы не памрэм.