Незалежна ад статусу

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Брэст чакае музейны форум
24 верасня ў археалагічным музеі “Бярэсце”, што месціцца на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды маючага адбыцца ў горадзе над Бугам IV Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Пра тое, што гэта будзе за імпрэза, чым яна мусіць адрознівацца ад трох папярэдніх — журналістам распавядалі дырэктар Мемарыальнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Бысюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Панасюк, дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

/i/content/pi/cult/764/16510/02.JPGПапярэднія форумы праходзілі ў гарадах з моцным культурніцка-гістарычным патэнцыялам — у Гродна, Гомелі і Магілёве. Гэты досвед грунтоўна вывучаўся ў Брэсце, і ў кіраўніцтва горада ёсць упэўненасць, што яны зробяць не горш. У год, калі любімы горад адзначае свой міленіум, берасцейцам будзе чым здзівіць гасцей. Ды і мясцовыя музейшчыкі спадзяюцца, што форум паспрыяе таму, што і самі жыхары горада па-новаму ўбачаць скарбы сваіх жа музейных збораў. Вядома ж, у турыстычнай вандроўцы якіх толькі музеяў ні нагледзішся, а дома такія “культпаходы” ўсё на потым адсоўваеш. Маўляў, музей побач — куды ён падзенецца. Наведаю, як час будзе…

Кіраўнікі Музея Брэсцкай крэпасці і Краязнаўчага музея паведамілі, як яны змагаюцца за наведвальніка, як карэктуюцца экспазіцыі ў адпаведнасці з эстэтычнымі і інтэлектуальнымі запытамі новай глядацкай, найперш — моладзевай, аўдыторыі. Менавіта для таго, каб скіраваць людзей смартфонавага пакалення да традыцыйных духоўных каштоўнасцяў, і патрэбны ў музеях новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта як перавесці літаратурны тэкст на іншую мову. Сутнасць застаецца, а гучыць інакш. Нездарма тэма інавацый, камунікацый і навуковага ўзбраення музейнай справы будзе тэмай прафесійнай дыскусіі.

/i/content/pi/cult/764/16510/03.JPGАрганізатарам было зададзена пытанне, як увогуле могуць на форуме, які да таго ж і конкурс, супернічаць суб’екты рознай вагі — скажам, Нацыянальны гістарычны музей з мноствам філіялаў, і музей-аптэка, усё багацце якога месціцца ў адным невялічкім пакоі? Ці могуць суадносіцца ў адным шэрагу дзяржаўная культурніцкая ўстанова, якая з’яўляецца правадніком ідэалогіі і чыннікам сацыяльнай палітыкі, і быць партнёрамі якой лічаць за шчасце багатыя спонсары, ды прыватнік, які сам сабе і спонсар, і апякунская рада? У першым выпадку музей мае фінансавы план, мусіць прыносіць прыбытак, а для прыватніка грошы могуць быць і другаснай справай: магчыма, яму проста цікава сваю калекцыю, часам дзіўнаватую, староннім людзям паказаць і іх меркаванне асэнсаваць. Журналісты на гэта пачулі, што ўсе музеі — удзельнікі форуму будуць у роўных умовах, а распрацаваныя для конкурсу крытэрыі ацэнкі музейнай дзейнасці дазволяць выявіць лепшых, незалежна ад іх статусу.

Святкаванне 1000-годдзя горада выразна засведчыла тую акалічнасць, што Брэст — гэта не толькі крэпасць, як лічылася за савецкім часам. З горадам звязана нямала лёсавызначальных падзей нацыянальнай гісторыі, і сённяшняя задача берасцейскіх музейшчыкаў — разгарнуць усю панараму стагоддзяў, ад старажытнага Бярэсця да сённяшніх дзён. І музейны форум зноў жа можа гэтаму паспрыяць. Што ж датычыць самой крэпасці, дык працягваецца вывучэнне яе гісторыі, ідзе працэс музеефікацыі і прыстасавання пад новыя функцыі фартоў, да якіх раней з розных прычын рукі не даходзілі. Пры гэтым адзначалася, што далёка не ўсе музейныя тэхналогіі, якія сёння лічацца крэатыўнымі, падыходзяць для Брэсцкай крэпасці. Тут вельмі важна захаваць гістарычную аўтэнтыку, дзеля якой, уласна кажучы, і прыязджаюць госці ў Брэст.

Яшчэ адна карысць для Брэста і Беларусі ўвогуле ад форуму ў тым, што беларускія музейшчыкі пабачаць адзін аднаго і, магчыма, наладзяць кантакты, якіх зараз бракуе. Так склалася, што партнёрскія сувязі нашых музейшчыкаў з замежжам куды больш цесныя, чым са сваімі калегамі-суайчыннікамі. Гэта датычыць сумесных праектаў, абмена выставамі, стажыровак спецыялістаў.

На прэс-канферэнцыі прагучала думка, што недастаткова ўзброіць музеі новымі тэхналогіямі, зрабіць доступ да інфармацыі, у прыватнасці, гістарычна-культурніцкай, больш зручным. Скажам, наладзіць счытванне інфармацыі мабільнікам праз QR-код. У чалавека найперш мусіць быць матывацыя да той інфармацыі звяртацца. А каб яна была, трэба скаардынаваная работа многіх структур — дзяржаўных і грамадскіх. Музейная справа ў дадзеным выпадку толькі звяно ў агульным ланцугу.

Адметна, што пасля размовы для журналістаў была наладжана экскурсія па адноўленым музеі “Бярэсце”. Ён, як вядома, уяўляе з сябе археалагічны раскоп з рэшткамі драўляных забудоў старажытнага горада. Вакол раскопу глядзельная пляцоўка, уздоўж якой разгорнута экспазіцыя, што распавядае пра старажытную гісторыю Брэста. Калі бачыш сучасную копію дома, у якім тысячу гадоў таму жылі нашы прашчуры, і даведваешся, што ў прасторы не нашмат большай за вагоннае купэ жылі дзве сям’і — а гэта самае малое восем чалавек, пачынаеш больш цаніць сучасны камфорт. Праўда, нашы продкі ў дарослым стане былі як сённяшнія 14-гадовыя падлеткі, рост мужчыны — метр шэсцьдзясят, жанчыны — метр сорак, ды ўсё адно цеснавата… Дзіўна бачыць карову памерам з казу і чуць, што ў Сярэднявеччы на нашай зямлі котка каштавала як тры кані. Тады гэта былі экзатычныя істоты. Іх завозілі з Персіі. Котка па тым часе была адзіным ратаваннем ад пацукоў, ад якіх страшэнна пакутвала гаспадарка. Да таго ж, хвастатыя злодзеі разносілі хваробы ажно да эпідэмій.

Экспазіцыю распрацоўвалі на Мінскім мастацкім камбінаце. На фасадзе “Бярэсця” замянілі шкло. У памяшканні больш надзейна зроблена агароджа глядзельнай пляцоўкі, у абсталяванні экспазіцыі скарыстаны больш трывалыя да вільгаці матэрыялы. Журналісты былі першымі, хто пабачыў новую экспазіцыю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"