Хто навучыць “кухні” акцёрскай?

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

БДАМ яднае творчыя ВНУ
У Мінску прайшлі тэатральныя майстар-класы “Традыцыі і сучаснасць” у рамках Міжнароднага гуманітарнага праекта “Мінская ініцыятыва”. Ужо ў другі раз у сталіцы Беларусі сустрэліся студэнты і педагогі адных з буйнейшых тэатральных ВНУ краін-суседак: Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання імя Карпенкі-Карага і Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва — ГИТИС.

/i/content/pi/cult/764/16517/011.JPGУ праграму форуму ўвайшлі майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, сцэнічным маўленні і пластыцы, паказы студэнцкіх спектакляў. Беларускую школу прадставіў трэці курс народнай артысткі Беларусі Зоі Белахвосцік і чацвёрты курс заслужанага артыста Беларусі, прафесара і дэкана тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Мішчанчука. З Украіны ў Мінск завітаў трэці курс майстэрні народнага артыста Украіны Міхаіла Рэзніковіча, з Расіі — чацвёрты курс народнага артыста СССР прафесара Уладзіміра Андрэева.

Ад імя гаспадароў “Мінскай ініцыятывы” майстар-класы па сцэнічнай мове і вакале правялі дацэнты Алена Аляшкевіч і Аляксандра Сандлер. Адкрываў жа праграму Алег Валынцаў з ГИТИСа, які правёў майстар-клас па сцэнічным руху.

— Алег Анатольевіч падзяліўся ўласнай методыкай, як працаваць будучаму акцёру са сваім целам, — распавёў “К” спадар Мішчанчук. — Ён вучыў, як правільна падаць, прымаць і наносіць удар, як пластычна лепш выбудоўваць сцэнічны бой. Яго калега Кацярына Нікалаева запрасіла студэнтаў на заняткі па майстэрстве акцёра. З ёй моладзь вывучала практыкаванні на развіццё фантазіі, псіхафізікі ў прапанаваных абставінах. Асаблівую ўвагу Кацярына Георгіеўна надавала таму, як лепш на мове цела даваць ацэнку сцэнічнай падзеі.

На наступны дзень справу ў свае рукі ўзяў кіеўскі бок. Ганна Грынчак распавяла пра моўны апарат, занурылася ў тонкасці, як фарміруецца слова і гук, паказала, як працаваць з дыханнем, палепшыць дыкцыю, дакладна паставіць дыяфрагму. Шмат практыкаванняў было нацэлена на фарміраванне культуры маўлення акцёра.

Дзмітрый Марозаў правёў псіхафізічны трэнінг. Разам з удзельнікамі педагог разбіраў, ці ўплывае гукавое суправаджэнне на настрой акцёра, тлумачыў, у якім рытме павінен існаваць герой, калі гучыць тая ці іншая музыка. Ён прапаноўваў эцюды на арганічнае выкарыстанне сваіх унутраных і знешніх параметраў. Галоўная мэта заняткаў — навучыцца арганічна існаваць на сцэне, каб глядач верыў, што гэта адбываецца менавіта зараз і сапраўды.

Пасля трохдзённага трэнінгу ўдзельнікі міжнароднага гуманітарнага праекта зладзілі канцэртную праграму, у якой прадэманстравалі назапашаны за гэты час досвед. А студэнты чацвёртага курса БДАМ у якасці творчага бонусу паказалі свой дыпломны спектакль па п’есе Мікалая Гогаля “Гульцы”.

— Мы паклапаціліся і аб культурнай праграме, — дадае Уладзімір Андрэевіч. — Госці разам са студэнтамі БДАМ наведалі Нацыянальную бібліятэку, дзе экскурсію спецыяльна для іх правёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша. Цягам гэтых дзён замежныя калегі паглядзелі спектакль “Пан Тадэвуш” паводле твораў Адама Міцкевіча ў Купалаўскім і аперэту “Вясёлая ўдава” ў Музычным тэатрах. У завяршэнне праекта яны наведалі выставу аўстрыйскага мастака Альберта Хофмана, што адчынена ў галерэі нашай Акадэміі, і пешшу прайшліся па гістарычных месцах Мінска разам з нашым супрацоўнікам Тарасам Кучынскім-Паравым.

Спадар Мішчанчук распавеў, што пасля заканчэння форуму студэнты працягваюць абменьвацца ўражаннямі з аднагодкамі з замежных ВНУ. Яму ж патэлефанаваў рэктар ГИТИСа Рыгор Заслаўскі, каб асабіста выказаць удзячнасць. Дэкан тэатральнага факультэта зазначае, што хутка адчыніцца сцэна вучэбнага тэатра БДАМ — і тады Акадэмія зможа ладзіць падобныя праекты часцей.

— Хачу падкрэсліць, што такі “кроваабмен” карысны як у пазнаваўчым, так і прафесійным планах. Студэнты вядучых творчых ВНУ трох краін, займаючыся разам, знаходзілі ва аўдыторыях агульнае разуменне і вучыліся на новым узроўні ставіцца да творчасці. Нездарма праграма называецца “Традыцыі і сучаснасць”: на майстар-класах моладзь удасканальвае традыцыйныя рэчы, якія сфарміравалі наша класічнае тэатральнае мастацтва, і спасцігае новыя методыкі, якія ўлічваюць сучасныя патрабаванні да тэатра і артыста.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