Трэнд сезона: прафесіяналізм, рэжысура і гуманнасць

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Чатыры дні сталічны глядач назіраў за спаборніцтвам найлепшых прадстаўнікоў цыркавога мастацтва свету. У праграмах А і В Другога мінскага міжнароднага фестывалю сышліся самавітыя артысты, многія з якіх маюць у багажы не па адной узнагародзе вышэйшага гатунку прэстыжных форумаў. Пры такой канцэнтрацыі прафесіяналаў цудоўна прасочваюцца тэндэнцыі, выкрышталізоўваюцца творчыя трэнды. І прыступка, на якой у гэтай бясконцай гонцы да ідэалу знаходзяцца айчынныя прадстаўнікі.

/i/content/pi/cult/764/16514/07.JPGГісторыя жыцця за тры хвіліны

Ведаю, прадстаўнікі класічных цыркавых традыцый неадназначна ставяцца да дзейнасці звышпапулярнага Cirque du Soleil. А між тым яго ўплыў на мастацтва відавочны: вядучыя артысты ўсіх жанраў, часта беручы за аснову даўно знаёмыя ўсім атракцыёны, пачынаюць пераасэнсоўваць падыход да яго. Яны максімальна скарачаюць кампліменты — паклоны гледачу пасля выкананага трука, а таксама паўзы паміж рэпрызамі, каб складаныя элементы ішлі каскадам, ператвараючыся з фрагментаў у цэласнае дзейства.

Прафесійнае журы абмінула сваёй увагай сілавую пару з Венгрыі Silver Power пад кіраўніцтвам Крысціан Краніца, аднак для разумення будучыні мастацтва гэты прыклад надзвычай яскравы. Для новага пакалення цыркавых ужо не існуе мэты спадабацца публіцы. Артысты не заігрываюць з амфітэатрам, не ўзаемадзейнічаюць з ім, не шуткуюць дзеля таннага эфекту: яны распрацавалі драматургію нумара і адпаведна задуме няспешна выконваюць падтрымкі і ўздымы партнёраў. І такая самадастатковая творчасць пачынае… зацягваць гледача і прымушаць назіраць за далёка не смяротнымі — прызнаемся шчыра — трукамі з заміраннем дыхання.

Cirque du Soleil да ўсяго вярнуў моду… на прафесіяналізм. Як ні дзіўна пра гэта гаварыць, але яшчэ гадоў 15 таму прадстаўленне ў Белдзяржцырку, як і ў многіх аналагічных установах краін СНД, прыносіла адно расчараванне: на манежы адзін за адным змяняліся невыразныя нумары, артысты дазвалялі сабе зрываць адзін трук за другім, а размовы пра кампазіцыю, рэжысуру, светлавую і гукавую партытуру ўвогуле не вялося. Сённяшні глядач, маючы магчымасць паглядзець лепшыя сусветныя праграмы як жыўцом, так і ў Сеціве, ужо не праглыне паўфабрыкат. А “сонечныя” артысты даказалі, што нават для вылічанага па хвілінах сцэнарыя, дзе няма магчымасці паўтарыць нявыкананы элемент (памятаеце, як у савецкім цырку было правіла-патрабаванне двойчы паўтарыць трук, калі ён адразу не атрымаўся?), магчыма адрэпеціраваць звышскладаныя каскады так, каб выконваць іх штораз на ўсе сто працэнтаў.

Паслядоўнікі такіх выбудаваных нумароў — нямецкія паветраныя гімнасты на трапецыях Perspectives пад кіраўніцтвам Крыстафера Хартвіга ці ўкраінскія паветраныя гімнасты ў кальцы Sekret of my soul пад кіраўніцтвам Аляксея Грыгарава. А вось “Паветраны палёт” пад кіраўніцтвам Яўгена Канановіча ад Белдзяржцырка ўсё ніяк не можа выйсці на ўзровень бездакорнага выканання. Магчыма, гэта толькі мне так шчасціць, але яшчэ ні разу, калі я трапляла ў розных праграмах на выступленне “Паветранага палёту”, я не бачыла выкананымі ўсе трукі. Да фестывалю нумар паспрабавалі знешне асучасніць, апрануўшы гімнастаў у касцюмы кінамсціўцаў. Аднак артыстычны складнік нумара пакуль таксама не на вышыні…

