Талент вялікай любові да жыцця

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Мастацтва жыць — гэта мастацтва радасці ад жыцця і любові да яго. Такі талент, мяркую, не даецца ад нараджэння. Ён — карпатліва выхоўваецца. Кім? Адказаў тут, напэўна, шмат. Да месца і сям’ю згадаць, і школу… Але я — пра бібліятэку і клуб, якімі кіруюць прафесіяналы. У такім выпадку ўстанова культуры дбае не толькі пра эканамічныя перамогі. Думаць пра гэта падштурхнуў факт з сацыяльных сетак: новы кіраўнік ДК пасёлка Ялізава (Асіповіцкі раён) — маладая Вольга Шахава спрабуе зрабіць установу сталым месцам яркіх жыццесцвярджальных тусовак моладзі.

/i/content/pi/cult/764/16518/012.JPGСправа ў тым, што Ялізава — пасёлак перспектыўны, можна сказаць, маладзёжны, бо тут дзейнічае гута — адна з вядучых на Беларусі. Быў я некалькі гадоў таму ў Ялізаве, пабачыў, як працуе колішні дырэктар ДК — пенсіянер… Сёння няўрымслівая Вольга Шахава спрабуе ўсіх абудзіць. Нібыта атрымліваецца. “Толькі не перахваліце,” — папярэджвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама Ірына Раманчук, якая з адабрэннем прыглядваецца да стылю працы маладой каляжанкі, але баіцца справу сурочыць. Не перахвалю. Але праз час, думаю, варта Ялізава наведаць, каб у ахвотку патусавацца ды больш прадметна ўзняць тэму выхавання таленту вялікай любові да жыцця. А пакуль пра гэты самы талент — у нашым сённяшнім ліставанні.

Рэха Дня бібліятэк. 80-гадовы юбілей адсвяткавала Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка. Супрацоўнік аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Ефціфеева распавядае: “Да знамянальнай даты прымеркавалі літаратурны конкурс “Вясёлка сугуччаў”. Аўтары даслалі 38 твораў. У кожнай з пяці намінацый журы вызначыла пераможцу. Імі сталі Валянціна Літошык (“Віншаванне бібліятэкару”), Зінаіда Навасад (“Вершы аб бібліятэцы”), Валянціна Пігас (“Вершы пра кнігу”), Валянціна Саўчук (“Апавяданні аб бібліятэцы”) і Таццяна Сацук (“Апавяданні пра кнігу”). Пераможцаў узнагародзілі на паэтычным нон-стопе “Кніжная імперыя”. Вельмі рэдкі выпадак канкрэтнага ды дзейснага падыходу да развіцця творчага чытацкага пачатку. Таму і паставіў гэтую інфармацыю на першае месца — цікава! Малайчына Наталля Ефціфеева: каротка і канкрэтна.

/i/content/pi/cult/764/16518/013.JPGА вось артыкул той жа спадарыні Наталлі пра гісторыю бібліятэкі-юбіляра — на чатырох аркушах. “К”, безумоўна, шчыра віншуе калектыў з 80-годдзем установы. Але ў нас кожная раённая кніжніца — такая ж слаўная. Для падрабязных справаздач месца хранічна не стае. А вось змест сацыяльна-культурных праектаў (іх назвы ні пра што не гавораць) варта было б расшыфраваць.

Аліна Санюк з Ашмян напісала пра бібліятэкара з Кальчуноў Алену Шкелду. Днямі паўвека споўніцца, як яна працуе ў сферы сельскай культуры. Мяне ў свой час Алена Адольфаўна ўразіла надзвычайна. Але спачатку працытую сёе-тое з пісьма: “Яна дзяўчынкай за кіламетр бегла ў бібліятэку, каб дакрануцца да кніжнага царства. Часам бібліятэка была зачынена. Тупаючы пад дзвярыма, Алена дала сабе слова: як толькі стане бібліятэкарам, дык ніколі не дазволіць, каб яе чакалі”. Залатыя словы. Так яно і атрымалася на справе. Шкелда — гэта вечны рухавік. У свой час была прызнана лепшым бібліятэкарам Гродзеншчыны. Установа яе не зачыняецца да 21 гадзіны. Цягам 35 гадоў Алена Адольфаўна — дэпутат сельсавета. Дзіцячая пляцоўка, мост, сад у Мардасах — гэта ўсё яе справы, якія і іншым не даюць заспакоіцца. Вакол яе гуртуюцца на сяле не толькі сталыя, але і моладзь.

