“Старыя песні” пра тое ж

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Бібліятэка без навінак, аварыйны ДК і зорная школа мастацтваў
Аналізуючы змест гутарак, якія ў мяне адбыліся з жыхарамі Вялікіх Бортнікаў, я так і не змог выставіць ацэнку “нездавальняюча” камусьці канкрэтна з тых, каго ў гэтых размовах, мякка кажучы, журылі за беды, што збольшага напаткалі культуру аграгарадка. На мой погляд, многае ў ім у сферы названай чалавечай дзейнасці ідзе гэтак жа, як і ў яго сваякоў — сельскіх населеных пунктаў. У чымсьці — відавочны правал, дзесьці — безумоўныя поспехі. Мне не падалося, што культура былой вёскі хутка пацерпіць немінучы крах. Ва ўсякім выпадку, не ўсё ў ёй так сумна, як мяркуюць дасведчаныя ў нюансах мясцовыя людзі.

/i/content/pi/cult/763/16501/015.JPGЖыццё такое

Святлана Бурак загадвае тутэйшай бібліятэкай з лютага, прыйшоўшы ў яе са школы, дзе працавала сакратаром. “Жыццё такое”, — рэзюмаваў герой кінабаевіка “Бумер”: такое, што да канца года колькасць чытачоў “храма кнігі” павінна дасягнуць чатырохсот сямідзесяці — звыш траціны насельніцтва аграгарадка. “І план я выканаю”, — заяўляе спадарыня Бурак. У дзень у сярэднім ва ўстанову прыходзяць пятнаццаць чалавек. У дзяцей — асноўнай часткі наведвальнікаў — найбольшым попытам карыстаецца літаратура для пазакласнага чытання. А для сябе яны выбіраюць фантастыку і фэнтэзі. Сярод дарослых першае месца трымае жаночая аўдыторыя, якая аддае перавагу любоўным раманам. Пенсіянеры нярэдка просяць беларускамоўныя творы.

— Але кнігафонд, а ён складае больш за шаснаццаць тысяч найменняў, павялічваецца не гэтак часта, як хацелася б, — шкадуе Святлана Ігараўна. — З моманту майго прызначэння навінак да нас яшчэ не паступала, а апошняе папаўненне надарылася ў студзені. Я неяк пацікавілася ў Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Бабруйска, ці ёсць там нейкі сусветны бестселер, мне адказалі, што не. А бо яго ўжо даўно экранізавалі.

На маё пытанне, ці звязвае яна на шмат гадоў наперад далейшы лёс з бібліятэчнай справай, загадчыца сумленна адказвае, што не ведае. Выпрабаваць яго Святлана Бурак як след яшчэ не паспела, але пра акцыі, накіраваныя на папулярызацыю кнігі, у прыватнасці — на прапаганду менавіта беларускай, ужо задумваецца. Аднак і мары аб рэалізацыі сябе ў сельскай гаспадарцы, а канкрэтна ў свінагадоўлі, яе не пакідаюць.

— Моладзь сёння чытае літаратуру ў інтэрнэце, электронную кнігу больш, чым папяровую, і будучыня звычайных бібліятэк мне бачыцца цьмяна, — дзеліцца яна. — І каму будзе тады патрэбна наша прафесія?

У “сваю” ўстанову Святлана Ігараўна мяне не запрасіла: “Не спадабаецца там вам — мэбля старая, кнігі патрапаныя…”

“Вы трымайцеся…”

І дырэктар сельскага Дома культуры Вольга Цімашэнка карэспандэнта “К” у яго не паклікала, спаслаўшыся на не надта прэзентабельны ўнутраны выгляд установы, што знаходзіцца ў стадыі чакання рамонту, мерапрыемствы ў якім зараз праходзяць... у фае.

— Я стала дырэктарам СДК у 2007-м годзе, — успамінае Вольга Уладзіміраўна. — Ужо тады ён дастаўся мне не ў лепшым стане. Дах цёк, грыбок па сценах
пайшоў. А хто з бацькоў, знаходзячыся ў здаровым розуме, аддасць дзіцяці ў Дом культуры, дзе папросту можна падхапіць якое-небудзь захворванне?! Таму шэрагі гурткоўцаў патрошку сталі радзець.

