Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ: “Я — шчаслівы чалавек!”

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Выдатнаму кампазітару, класіку беларускай музыкі Уладзіміру КАНДРУСЕВІЧУ заўтра споўніцца 70 гадоў! “К” ад усіх сэрцаў яе супрацоўнікаў далучаецца да тых шматлікіх віншаванняў і пажаданняў, якія мэтр ужо атрымаў у гэтыя дні і яшчэ атрымае, ну а паводле нашых традыцый “К” задае маэстра некалькі перад’юбілейных пытанняў…

/i/content/pi/cult/764/16513/06.JPGНароднікам не чытаць!

— Уладзімір Пятровіч, у 1970-м годзе акцёры маскоўскага тэатра на Таганцы адказвалі на пытанні анкеты, якія прыдумаў рабочы сцэны той установы. У гэтым інтэрв’ю я хачу выкарыстоўваць частку з іх, плюс задаць вам свае. Дамовіліся?

— Безумоўна.

— Ваш любімы кампазітар?

— Альфрэд Шнітке. У мастацтве ён “стрэліў” як дзіўны эксперыментатар — з уласцівай толькі яму незвычайнай музычнай мовай. І гэта чалавек з нейкай глыбокай ідэяй. І вось гэта сваё “Я” — творчае і асобасна-індывідуальнае — ён увасобіў ва ўласных творах.

— А якi ваш любімы музычны твор?

— Rondo Alla Turca Моцарта. Прыгожы і просты. Перш чым грунтоўна сесці за працу, я раніцай, што называецца, разыгрываюся — граю творы класікаў, у тым ліку і той, пра якi сказаў.

— Самая грандыёзная музычная падзея?

— Іх вельмі шмат... Вудсток 1969-га года? Так, таксама з іх. Фестываль сабраў вялікую колькасць музыкантаў, якія ўжо былі да таго часу вялікімі і якія сталі такімі потым. Велізарныя натоўпы народу і музычныя багі на сцэне. Каласальныя эмоцыі, энергія праз край. Напэўна, гэты фестываль шмат у чым і вызначыў шляхі, па якіх рушыла моладзевая музыка.

— Любiмы гук?

— Мабыць, калі ў цішыні, удалечыні ад населеных пунктаў, узнікае вельмі тонкае, вельмі дзіўнае гучанне. Хто выдае гэты гук, адкуль ён ідзе — незразумела. Я часта чую яго, калі еду на ровары па якіх-небудзь лясных сцежках. Напэўна, так гучыць сама прырода.

— Любімы голас?

— Бас. Ён з’яўляецца асновай усіх харавых калектываў. Дзівосная тэмбральнасць, насычанасць, манументальнасць — вось яго характарыстыкі.

— Усё-такі спытаюся пра любімы інструмент…

— Раяль!

— А акрамя яго?

— Гітара. Першыя выступы The Beatles я ўбачыў па польскім тэлебачанні, якое ў Гродне — адкуль я родам — нават у 1960-я можна было спакойна злавіць. І я таксама загарэўся навучыцца граць на гітары. Нейкім чынам назбіраў грошай і купіў яе. Акорды мне ніхто не згаджаўся паказваць — не хацелі хлопцы, каб акрамя іх, нехта яшчэ на ёй іграў. Тады я хадзіў у музычную школу па класе фартэпіяна, і бацькі да майго захаплення гітарай ставіліся адмоўна. Дома пры іх я рупліва сядзеў за фартэпіяна, гітару ў рукі не браў, але як толькі яны куды-небудзь сыходзілі, я тут жа яе хапаў! Бацька мой быў вельмі строгі, і скончылася гэта ўсё тым, што неяк раз ён раптам нечакана вярнуўся і ўбачыў мяне з гітарай. Ён адабраў яе і паламаў.

— Жорстка. А ёсць інструменты, якія вы не любіце?

— Народнікі прачытаюць гэтае інтэрв’ю?

