Трымценне першага кахання

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

“Канешне, усе павінны быць добрымі да іншых. Гэта значыць, што мы мусім іх ашукваць”, — даводзіць бацька сыну, а той крывіцца і не хоча падманваць. Лісы спрадвеку культывуюць хітрасць, аднак у самавітым сямействе нарадзіўся нашчадак, які хоча быць добрым. Як жа лісяняці Людвігу Чатырнаццатаму пайсці супраць устояў сям’і і застацца такім, якім “бачыш сябе”? А яшчэ — сябраваць з блізкімі па духу нават тады, калі бацькі супраць такіх адносін? Клубок складаных унутраных адчуванняў пад трымценне пачуццяў ад цеплыні першага кахання распутваў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. У яго рэпертуары з’явілася “Тута Карлсан Першая і адзіная” ў пастаноўцы піцерскага рэжысёра Кацярыны Ложкінай-Бялевіч.

/i/content/pi/cult/763/16496/010.JPGНовы сталічны тэатральны сезон распачаўся з выдатнай падзеі. Для мяне, як для крытыка, “Тута Карлсан Першая і адзіная” задала тон карагоду прэм’ер на сталічных пляцоўках. Чаму спектакль з узроставай катэгорыяй 6+ можна лічыць прафесійнай планкай, якой мусіць вымяраць іншыя пастаноўкі? Бо сталічны Тэатр лялек у чарговы раз прадэманстраваў, як трэба працаваць з матэрыялам і акцёрамі. Аднак аб усім па парадку.

На мінулым тыдні мяне запрашалі выступіць у якасці эксперта ў Тэатральны клуб TheatreHD. Ад гледача, які ходзіць не так часта ў тэатр, прагучала пытанне, як адрозніць добрага рэжысёра ад дрэннага. Дык вось унутры мяне даўно існуе камертон на гэты выпадак: сапраўдны рэжысёр не ілюструе тэкст, не “прачытвае” дадзенае драматургам ці пісьменнікам, а ставіць спектакль так, каб было бачна яго асабістае стаўленне да заяўленай у тэксце праблемы. Пастаноўшчык можа змясіць акцэнты, каб у фразах мінулага стагоддзя востра загучалі злабадзённыя тэмы. Найвышэйшым пілатажам становіцца такая праца з акцёрам, каб за прамоўленай фразай (а часам — і невыказанай, а толькі за паўзай, жэстам ці зменай палажэння цела) з’явіўся іншы падтэкст. Тады глядач у здзіўленні выдыхне: “Як жа я сам гэтага не прыкмеціў!”

На днях любімы беларускімі тэатраламі кіеўскі рэжысёр Стас Жыркоў у вострым выказванні на прасторы інтэрнэту пра ролю рэжысёра ў сучасным мастацтве катэгарычна заявіў, што тэатр — гэта месца для выказвання. У гэтым плане беларуская сітуацыя ў сцэнічным мастацтве блізкая да ўкраінскай: у нас вельмі часта бракуе асабістага рэжысёрскага меркавання. Таму на “Туту Карлсан” у абавязковым парадку я б прыводзіла студэнтаў: Кацярына Ложкіна-Бялевіч на аснове добра вядомай казкі Яна Улофа Экхольма стварыла сваю гісторыю пра станаўленне чалавека.

/i/content/pi/cult/763/16496/011.JPGЯе Людвіг Чатырнаццаты Ларсан (у яскравым выкананні Дзмітрыя Чуйкова), па сутнасці, — падлетак, які праз спробы і памылкі імкнецца выбіцца з рамак бацькоў, якія часта лічаць сябе ў праве вырашаць за маленькага чалавека, што ён павінен любіць, як ставіцца да той ці іншай падзеі, і з кім падтрымліваць кантакты, а каго “адфрэндзіць” яшчэ на стадыі знаёмства. Ён любіць бацьку Ліса, аднак дакладна бачыць падвоенае дно за псеўдааксіёмнымі словамі: “А есці ты хочаш? Кожны дзень? А каб есці, трэба падманваць”.