Блёсткі, эмоцыі і панталоны

Сучасная цыркавая рэжысура выбудоўваецца на якасным мантажы кампазіцыі нумароў, што ўключае ў сябе і адмысловую музыку, прапрацаваную светлавую партытуру, тэматычна падабраныя касцюмы. Многія цыркі свету робяць стаўку на стылёвы складнік. Напрыклад, камічны дуэт з США Club House таксама працаваў не ў любімых на пост-савецкай прасторы кіслотных адзеннях, а ў густоўна падабраных шэра-чырвоных строях. Таму забаўна назіраць, як большасць артыстаў краін СНД ўсё не можа пазбавіцца любові да бліскавак у фрызурах і сукенках, знарочыстага золата ў абутку, быццам знешні бляск зможа прыкрыць недасканаласці выканання.

Тое ж перабольшванне часта праяўляецца ў музычным і артыстычным выкананні. Акрабаты на падкідной дошцы ў сумесным расійска-ўкраінскім атракцыёне Jump’n Roll адпрацавалі ўвесь нумар пад брутальна-пафасныя рыфы і з такой жа празмернай сур’ёзнасцю акцёрскага малюнка. У беларускім нумары “Паветраныя гімнасткі на трапецыі” пад кіраўніцтвам Настассі Дончанка ўражанне ад добра адрэпетаваных складаных трукаў прыглушалася экзальтаванымі рухамі ў дывертысментах на дыване паміж узлётамі пад купал.

Туркменістан прадставіў традыцыйнае для іх краіны, але дзіўнаватае для Еўропы “Хлысты-шоу”. Такія агрэсіўныя трукі, калі эфект будуецца на моцы ўдараў, на параўнанні мужчыны-ўладальніка і крохкай сексуальнай дзяўчыны, як прыгожай падстаўкі для падтрымкі рэквізіту, я даўно не сустракала на еўрапейскіх манежах.

Сексуальнасць, як повад для ніякаватасці, прапанаваў дуэт з Ізраіля пад кіраўніцтвам Даніэля Біньяміна. Ілюзія з трансфармацыяй “Матадор” была не лепшым чынам зроблена (фігуры выканаўцаў былі настолькі ненатуральна агромністымі, што нават не самаму дасведчанаму гледачу стала зразумелым, як заражаны касцюмы, каб выканаць прапанаваныя трукі). А выстаўленыя ў фінале на ўсеагульны агляд мужчынскі торс у пікантных панталонах прымусіў засумнявацца ў гусце артыстаў.

Некаторыя нумары канкурсантаў расквечвалі — відаць, для прыцягнення гледача — балетам Белдзяржцырка. І тут таксама не абышлося без аб’ектывацыі жаночага цела. Шчыра кажучы, не зусім зразумела, навошта ў наш час рабіць на манежы акцэнт на эратычнай аголенасці, як, напрыклад, у пралогу да нумара з акрабатамі на сустрэчных арэлях MI-PARTI пад кіраўніцтвам Яўгена Дзідыка. Цыркавое мастацтва імкнецца да дэманстрацыі магчымасцяў чалавека — і гэта куды прыцягальней за станік на аголеным дзявочым целе.

Між тым сам нумар быў насычаны складанымі, адточанымі трукамі. Мне шкада, што MI-PARTI ухваліла толькі грамадскае журы, а прафесійнае не пабачыла іх на п’едэстале. Магчыма, сыграла сваё якраз адсутнасць вобраза — занадта побытавыя джынсы і футболкі былі на акрабатах, празмерна пацёртыя арэлі былі выкачаныя ў манеж. Затое як чыста працавалі на іх артысты, якія складаныя камбінацыі выконвалі! Расійскія дзяўчаты з нумара ў тым жа жанры “Вышэй за аблокі” пад кіраўніцтвам Аляксандра Скокава не даляталі да сустрэчных арэляў (магчыма, снарад быў пастаўлены не на патрэбную адлегласць) — і атрымалі “срэбра”…

