Адзначыць восень перформансам

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Днямі ў сталіцы прайшоў ІІ Міжнародны фестываль Performensk. Гэты сумесны праект Чэхіі і Беларусі аб’яднаў таксама прадстаўнікоў перфарматыўнага мастацтва Венгрыі, Ірландыі, Італіі, Канады, Польшчы, Расіі ды іншых краін Еўропы і СНД. А ягоную “прапіску” і сувязь часоў падкрэсліла гульня слоў, прыўнесеная ў назву — Mensk-Мінск.

/i/content/pi/cult/764/16516/09.JPGСярод арганізатараў фестывалю быў малады перформер з Чэхіі Антанін Брында. Гэта не першы яго падобны праект. Антанін з’яўляецца сузаснавальнікам і суарганізатарам такіх культурных мерапрыемстваў, як Kura у Кутна-Горы (Чэхія), Performance Crossings у Празе, “Выконваць — ці не” ў Таліне, Warmflasche у Берліне і чэшскай Верняровіцы, Carbonarium у Кіеве. Дый у Мінску ён не ўпершыню, бо ўдзельнічаў у Адкрытым форуме эксперыментальных пластычных тэатраў PlaStforma, нядаўнім Арт-фэсце “Міфалагема тысячагоддзя” і іншых паказах сучаснага мастацтва: прадстаўляў свае работы, праводзіў лекцыі і майстар-класы.

/i/content/pi/cult/764/16516/010.JPG— “Перформенск”, — падзяліўся арганізацыйнымі сакрэтамі Антанін Брында, — прайшоў у асноўным дзякуючы чэшскаму фонду культуры SFK (Statni fond kultury). Разгледзеўшы наш праект, улады вылучылі грант на правядзенне фестывалю, бо Чэхія зацікаўлена ў наладжванні міжнародных сувязяў і распаўсюджванні сучаснага мастацтва. Дагэтуль у нас быў досвед правядзення такіх мерапрыемстваў не толькі на радзіме, але і ў Германіі, Фінляндыі, ва Украіне. У Беларусі сёння дастаткова спрыяльная атмасфера для развіцця сучасных мастацкіх кірункаў, ды ў дачыненні да перфарматыўных практык можна заўважыць некаторае адставанне ад краін Заходняй Еўропы, прычым цалкам па аб’ектыўных прычынах: у вас усё гэта пачало развівацца зусім нядаўна. Але, падкрэслю, форум стаў другім па ліку, што кажа пра агульную ў ім зацікаўленасць: беларуская культурная прастора таксама імкнецца да пашырэння сваіх межаў і фармавання традыцыі ў гэтай сферы. Вядома, арганізацыя патрабавала шмат намаганняў, але разам са мной прыехалі сябры-перформеры з Чэхіі, некаторыя з іх — родам з Мінска. Праз гэта было лягчэй зарыентавацца, што і як рабіць, дый з мовай яны дапамагалі, бо даводзілася мець зносіны як мінімум на рускай, чэшскай, англійскай. І назву фестывалю мы прыдумалі такую, каб яна была сугучная і перформансу і Мінску (на стары манер — Менску), каб аб’ядноўвала горад і прадстаўленае ў ім сучаснае перфарматыўнае мастацтва.

Беларусь на фестывалі прадстаўлялі Глеб П., платформа беларускага перформанса “РепАтра (С) tion — IX”, перформанс-група БОБ, Яўген Рагозін і Ілля Пілатовіч. Яны здзіўлялі сваімі канцэптамі, новымі ідэямі, зачароўвалі загадкавымі гукамі, візуальнай вобразнасцю. Гэта было сапраўды незабыўна.

Прыехалі і такія знакамітасці, як, да прыкладу, Алістэр МакЛенан з Ірландыі — адзін з заснавальнікаў Beyond Performance Art International і біржы мастацтваў і даследаванняў у Белфасце, удзельнік калектыву выканальніцкага мастацтва Black Market International (BMI). Ягоны перформанс “Подзвіг спякоты”, паказаны ў Мінску, скіраваў увагу на праблему глабальнага пацяплення.

Тэматыка паказаў была рознай. “Касмічныя матывы” прысутнічалі ў перформанс-праменадзе “І ўсё ж яна верціцца” італьяна-грэчаскага дуэта М.Равенскіята і Л.Брыко, у аўдыёвізуальным “Касмічным караблі Зямля” гурта The Ixses, перформансе “Космас, вось і мы” Лены Келой з Чэхіі, дзе закраналіся пытанні міжгалактычнай міграцыі.

Разнастайнасцю ўразіў і жанравы дыяпазон: гукавыя і цялесна-гукавыя перформансы, “жывыя” і статычныя інсталяцыі, эксперыментальныя пастаноўкі тэатра лялек і аб’ектаў ды многае іншае, бо да перфарматыўнага мастацтва, акрамя ўласна перформансу, належаць асобныя віды эксперыментальнага тэатра, саўнд-арт, бодзі-арт і іншыя віды творчай дзейнасці, якія пазіцыянуюць творчы працэс дэманстрацыі якой-небудзь канцэпцыйнай ідэі як самадастатковы твор мастацтва. Чакаем працягу незвычайных арт-сінтэзаў!

Юлія СВЯРДЛОВА,
аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў