Нарадзіць дзяцей, пабудаваць курорт і збегчы ў Англію,

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

ці Як падчас вайны жылі нашчадкі Агінскага?
Прыйшоў час памінаць вельмі даўнюю падзею, пачатак ІІ Сусветнай вайны, і сляды яе “пальцаў” на жыццях славутых родаў Беларусі. Не з пазіцыі “ўра-патрыятызму”, а з проста-чалавечай. У гэтым тэксце я распавяду пра лёс нашчадкаў Міхала Клеафаса Агінскага (з першага і другога шлюбаў) на падставе звестак з іх сямейных архіваў (вось яны зараз перада мной). Дасюль у СМІ гэтай інфармацыі не было.

/i/content/pi/cult/763/16505/019.JPGШлюб першы. Галіна Загорскіх

Пачнем з гісторыі траіх прапраўнукаў Міхала Клеафаса па лініі старэйшага сына з яго першага шлюбу — Тадэвуша Антонія Агінскага: Зоф’і, Ежы і Яна Загорскіх, якія загінулі ў час вайны ў 1944 годзе, змагаючыся ў шэрагах партызанаў Арміі Краёвай. Паводле гісторыка Менакоўскага, усе Загорскія былі народжаныя ў Вільні ў сям’і шляхціца Вацлава Загорскага і Адэлі з Лубенскіх. Адэля з Лубенскіх з’яўлялася праўнучкай Тадэвуша Антонія Агінскага, які, ажаніўшыся ў свой час з інфлянцкай баранэсай Марыяй Тэкляй Ранэ, меў з ёй траіх дзяцей. Другая па ліку дачка Антонія Тадэвуша Агінскага, Габрыеля Агінская (у шлюбе Красіцкая), была бабкай Адэлі Лубенскай, а бацькамі Адэлі былі віленскі граф Вацлаў Лубенскі і дачка Габрыэлі Марыя Казіміра Красіцкая.

Першы шлюб Адэлі ў міжваенны перыяд прывёў яе ў Ашмянскі павет, а менавіта ў яе пасагавы маёнтак — Мураваную Ашмянку. Вельмі нечакана было даведацца, што праўнучка Тадэвуша Антонія, пра жыццё якога ў нас дасюль амаль не было звестак, пражывала побач, а бацька Адэлі — Вацлаў Лубенскі — кожнае лета прыязджаў сюды з Вільні на адпачынак. Першы муж Адэлі — Вацлаў Загорскі — ад пачатку быў сямейным настаўнікам у Лубенскіх і пасля бурлівага рамана ажаніўся са сваёй вучаніцай. Гэты шлюб быў мезальянсам і выклікаў незадавальненне бацькоў Адэлі. У шлюбе нарадзіліся, як ужо згадвалася, дачка і два сыны: Зоф’я, Ежы і Ян Загорскія. Аднак хутка Вацлаў і Адэля Загорскія разыйшліся. Пасля разводу з Вацлавам Загорскім яна выйшла ў Вільні замуж за Альгерда Найман-Мірзу Крычынскага герба Радван, актыўнага татарскага грамадска-культурнага дзеяча. Адэля была другой жонкай Альгерда. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Альгерд Найман-Мірза Крычынскі быў шырока вядомы на тэрыторыі былой Расійскай імперыі як
абаронца правоў цюркскіх народаў, аднак перад вайной СССР з Гітлерам быў рэпрэсаваны і загінуў у ГУЛАГу. Адэля ж перад пачаткам савецкай акупацыі Літвы перабралася ў Польшчу. На гэта ў яе былі важкія прычыны. Адэлі пагражала ссылка ў Сібір як варожаму элементу ў савецкай Літве. У Польшчы яна выхавала сына Альгерда — Сяліма Мірза-Найман Крычынскага. Ён да гэтага жывы, яму сёння больш за 80 гадоў.

Той факт, што два браты і сястра Загорскія загінулі ў 1944 годзе ў шэрагах Арміі Краёвай, наводзіць на думку, што гэта маглі быць ліпеньскія баі з гітлераўцамі за вызваленне Вільні (з 7 па 13 ліпеня 1944 года ў горадзе праходзілі цяжкія вулічныя баі байцоў Чырвонай Арміі, польскіх і беларускіх партызан супраць нямецкага гарадскога гарнізона), паўсюдна вядомыя як акцыя “Вострая Брама”. Гэта самая верагодная версія іх гібелі.