У суцэльным узаемапаразуменні

Да каго пытанняў не ўзнікла, дык гэта да ўладальніка Гран-пры — шыкоўна выбудаванага расійскага атракцыёна з белымі тыграмі “Шамбала” пад кіраўніцтвам Сяргея Несцерава. Такое рашэнне журы выглядае вельмі сімвалічна на фоне шмат у чым непрадуманай сусветнай “хвалі” супраць выхаду на манежы дзікіх жывёл. Зааабаронцы патрабуюць забараніць такія нумары, спасылаючыся на жудасныя ўмовы, у якіх утрымліваюцца жывёлы, дрэннае харчаванне, жорскую дрэсуру.

— Такія выпадкі, на жаль, сустракаюцца — у нядбайных уласнікаў ці ў непрафесійных дрэсіроўшчыкаў. Зразумейце, змагацца трэба з тымі, хто хоча набраць грошай на эфектным труку, не задумваючыся пра лёс падапечных, а не запісваць адразу ў мучыцеляў усіх прадстаўнікоў прафесіі, — узрушана тлумачыць сваю пазіцыю, якую падтрымліваюць многія калегі па цэху, прэзідэнт Кіеўскага міжнароднага маладзёжнага фестывалю “Залаты каштан”, народная артыстка СССР і Украіны Людміла Шаўчэнка. — Помніце, што ў нашых краінах, у Еўропе існуюць дынастыі дрэсіроўшчыкаў, якім па некалькі сот гадоў! Навошта ламаць традыцыі, губляць каласальны досвед? Пры тым, што адказныя артысты даўно прытрымліваюцца прынцыпаў узаемнага партнёрства з жывёламі, а не падаўлення волі апошніх.

Атракцыён Сяргея Несцерава менавіта пра клапатлівае стаўленне да драпежнікаў. Цыркавы артыст у трэцім пакаленні не выкарыстоўвае сродкаў прымусу і лічыць сябе хутчэй заапсіхолагам, чым дрэсіроўшчыкам. Спадар Несцераў вывучае звычаі вялікіх кошак і выбудоўвае адносіны з жывёламі на закладзеным прыродай прынцыпе іерархіі: тыгры лічаць чалавека сваім важаком, таму робяць тое, што ён просіць. Зразумела, такі падыход значна падаўжае тэрмін дрэсуры, аднак адносіны на роўных дазваляюць без палкі дабіцца ад тыгра патрэбных паводзін, а таксама робяць для прафесіянала ўваход у клетку больш бяспечным. Нездарма вакол манежа я не ўбачыла брандспойтаў, якія звычайна выстаўляюць, каб у складаным выпадку вадой адагнаць жывёліну на неабходную адлегласць.

Дык ці трэба ў такіх далікатных знаўцаў сваёй справы адбіраць магчымасць працаваць з-за выпадковых людзей у прафесіі? Да слова, многія артысты працуюць з жывёламі, якія нарадзіліся ў няволі, а ў выпадку з тымі ж белымі тыграмі — дапамагаюць захоўваць рэдкія віды, якія амаль не сустракаюцца ў прыродзе. Такія чатырохлапыя ва ўмовах без чалавека проста загінуць. У Мексіцы, дзе пад націскам зааабаронцаў прынялі закон, было забіта некалькі тысяч цыркавых жывёл — іх няма куды выпускаць… Мо таму не так даўно ў гэтай краіне вярнулі права выводзіць на манеж звяроў і птушак. Працягваюць традыцыі класічнага цырка і ў некаторых краінах Еўрасаюза, прынамсі, Германіі, Францыі, Іспаніі, Літве.

Прафесіяналы прапануюць адсякаць нядобрасумленных цыркавых адмысловай ліцэнзіяй: у гэтым выпадку будзе магчымасць кантраляваць умовы ўтрымання драпежнікаў і прынцыпы працы з імі дрэсіроўшчыкаў. Перамога спадара Несцерава ў фестывалі ды яго ўзор, як можна працаваць з драпежнікамі, даюць надзею на тое, што цыркавое мастацтва ў жанры дрэсуры мае добрую — і гуманістычную! — будучыню.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"