На “Беларусьфільме” прайшоў першы кінаклуб

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

19 верасня прайшоў першы сход кінаклуба на базе кінастудыі “Беларусьфільм”. Зала напоўнілася разнастайнай публікай: журналістамі, кіназнаўцамі, аматарамі кіно ды нават зацікаўленымі аматарамі іншых мастацтваў — клуб прыхільнікаў тэатра “Мельпамена” заняў амаль што цэлы шэраг кіназалы.

— На кінастудыі “Беларусьфільм” адбываецца значная падзея: адкрыццё кінаклуба пры падтрымцы Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускай гільдыі акцёраў кіно, — распавёў вядучы вечара, акцёр тэатра і кіно Ігар Пятроў. — На нашых сустрэчах вы зможаце не толькі знаёміцца з гісторыяй беларускага кінематографа, але і асабіста сустракацца з майстрамі айчыннай кінаіндустрыі: рэжысёрамі, акцёрамі, аператарамі, мастакамі.

Першым госцем кінаклуба стаў вядомы рэжысёр, сцэнарыст і кіназнаўца Уладзімір Арлоў. Ён распавёў пра гісторыю беларускага кіно з самага яе пачатку — ад фільма “Лясная быль” — да пасляваеннага аднаўлення індустрыі. Цягам лекцыі госці кінаклуба даведаліся не толькі пра знакавыя кінастужкі і вядомых дзеячаў у гісторыі беларускага кінематографа, але і ўбачылі ўрыўкі з такіх вядомых карцін як “Лясная быль”, “Першы ўзвод”, “Дзяўчына спяшаецца на спатканне”, “Канстанцін Заслонаў”. Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны, але нават калі яна афіцыйна скончылася, Уладзімір Арлоў яшчэ доўга адказваў на пытанні і прымаў падзякі ад аўдыторыі.

— Праца нашага клуба працягнецца. Наступная сустрэча будзе прысвечана першым пасляваенным фільмам, стужкам шасцідзясятых гадоў, — паабяцаў рэжысёр.

Пра гэты перыяд на наступным пасяджэнні, што адбудзецца 17 кастрычніка, мусіць распавесці Вячаслаў Нікіфараў, савецкі і беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст і педагог. Каб прыйсці ў кінаклуб, дастаткова зарэгістравацца па спасылцы на сайце “Беларусьфільма”.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