Спадарыня Ложкіна-Бялевіч пад чуллівую музыку Леаніда Паўлёнка выводзіць на сцэну герояў, якіх нельга падзяліць на добрых і дрэнных. Ларсан-старэйшы, у выкананні цудоўнага Дзмітрыя Рачкоўскага, злодзей? Аднак хто, як не ён, выдатна выхаваў сына, інакш бы той не мог так дакладна акрэсліць, чаго адназначна не хоча. Сабака Максіміліян (надзвычай трапны вобраз стварыў Ілья Соцікаў) — жудасны вартаўнік, які не пускае лісяня на сустрэчу з куранём Тутай? Аднак менавіта такса напраўляе людзей, якія аб’явілі паляванне на ліс, па ілжываму следу, а сямейства Ларсанаў прапускае хавацца ў куратнік. Ды і над галоўнымі героямі не заўсёды лётаюць матылькі: рамантычныя позіркі і нявінныя абдымкі перамяжаюцца з практычна па-даросламу сур’ёзнымі сваркамі.

У выніку, спектакль можна счытваць на розных узроўнях. Самыя маленькія з захапленнем будуць разглядаць стракатыя плоскасныя лялькі ад мастака-пастаноўшчыка Людмілы Скітовіч, радавацца, калі такія “свае” заплечнікі ў выглядзе жывёл час ад часу будуць пераўтварацца ў Людвіга і Туту, ды гадаць, якое акенца адкрыецца ці дошка пасунецца, каб выпусціць герояў на вочы гледачоў. Спадарыня Скітовіч стварыла арыгінальную канструкцыю, што па колькасці прыхаваных таямніц дасягае ступені магічнасці старадаўняга бабулінага буфета. Напрацягу спектакля з’яўляюцца ўсё новыя пляцоўкі для ігры, прыстасаваныя пад розныя сістэмы лялек — нават пад тэатр ценяў. А пад канец дзеяння ўвогуле раз’язджаецца, адкрыўшы нам самае сонечнае і бязмежнае месца для сустрэч двух зусім непадобных адзін да аднаго герояў.

Для дзяцей 10 — 12 гадоў гэтая пастаноўка дапаможа прымірыцца з бацькамі. Бо са сцэны ў сцэну “дарослыя” Ларсан-старэйшы і Максіміліян, як толькі заставаліся па-за пільнымі поглядамі малечы, гублялі свой сур’ёзны тон і ператвараліся ў звычайных людзей з такімі ж сумненнямі, думкамі і спадзяваннямі, як і дзеці, ад якіх яны так старанна хаваюць свае лепшыя якасці.

Матулі і таты ў многіх момантах пабачаць сябе. А для аматараў тэатра і прафесіяналаў “Тута Карлсан” — глыток свежага паветра, бо дзе яшчэ можна атрымліваць асалоду ад неверагодна дакладных ацэнак акцёраў, ад іх характарнай ігры, ад мноства яскравых дэталяў, ад віртуознасці падтэкстаў, ды нават проста ад відавочнага задавальнення саміх акцёраў ад зробленай работы.

На гэтым спектаклі відавочна праяўляюцца словы галоўнага рэжысёра Тэтра лялек Аляксея Ляляўскага пра тое, што ў лялечнікаў няма падзелу на індывідуальныя акцёрскія работы — пастаноўка жыве за кошт выдатнага акцёрскага ансамбля. Прастадушнасць і мэтанакіраванасць Людвіга XIV выкрышталізоўваецца на кантрасце з шматбаковым вобразам Ларсана Старэйшага. Стальны характар пяшчотнай Туты ў выкананні чароўнай Любові Клок праяўляецца побач з такім непадобным да яе закамплексаваным лісянём. Актрыса Яна Агеенка ўвогуле выходзіць з-за шырмы практычна толькі на паклоне, аднак без яе работы не склалася б мноства фактурных сцэн ад лясных сустрэч да практычна кіношнага палявання на ліс.

Лёгкі па форме і шчыры на эмоцыі спектакль проста абавязаны стаць глядацкім бестселерам. Больш патрабаваныя тэатралы таксама не застануцца без задавальнення: рэжысёр Кацярына Ложкіна-Бялевіч працягнула лепшыя традыцыі айчыннага лялечнага мастацтва, паказаўшы спектакль, багаты на арыгінальныя хады пастаноўшчыка і імправізацыю акцёраў, празрысты па пабудове і глыбокі па колькасці ўзнятых пытанняў, што паўстаюць перад дзецьмі падчас іх сталення. “Тута Карлсан” — самы просты і неназойлівы спосаб для бацькоў урэшце знайсці час на тое, каб пагаварыць з падрастаючым пакаленнем пра жыццё і пошук свайго “Я” ў мудрагелістым свеце, які выбудоўвае сучаснае грамадства.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"