— Магчыма.

— Тады не буду іх крыўдзіць.

— Зразумела: да нейкіх народных інструментаў вы настроены крытычна. Працягваем. Любімы музычны фільм?

— Хай будуць “бітлоўскія” — A Hard Day’s Night, Help! і Magical Mystery Tour. Хоць як кінаартысты музыканты гурта, вядома, слабыя.

— Песня?

— Yesterday. “Бітлы” ўмелі складаць меладычныя песні. Я ў маладосці спрабаваў пісаць рускамоўныя тэксты да песень The Beatles. Да Yesterday было так: “Я вчера огорчений и тревог не знал, / Я вчера еще не понимал, / Что жизнь — нелегкая игра”. У 17 гадоў напісаў.

— Калі не The Beatles, то любімы выканаўца — гэта?..

— Алена Абразцова. Я чуў яе ў Маскве ў Вялікім тэатры. Гэта была фантастыка! Велізарнае ўражанне зрабіў на мяне яе выступ!

— Любімы драматычны спяваючы акцёр?

— Высоцкі — нумар 1.

— Паэт?

— Ясенін. Шчырасць, прастата, даступнасць. І пазнавальнасць: тое, аб чым ён пісаў, у жыцці я сустракаў.

— Любімы паэт-песеннік?

— Не вельмі я іх — у чыстым выглядзе — прывячаю… Няхай зноў будзе Высоцкі.

— Любімы пісьменнік?

— Безумоўна, Шэкспір. Я да многіх яго п’ес напісаў музыку. Моц, шчырасць, незвычайнасць — гэта ўсё аб ім.

— Любімы літаратурны твор?

— “Майстар і Маргарыта” Булгакава. Я гэты раман прачытаў яшчэ ў самвыдаце. Ён “падкупіў” мяне незвычайнасцю яго персанажаў, пранізлівасцю апавядання, захапляльным сюжэтам.

“Как скумбрия в томате…”

— Ваш ідэал мужчыны, жанчыны?

— Мужчыну назваць цяжка, а жанчына — Брыжыт Бардо, яркая і зорная. А прыгожая!.. У Саюзе ў гады майго юнацтва з жанчын культу не рабілі, а я па тым жа польскім тэлебачанні глядзеў фільмы з удзелам Бардо і ўзводзіў яе для сябе на п’едэстал!

— Самая выдатная, на ваш погляд, гістарычная асоба?.. Ведаеце, што адказаў Высоцкі на гэтае пытанне?

— Што?

— Ленін, Гарыбальдзі.

— Правільна адказаў — у год стагоддзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча... Я назаву Леанарда да Вінчы. Маштабная, манументальная асоба. Фрэскі яго — гэта нешта няўяўнае!

— Хто вашы сябры?

— Аляксандр Шакуцін — старшыня савета дырэктараў ААТ “Амкадор”. Вельмі сябраваў з рэжысёрамі Андрэем Андросікам, Валерыем Раеўскім і Валерыем Маслюком. Мяне з імі і агульная праца звязвала, і было нейкае духоўнае яднанне. Прыстойныя, верныя ў адносінах людзі былi.

— Любімыя рысы ў характары чалавека?

— Перш за ўсё, чалавек павінен адказваць за свае словы. І павінен клапаціцца аб сваіх блізкіх.

— А якія чалавечыя якасці вам не падабаюцца?

— Я якраз стараюся не кантактаваць з людзьмі, якія не выконваюць свае абяцанні. Не прымаю неабавязковасць, двудушнасць.

— Вашы адмоўныя рысы?

— Напэўна, пра гэта лепш спытаць маіх блізкіх... Я занадта ўражлівы, даходзіць да таго, што заснуць не магу, перажываючы нешта... Але такога ўжо менавіта адмоўнага ў сабе я не знаходжу…

— Тады якім лічыце сябе чалавекам?