І пачалася “бітва” за пастаноўку будынка на рамонт. У 2015-м было скончана яго абследаванне, складзены акт аб прызнанні танцавальнай і глядзельнай залаў аварыйнымі. І цяпер у Вялікіх Бортніках чакаюць, калі ж знойдуцца фінансы на аднаўленне ўстановы.

Тым не менш, артысты СДК у ім выступаюць — у тым самым вестыбюлі. Там дае прадстаўленні легендарны народны ансамбль народнай песні “Вясёлка”, якому “стукнула” ўжо 55 гадоў! На базе калектыву створаны фальклорны гурт, што таксама канцэртуе на вельмі абмежаванай прасторы ўстановы, як і дарослы вакальны гурт. Але не толькі ў фае гэтыя ансамблі нясуць сваё мастацтва ў народ, а часам адпраўляюцца і на выязныя мерапрыемствы — часцяком на маршрутках, за ўласны кошт. А яшчэ ў “ прадбанніку” дзейнічае дзіцячы гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Сэрца шчыміць, калі думаеш пра тое, як мы маглі б разгарнуцца ў Доме культуры, — уздыхае спадарыня Цімашэнка. — Напрыклад, столькі матэрыялу сабрана для Кутка спадчыны, а мы яго экспанаты звальваем у гэтым нашым “прахадным двары”. А што за дыскатэкі тут праходзілі, па сто чалавек! Тады я галаву не ламала, якім спосабам мне выканаць план платных паслуг.

Аднак, нягледзячы на нятворчыя цяжкасці, Вольга Уладзіміраўна з аптымізмам глядзіць у заўтрашні дзень і прызнаецца:

— Бывала, я ўпадала ў адчай, нават малілася: “Божа, хай хутчэй пройдуць гэтыя два гады і я адсюль уцяку!” А потым — раз, і ўзнікалі новыя людзі, аб талентах якіх і не здагадвалася, яны і ёсць дапамога бабулям з нашых калектываў. Нікуды я не паеду!

Спявай, пакуль малады!

А Ірына Мізгер, кіраўнік вакальнага ансамбля “Жэўжыкі”, якому ад роду дзесяць гадоў, мяне ў філіял Бабруйскай раённай дзіцячай школы мастацтваў дапусціла. Выкладчык харавога аддзялення ўвесь свой калектыў лічыць зорным, бо на яго рахунку мноства перамог на розных фестывалях, у тым ліку міжнародных. Але трох дзяўчат назвала асобна, мяркуючы, што іх чакае цікавы творчы лёс. Гэта Аляксандра Пахвалёная, Настасся Яблонская і Юлія Вяроўкіна.

Былая Бортнікаўская дзіцячая музычная школа па-ранейшаму спецыялізуецца выключна на музыцы, а ў кожным з класаў установы — фартэпіяна, баяна, цымбалаў, домры, балалайкі... — займаецца па пяць — сем чалавек.

— Для сельскай мясцовасці гэта вельмі высокі паказчык, — запэўнівае Ірына Васільеўна. — А на маім аддзяленні аж 14 вучняў! Працуй Дом культуры, можа, хтосьці з дзяцей наведваў бы толькі яго гурткі. Аднак і сцвярджаць, што яны ходзяць у філіял ад безвыходнасці, было б у корані няслушным. Вы ж самі чуеце, які гвалт стаіць у актавай зале, дзе мы з вамі размаўляем. Бачыце, як хлапчукі і дзяўчынкі чакаюць, калі ж пачнуцца заняткі.

Што праўда, то праўда: дзеці гаманілі, але паціху, і крыху дакорліва пазіралі ў мой бок — маўляў, прыйшоў тут, не дае нам паспяваць. Не ўсе яны, зразумела, стануць музыкантамі, але судотык ужо ў юным узросце з прафесійным мастацтвам абавязкова пакіне важны след у іх душах.

