Раскоша, на якой нельга эканоміць

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Мне даводзіцца бываць на пасяджэннях кіраўніцтва Саюза мастакоў і амаль кожны раз чуць ад вядомага жывапісца, прадстаўніка адной з творчых суполак, прапанову тэрмінова наладзіць ліставанне ў адпаведныя ўладныя структуры аб аднаўленні сістэмы дзяржаўных заказаў на сацыяльна значныя творы выяўленчага мастацтва — фактычна вярнуцца да таго, што ўжо было ў нашай гісторыі.

/i/content/pi/cult/763/16494/07.JPGВыступовец упэўнены, што сёння нашай грамадзе для выхавання патрыятызму не стае карцін узроўню славутага палатна Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года” ці не менш вядомых твораў Міхаіла Савіцкага. Сапраўды, годным чынам у нашым выяўленчым мастацтве адлюстраваны хіба што перыяд Вялікай Айчыннай вайны, між тым як мы мусім ганарыцца ўсёй тысячагадовай гісторыяй беларускай дзяржаўнасці.

У спрэчку з рупліўцам ніхто не ўступае, але заўжды знаходзіцца нехта, хто раіць яму трымацца нашых рэалій і не турбаваць дзяржаўныя структуры праблемай, займацца якой яны сёння наўрад ці стануць, маючы справы больш пільныя.

Творчасць заўжды рызыка і, часта, адсутнасць стабільнага заробку. Таму ў прапанове згаданага рупліўца чуюцца, як мне падаецца, акрамя заклапочанасці пра духоўны стан грамадства, таксама і ноткі асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці. Калі б у нас насамрэч існавала разлічаная на дзесяцігоддзі дзяржаўная праграма прапаганды і папулярызацыі нашых культурна-гістарычных каштоўнасцяў, мастакі, здольныя высока трымаць планку прафесіяналізму, мелі б гарантаваную работу і заробак. Ды і за нацыянальную мастацкую школу турбавацца не даводзілася б.

Калі ў 1991 годзе Беларуская ССР ператварылася ў Рэспубліку Беларусь, тэма гістарычных каранёў нацыі, трэба шчыра прызнацца, была актуальнай толькі для даволі шчыльнага кола інтэлектуалаў. Для шырокай жа грамады яна не тое, што была другаснай — яе проста не існавала. На той момант насамрэч разумным і лагічным было не турбаваць грамаду пытаннямі, да рашэння якіх яна яшчэ не саспела, і захаваць у якасці сімвала сацыяльнай стабільнасці знакавыя аб’екты культурна-гістарычнай спадчыны савецкай эпохі. Бо што ні кажы, а мы ўсе — і кансерватары, і радыкалы, з той эпохі выйшлі. Праўда, з розным досведам… Захоўваючы помнікі Леніну і мемарыялы Вялікай Айчыннай, мы рупіліся не толькі пра матэрыяльныя аб’екты ды духоўныя ідэалагічныя сімвалы, але і пра спакой у беларускім грамадстве.

А паралельна, па меры ўмацавання палітычнага і духоўнага суверэнітэту краіны, з’яўляліся помнікі дзеячам нашай дакастрычніцкай мінуўшчыны. Спачатку — людзям культуры і мастацтва, потым — валадарам і палітыкам. У Полацку стаіць помнік легендарнаму Усяславу “Чарадзею”, у Слуцку — князёўне Настассі, у Віцебску — Альгерду. Вось і зусім нядаўна мы былі сведкамі адкрыцця помніка Гедыміну ў Лідзе і Льву Сапегу ў Слоніме. Ужо ідзе прадметная гаворка пра ўшанаванне Міндоўга помнікам у Наваградку, а Вітаўта — помнікам у Гродне. Так што працэс рушыць у адпаведным напрамку.

