Першы званок у музеі

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Для многіх першакласнікаў Мінска навучальны год пачаўся нетрадыцыйна: другі год запар Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама разам з дырэктарамі мінскіх устаноў адукацыі і кіраўнікамі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў правёў незвычайныя ўрокі-знаёмствы для дзяцей, якія ўпершыню апранулі школьную форму, а таксама для старэйшых школьнікаў.

Дзеткі з гімназіі № 5 г. Мінска, якая мае эстэтычны ўхіл, на некаторы час ператварыліся ў паненак і паноў XVIII стагоддзя з незвычайнымі імёнамі і паўдзельнічалі ў цікавым падарожжы па залах Нацыянальнага мастацкага музея.
Атрымаўся цікавы дыялог школьнікаў з работнікамі музея, якія далі дакладнае ўяўленне дзецям пра цікавы свет мастацтва, у які яны толькі пачынаюць уваходзіць. Тут і захапляльная гульня, і магчымасць прайсці ў памяшканні, якія звычайныя гледачы не бачаць. Па словах дырэктара гімназіі Ірыны Чарняўскай, менавіта такім чынам можна зацікавіць школьнікаў, зрабіць так, каб яны з самага пачатку вызначылі сваю прафесію.

Школьнікаў на святкаванне Дня ведаў запрасіла і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Сюды 1 верасня прыехалі першакласнікі сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. На гадзіну “дыямент” быў аддадзены ў распараджэнне дзяцей. Малыя, пераскокваючы з прыступкі на прыступку, вывучалі алфавіт, а потым адправіліся знаёміцца з галоўнай бібліятэкай краіны.
Пад час гасцявога ўрока дзятва разам з казачнымі персанажамі пашырыла свае веды аб Беларусі і Мінску, наведала музей кнігі і паглядзела выстаўку старадрукаванай і рэдкай вучэбнай кнігі “Ад літары да слова”. У падарунак вучні атрымалі кнігі “Беларусь — наша Радзіма” і “Буквар”.
— Нацыянальная бібліятэка — гэта скарбніца ведаў. Сімвалічна, што дзеці пачынаюць свой шлях у дарослае жыццё менавіта з нашай установы, — зазначыў дырэктар НББ Раман Матульскі. — Першы паход у школу — гэта падзея не толькі для маленькага чалавека, але і для ўсёй сям’і, таму яна павінна запомніцца. І таму выдатна, калі гэта адбываецца ў такіх знакавых установах, як Нацыянальная бібліятэка.
Напрыканцы заняткаў дзеці наведалі аглядную пляцоўку і запусцілі ў неба паветраныя шарыкі. Першы ў жыцці ўрок завяршыўся ля помніка Францыску Скарыну, што асабліва сімвалічна для навучэнцаў гімназіі, якая носіць імя беларускага першадрукара.

 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Настасся ПАНКРАТАВА