Вучыўся мастацтву Іван Нічыпаравіч у тыя гады, калі Беларусь яшчэ не мела сваёй мастацкай ВНУ. У Мінску была толькі мастацкая вучэльня, якую ён і скончыў у 1952 годзе. Па вялікую навуку паехаў у Маскву, у Інстытут імя Сурыкава. Завяршыў навучанне ў 1958 годзе. Мяркую, менавіта ў Маскве сфарміраваўся і ягоны почырк і светапогляды. Усё жыццё ён быў прыхільнікам рэалізму, што бярэ пачатак у мастацтве расійскіх перасоўнікаў.
Але колеравая пабудова ягоных карцін і эмацыйны мазок сведчаць пра мастака як пра знаўцу імпрэсіянізму. Можа не ў эстэтычных прыярытэтах справа, а ў самой натуры мастака. Быў ён асобаю грунтоўнай, у жыцці і мастацтве паважаў канкрэтыку, а прыхаваную ў нетрах душы эмацыйнасць выяўляў у мадэляванні формы, калі вонкавыя абрысы ўжо былі вызначаныя.
Дзяцінства Івана Нічыпаравіча прыпала на Вялікую Айчынную. Хоць быў малы, але партызаніў. А потым яшчэ і ў дзеючай арміі паслужыў. У падраздзяленні, што забяспечвае на дарогах вайны рэгуляванне транспартных патокаў. У ягоныя абавязкі ўваходзіла пісаць указальнікі з назвамі населеных пунктаў і адлегласці да іх, па якіх арыентаваліся савецкія вайскоўцы. Мяркую, з асаблівай асалодай ён пісаў фарбай “БЕРЛИН” і лічбу адлегласці, якая з кожным днём памяншалася — “50 км”, “30 км”, “10 км”… Гэта быў ягоны ўнёсак у Перамогу. Менавіта гэтымі артэфактамі, зафіксаванымі на мностве фатаграфій франтавых карэспандэнтаў, Ваня Стасевіч увайшоў у гісторыю ХХ стагоддзя.
Тэма Вялікай Айчыннай была стрыжнявой у ягонай творчасці. Аддаў сваімі карцінамі ён павагу і салдатам мірнага часу — шахцёрам Салігорска. З вялікай цеплынёй пісал партрэты такіх жа як ён малалетніх удзельнікаў вайны, ужо сталых людзей. Пры жыцці Іван Стасевіч быў нібыта ў ценю іншых, больш прыкметных, больш эфектных творцаў. Сёння ж ягоныя карціны ўспрымаюцца як гістарычны дакумент і хроніка душы. Вялікі дзякуй яму, салдату і мастаку.