Шлюб другі. Галіна Залускіх

У сярэдзіне ХХ стагоддзя нашчадкаў Агінскага на свеце (пераважна ў Польшчы) пражывала больш за 100 чалавек розных узростаў. Таму я звярну ўвагу на лёсы тых, пра якіх захавалася найбольш звестак. Гэта — сваякі яго дачок з другога шлюбу — Амеліі і Эмы. Месцам іх нараджэння і пражывання было польскае Падкарпацце, а менавіта землі вакол курортнай мясціны на аўстрыйскай тэрыторыі — гарадка Івоніч-Здруй, якую сям’я Залускіх выбрала сабе для пастаяннага жыхарства пасля таго, як Караль Залускі вымушаны быў уцякаць ад пераследавання расійскай паліцыі. Ясна, што курорт і ўсе іншыя набыткі перайшлі па спадчыне дзецям Амеліі і Караля. А мелі Залускія дзевяць дзяцей: пяць сыноў і чатыры дачкі.

Яшчэ пры жыцці Юзафа было прынята рашэнне пабудаваць у Івонічы сучасны гатэль “Эксцэльсіёр”, што павінна было ўмацаваць стабільнасць курорта. Трэба адзначыць, што адбывалася гэта хутка пасля Першай сусветнай вайны, і вялікі гаспадарчы крызіс закрануў і Залускіх. Цяжкасці і кошт будаўніцтва пераўзышлі ўсе чаканні (будаўніцтвам займаўся старэйшы сын Міхал Залускі).

Адносіны Міхала з бацькамі былі дрэннымі, перш за ўсё з-за яго непажаданага шлюбу з Зоф’яй Мяніцкай, які бацькі не прызнавалі і лічылі няроўным. Увогуле асабістае жыццё сыноў Юзафа, як знарок, прыносіла бацькам бясконцыя перажыванні: сярэдні сын Ірэнэуш без дазволу бацькоў ажаніўся з танцоўшчыцай-францужанкай Мары Дзідур. У 1928 годзе малодшы Багдан пазнаёміўся ў Івонічы з замужняй жанчынай, Ядвігай Багуцкай, маці чатырохгадовай дачкі. Ядвіга пакінула мужа і, перайшоўшы ў пратэстантызм, уступіла з Багданам у шлюб паводле пратэстанцкага абраду (магчыма, таму, што паводле каталіцкага веравызнання нельга было вянчацца пры жывым мужы). Багдан вымушаны быў пайсці на працу ў фірму “Гербева” ў Кракаве, каб утрымліваць сям’ю. І толькі з’яўленне ў 1929 годзе на свет сына Анджэя (сённяшняга аўтара кнігі “Час і музыка Міхала Клеафаса Агінскага”) і скасаванне першага шлюбу Ядвігі Багуцкай крыху змякчылі сэрца Ізабелы — маці Міхаіла, і яна дазволіла маладым пасяліцца ў Івонічы. З той пары Багдан Залускі зрабіўся фактычным уладальнікам Івоніча-Здруй. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны зямельная маёмасць у памешчыкаў была адабрана і з той пары нашчадкі Агінскага зліліся з масай працоўнага народу.

Агляд ваенных лёсаў нашчадкаў Амеліі Залускай, такім чынам, перайшоў у агляд прыватных лёсаў польскага памешчыцтва ў час вайны. Найбольш тыповы ён быў у Багдана Залускага. У шлюбе Багдана з Ядвігай Багуцкай нарадзілася двое дзяцей: Анджэй Залускі і малодшы за яго на дзесяць гадоў Іва. Перад самым пачаткам II Сусветнай вайны, у 1939 годзе, прадчуваючы велізарную небяспеку, Багдан Залускі з сям’ёй перасяліўся ў Англію. Маёнтак Івоніч быў пакінуты на волю лёсу. Сыны Багдана — Анджэй і Іва — усё жыццё пражылі ў Англіі, але польская мова для іх — родная. Абодва яны адчулі прызванне да музыкі, скончылі Каралеўскую музычную акадэмію ў Лондане і займаліся музыкай прафесійна: Анджэй як музычны педагог, а Іва як канцэртуючы піяніст.

Ваенныя лёсы нашчадкаў Міхала Клеафаса Агінскага няправільна было б абмяжоўваць толькі іх удзелам у ваенных дзеяннях ІІ Сусветнай вайны. Сярод нашчадкаў былі і вучоныя-хімікі, такія як заснавальнік Інстытута нафты ў польскім горадзе Кросна Юзаф Асташэўскі, і вядомая піяністка Ізабэла Зялінская, якая падчас вайны праводзіла падпольнае навучанне дзяцей, і, несумненна, іншыя вартыя ўвагі асобы. Але каб напісаць пра іх, трэба яшчэ шмат даследаваць генеалагічныя крыніцы розных сем’яў.

Таццяна КЛЯШЧОНАК