Але трэба браць да ўвагі, што ў шэрагу выпадкаў значныя мастацкія аб’екты гістарычнай тэматыкі з’яўляліся не ў выніку рэалізацыі афіцыйнай праграмы прапаганды нацыянальнай ідэі (такой праграмы папросту няма). Гэта была або ініцыятыва саміх мастакоў — так пэўныя эпізоды гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ўвасобілі ў сваёй творчасці Гаўрыла Вашчанка і Міхась Басалыга, або як ініцыятыва грамадскіх арганізацый, кіраўніцтва культурніцкіх устаноў, канкрэтных актывістаў ці мясцовых органаў улады. Калі ж гаворка ідзе пра аб’екты агульна нацыянальнага значэння, дык, на жаль, спрацоўвае інэрцыя мыслення, паводле якой лепей не паглыбляцца ў гістарычныя нетры і не нерваваць суседзяў, якія прэтэндуюць на тую спадчыну, што і мы.

Да прыкладу, у часе рэканструкцыі Нясвіжскага замка народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік прапанаваў да рэалізацыі праект “Гістарычная карціна”, які, паводле задумы аўтара, мусіў дапамагчы і нам самім, і гасцям нашай краіны “больш наглядна і вобразна пазнаёміцца з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, іх жыццём і дзейнасцю”. Нізка з дзесяці карцін мусіла распавядаць пра генеалогію Радзівілаў увогуле і канкрэтна пра Мікалая Радзівіла Чорнага, Барбару Радзівіл, Мікалая Радзівіла “Сіротку”, іншых славутых асоб з роду “некаранаваных каралёў Вялікага Княства”, пра легенды і паданні Нясвіжа. Да рэалізацыі праекта спадар Уладзімір хацеў далучыць шэраг сваіх калег, здольных такую справу пацягнуць.

“У мэтах атрымання якасных мастацкіх твораў на вызначаныя гістарычныя тэмы, — пісаў у абгрунтаванні Уладзімір Тоўсцік, — было б мэтазгодна, пасля зацвярджэння саветам або выстаўкамам эскізаў, прызначыць гадавую стыпендыю мастакам, якія будуць працаваць над карцінамі. Па заканчэнні работы і прыёмцы яе саветам, прызначаным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, афармляецца заяўка на грант для закупкі для далейшага экспанавання ў музеях і выставачных залах”. Для “пастаяннай прапіскі” карцін спадар Уладзімір прапаноўваў знайсці памяшканне ў самім замку або ў пабудовах непадалёк ад яго.

Праект у тыя часы рэалізаваны не быў. І, як слушна мяркуе Уладзімір Тоўсцік, зусім не таму, што грошай не знайшлося. Проста чыноўнікі, ад каго залежыла ўхваліць ці заблакіраваць праект, вырашылі не рызыкаваць. Бо не ведалі як ставіцца да Радзівілаў і іхняй ролі ў беларускай гісторыі.

Але сёння ўжо партрэты Радзівілаў аздабляюць Нясвіжскі замак. Хочацца спадзявацца, што ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея згаданых вышэй праблем не ўзнікне…

Калі вядома, якія тэмы і сюжэты для дзяржавы прыярытэтныя, гэта здымае для мастака многія пытанні. Іншая справа, ці маем мы сёння канцэптуальна акрэсленую нацыянальную ідэю і адпавядаючую ёй палітыку, у тым ліку і палітыку культурніцкую? Ідэалогія заўжды і паўсюль будуецца на гісторыі — калі сапраўднай, калі міфалагізаванай. Нам прыдумляць сабе вялікую і гераічную гісторыю няма патрэбы — мы яе і так маем. Пэўныя крокі для ўмацавання гістарычнага грунта дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі ўжо зроблены. Выйшлі ў свет чатыры тамы (усяго іх будзе пяць) “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці”. Гэта грунтоўны дослед Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Стрыжнявая тэза доследу гучыць так: Беларусь на працягу сваёй гісторыі ўваходзіла ў склад шматнацыянальных утварэнняў — у Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю, пры гэтым ніколі не была чыёй-небудзь калоніяй, але заўжды — дзяржаваўтваральным чыннікам.

Гэта цалкам слушная думка патрабуе трансляцыі на нашу грамаду і сусветную супольнасць праз таленавітыя творы мастацтва. А каб такія творы з’явіліся, неабходна мэтавая дзяржаўная падтрымка. Мастацтва — раскоша, але эканоміць на ім, асабліва калі справа датычыць прэстыжу краіны, стратна. І страты гэтыя значна большыя, чым сродкі, выдаткаваныя на стварэнне мастацкага шэдэўра.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"