— Ужо, здавалася б, дзецюкоў у хор цяжка прывабіць, — працягвае Ірына Мізгер. — Ім, хутчэй, вуліца патрэбна, дзе можна пагарэзіць. А да мяне двое прыходзяць, і без прымусу бацькоў. Ведаю, што, скажам, Дзіма Даўматовіч хоча стаць дальнабойшчыкам, а зараз ён па-сапраўднаму захоплены музыкай, займае на конкурсах прызавыя месцы па сальфеджыа.

Развітваючыся, Ірына Васільеўна папрасіла “К” згадаць у артыкуле Бортнікаўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі — сад — сярэдняя школа Бабруйскага раёна, які некалі прытуліў філіял. І абавязкова яго загадчыцу Таццяну Аляксандраўну Дучкову, чалавека, што шчыра клапоціцца пра дабрабыт кіраванай ёй установы. “Майму аддзяленню так была патрэбная калонка, і тры гады таму нам яе купілі, — заўважае спадарыня Мізгер. — Ноўтбукам ж пакуль абыходжуся ўласным — дзеці любяць спяваць пад інструментальныя фанаграмы. Шнуравые мікрафоны яшчэ б набыць, і тады мы будзем абсалютна шчаслівыя!”

А рэцэнзент культурнага жыцця Вялікіх Бортнікаў Раіса Мазурэнка пра сябе кажа стрымана: “Ды нічым асаблівым я ў нашым аграгарадку не знакамітая: усе жанчыны на вёсцы займаюцца рукадзеллем — хто больш, хто менш. Мяне да яго ў самым раннім дзяцінстве прызвычаілі старэйшыя сёстры. І цяпер працягваю нешта такое рабіць, а пару тыдняў таму ўнучка ў інтэрнэце паказала, як вышываць бісерам, я паспрабавала і мне спадабалася”. Манетызаваць хобі Раіса Паўлаўна не спрабавала, але работы яе перыядычна выстаўляліся ў мясцовым ДК і ў раёне на розных імпрэзах. Некаторыя з іх былі адзначаны граматамі. Пры гэтым мая суразмоўца наракае, што вучняў у яе няма, маўляў, народныя рамёствы наогул сёння ў моладзі не ў пашане: захопіцца яна імі спачатку, а потым камп’ютары бяруць верх.

Каментарый Раісы МАЗУРЭНКА:

— Жыццё тут яшчэ ў пачатку 1990-х бурліла. Столькі гурткоў у Доме культуры было, усе іх і не ўспомніць. Але ў пошуках лепшай долі жыхары паволі раз’язджаліся, ДК стаў пусцець. У дзяцей з’явіліся іншыя інтарэсы, многім з іх прапанаваныя мерапрыемствы сталі без патрэбы, яны без асаблівага задавальнення прымалі ўдзел і ў іх падрыхтоўцы, а ў аб’яднаннях паўсталі праблемы з прыцягненнем людзей. А зараз установа наогул прастойвае, і куды дзявацца тым, хто хоць неяк падтрымліваў яе дзейнасць? Два разы на тыдзень збірацца ў вестыбюлі Дома культуры?

Скажаце, зноў вам прапанавалі “старыя песні”, і пра тое ж, — што чарговаму Дому культуры неабходны рамонт, моладзь у бібліятэку бясконцым патокам не імкнецца, вёска страчвае жыхароў, а маладых спецыялістаў сюды не даклікацца, і наогул жыццё раней на вёсцы было весялейшым. Але не я пра тое “спяваю”, я транслюю боль тых, хто існуе ў такой рэальнасці штодня. І кожны дзень стараецца размаляваць часам ужо сапраўды шэрыя будні аднавяскоўцаў каляровымі фарбамі творчасці. Атрымліваецца гэта і ў Вялікіх Бортніках, за што работнікам культуры аграгарадка гонар і хвала. Аднак праблемы нікуды не знікаюць, а таму, на жаль, “песням” — усё яшчэ быць…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"