Свята ў вёсцы пачынаецца, калі сюды дабіраецца аўтабібліятэка. Спецыялісты Мастоўскай райбібліятэкі супрацоўнічаюць з работнікамі сельскага клуба “Азёркі”. Днямі яны разам скіраваліся ў экспрэс-маршрут “Нам 75!”, прымеркаваны да юбілею Гродзеншчыны. Для жыхароў вёсак Котчына, Букштава і Малыя Азёркі паказана літаратурна-музычная кампазіцыя “Гродзенская зямля — радзіма твая і мая”. Гаворка ішла пра культурную спадчыну і знакамітых людзей вобласці, пра гістарычную мінуўшчыну і сучаснае развіццё Мастоўскага раёна. Бібліятэкар бібліёбуса аддзела абслугоўвання і інфармацыі Мастоўскай раённай бібліятэкі Алена Арлова напісала: “Нельга было не згадаць і пра гонар вобласці, брэнд гэтай мясцовасці — знакамітую Котчынскую кадрылю, якая больш за сорак гадоў карыстаецца папулярнасцю ў тутэйшых насельнікаў. Яе і сталыя танцуюць, і маладыя.”

Наталля Казарэз — метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі распавяла пра вулічную акцыю “Радуйцеся разам з намі”. Бібліятэкары віншавалі чытачоў з восенню, зычылі здароўя, дабрабыту і запрашалі да сябе ў госці, уручалі віншавальныя паштоўкі і святочныя шары. А ў самой бібліятэцы дзяцей чакалі квэст і пастаноўка казкі “Рэпка на новы лад” у выкананні бібліятэчнага аматарскага аб’яднання “Васілёк”.

Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы (Шчучынскі раён) — 75 гадоў. Падчас свята тут сабраліся чытачы — ад 16 да 86 гадоў. Віншаванням ды ўспамінам не было мяжы. Пра гэта паведаміла бібліятэкар установы Ганна Сцяпанчанка.

У Скідзелі (Гродзенскі раён) прайшоў кніжны фэст “Кнігаград”. На чатырох пляцоўках чытачам прапаноўваліся літаратурная рыбалка, крама казак, інсталяцыя “Кніга і лялька”, гістарычны экскурс у мінулае Скідзеля. Дзейнічала і велабібліятэка.

Навіна ад інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. У раёне былі ўшанаваны тыя бібліятэкары, якія прыйшлі на працу 25 — 40 гадоў таму. Свята адбывалася на базе Адэльскай сельскай бібліятэкі — цэнтра краязнаўства і турызму.

Інфармацыя ад аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Мне, патомнаму грыбніку, было прыемна даведацца, што ў аграгарадку Крайванцы прайшло свята, прысвечанае ціхаму паляванню. Крайванцаўскія гаспадыні здзіўлялі разнастайнасцю грыбных страў, таму людзей ля сельскага клуба сабралася мора. Народны тэатр танца і песні “Імпульс” РЦК забяспечыў мастацкія нумары, а мясцовы бібліятэкар Валянціна Дзядзічкіна арганізавала выставу, дзе сабрала выданні пра грыбы. Прачытаў — і так у восеньскі ёлкі барвовы лес захацелася.

Дворык цэнтралізаванай клубнай сістэмы ў Маладзечне сабраў больш за 400 чалавек. Так пачаўся творчы форум “#StartЦКС”. Ладзіліся інтэрактыўныя гульні з дзецьмі, дзейнічала пляцоўка сумеснай творчасці, выступалі самадзейныя артысты цыркавой і харэаграфічнай студый. Адбылося таксама знаёмства з гурткамі. Кожны ахвотны мог абраць занятак па душы. Пра акцыю напісала вядучы рэдактар ЦКС Маладзечанскага раёна Надзея Бондар.

Палац мастацтваў Бабруйска прэзентаваў праграму “Дом, дзе запальваюцца сэрцы”. Мерапрыемства — вынік супрацы з Вясноўскім домам-інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Мэта — сацыялізацыя выхаванцаў і інтэграцыя іх у грамадства. Дзеці пазнаёміліся з мастацкімі традыцыямі горада. Працавалі выстава выцінанкі Луцыі Рудакоўскай і майстар-клас па ткацтве ад кіраўніка адпаведнага гуртка Вольгі Шавель.

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў канцэрт з нагоды 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці. Дзейнічалі тэматычныя выставы, арганізаваныя райбібліятэкай, цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, аддзелам метадычнай работы цэнтра культуры. Былі прэзентаваны і работы мастакоў Дзятлаўшчыны — Мікалая Несцяроўскага, Анатоля Кардаша і Віктара Жыляніна.

Андрэй Струнчанка паведаміў пра “Кірмаш бульбашоў”, які адбыўся ў аграгарадку Мазалава (Віцебскі раён). Свята адбылося ўпершыню. Арганізатарам яго выступілі мясцовыя работнікі культуры. Галоўнай гераіняй выстаў і конкурсаў стала бульба. Удзельніцы клуба “Залаты ўзрост” частавалі гасцей. Шкварак з бульбай хапіла ўсім.

У зале Ваўкавыскай дзіцячай школы мастацтваў на раённы конкурс самадзейных аўтараў сабраліся мясцовыя паэты. Арганізаваў мерапрыемства раённы цэнтр культуры.

Паэтычнай восень аказалася і ў Бабруйску. Тут прайшоў першы міжрэгіянальны фэст паэтаў і празаікаў. У літаратурным конкурсе бралі ўдзел і бабруйскія школьнікі.

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"