Свет на скрутку

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — у зале выяўленчых і відэадакументаў — праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка «Свет на скрутку», прысвечаная старажытнаму мастацтву Кітая.

 /i/content/pi/cult/173/1652/Svet.jpg

Як зазначыла адна з арганізатараў экспазіцыі, супрацоўніца сектара выяўленчых дакументаў, бібліятэкар Іна Рыньяк, прадстаўленыя на выстаўцы рэчы былі перададзены бібліятэцы пяцьдзесят гадоў таму. Усяго ў НББ захоўваецца каля 15 унікальных твораў.
— Скруткі бываюць гарызантальныя і вертыкальныя, — распавядае Ірына Рыньяк, — маюць памеры ў даўжыню ад 2 да 20 метраў і ўяўляюць сабой злучэнне каліграфіі, жывапісу і паэзіі. У экспазіцыі ёсць рэпрадукцыі карцін кітайскай дынастыі Су, іншых эпох. Частка твораў ахоплівае перыяд з Х па ХІІІ стагоддзі — той час, калі на тэрыторыі Беларусі існавала магутная сярэднявечная дзяржава — Полацкае княства, у якім пачало зараджацца беларускае пісьменства, стварылася адметная культура.
У экспазіцыі паказаны рэпрадукцыі карцін і больш позняга перыяду — ХІІІ— ХV стагоддзяў. Танальнасць усіх іх — няяркая, стрыманая. Вельмі папулярным на світках было адлюстраванне гор, птушак, кветак, вады. Завяршае экспазіцыю работа ХVІ стагоддзя з выявай іерогліфа: на старажытных скрутках маляваліся не толькі кветкі і пейзажы — яны ўключалі ў сябе і каліграфію.
Усяго ў экспазіцыю ўвайшло больш за 100 дакументаў. Тут можна пазнаёміцца з паштоўкамі — народнымі карцінкамі старога Кітая, артыкуламі, прысвечаным кітайскімі скруткам, мастацкімі альбомамі, перыёдыкай, прадстаўленай рознымі часопісамі.
Выстаўка “Свет на скрутку”, адкрытая 28 жніўня і прымеркаваная да Алімпійскіх гульняў у Пекіне, працягне сваю працу да 13 кастрычніка. Яна будзе цікавая ўсім, каго прываблівае старажытнае кітайскае мастацтва.

 Наталля КІРПІЧЭНКАВА