— Працавітым. Нават калі ў мяне няма канкрэтнай працы, звязанай з музыкай, я свой дзень пачынаю з таго, што абавязкова саджуся за інструмент. Люблю займацца побытам. Сам пабудаваў дом. Трошкі ў машынах разбіраюся. Умею касіць, дровы секчы. Печку магу скласці. Увогуле, выконваць у гаспадарцы любую мужчынскую працу.

— За што любіце жыццё?

— “Жизнь хороша, как скумбрия в томате, лишь надобно проснуться и понять, что хватит ныть о долге, о зарплате, а надо просто жить и кайфовать!”

— Таксама ваша?

— Так. Але гэта было напісана, калі мне ўжо было за 17 гадоў.

— Чаго хацелі дамагчыся ў жыцці, чаго дамагліся і чаго яшчэ жадаеце дамагчыся?

— Хацеў дамагчыся шчасця для сваёй сям’і. Збольшага, так усё і выйшла, хоць, на жаль, жыццё ўносіць свае карэктывы. Але асноўнае з таго, што я зрабіў, было зроблена для родных і блізкіх. З усяго таго буйнога ў музыцы, што было мною задумана, усё даведзена да лагічнага завяршэння, нічога закінута не было. Чаго б яшчэ хацелася дамагчыся... Час ужо падышоў да такой мяжы, што асабліва такіх грандыёзных планаў я не будую... Каб мае дзеці нешта яшчэ даатрымалі ад мяне. Сын, вось, дачу купіў — я дапамог яму грашыма з маёй Дзяржпрэміі. А так... Да канца жыцця кола інтарэсаў і жаданняў звужаецца. У мяне звузілася да нашага “лазневага” калектыву.

— І з кім вы ходзіце ў лазню?

— З вельмі цікавымі людзьмі. Гэта ўсё вярхушка тэхнічнага патэнцыялу краіны. Неяк так выйшла, што я з імі пасябраваў.

— Чаму апошні раз радаваліся?

— Хай і банальна прагучыць, але я радуюся кожнаму новаму дню. Я ўстаю рана і адразу басанож па расе — гэта такая радасць!

— Што апошні раз засмуціла?

— Людская непрыстойнасць. Чалавек пазычыў грошай, а ў прызначаны для вяртання доўгу дзень не вярнуў іх. Непрыемна.

— Ёсць ва Уладзіміра Кандрусевіча любімы афарызм, фраза?

— “Что день грядущий мне готовит?”

— Толькі для вас характэрны выраз?

— Мабыць, няма такога.

— Што б зрабілі ў першую чаргу, калі б сталі ўладальнікам мільёна даляраў?.. Той жа Высоцкі ў сваёй анкеце адказаў, што зладзіў бы банкет…

— З такімі грашыма перспектывы адкрыліся б, вядома, вялікія. Паездзіў бы па свеце, дапамагаў бы дзецям, сябрам.

— Вашы захапленні?

— Спартыўныя, у асноўным. Кожны дзень езджу на ровары. У свой час захапляўся падводным паляваннем, гульнёй у тэніс, гуляў у футбол. Магу зімой прабегчы на лыжах. Пакуль яшчэ трымаюся!

— Любімае месца ў любімым горадзе?

— У Мiнску — мая кватэра. У Гродне — ля Каложскай царквы, над Нёманам, на высокім беразе. У юнацтве мы там з сябрамі збіраліся, брынчэлі на гітарах. А некалькі гадоў таму сцены Каложы адрамантавалі. І яшчэ Аўгустоўскі канал. Мы часта на яго ў юнацтве з Гродна кампаніямі ездзілі. Бывала, цэлы рэйсавы аўтобус набіваўся толькі нашымі сябрамі і прыхільнікамі нашага дрынкання на гітарах. У канале я якраз-такі падводным паляваннем і займаўся.

— Вы шчаслівы?

— Нягледзячы на ўсё тое трагічнае, што было ў маім жыцці, я, так, вядома, шчаслівы…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"