Стрэлы “Белай Вежы”

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

У Брэсце завяршыўся ХХІV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”. Ён працягваўся больш за тыдзень, складаўся з 28-мі спектакляў 13-ці краін свету, паказаных на пяці пляцоўках. А таксама ўключаў штодзённыя аналітычныя абмеркаванні ўбачанага з запрошанай інтэрнацыянальнай камандай тэатральных крытыкаў, удзельнікамі і журналістамі. Такі фармат, прыняты на многіх прэстыжных форумах, дазволіў у атмасферы абсалютнай празрыстасці вылучыць лепшыя тэатральныя работы, сярод якіх аказаўся і прэм’ерны спектакль “Сотнікаў” Брэсцкага тэатра лялек.

/i/content/pi/cult/763/16492/3.JPGАсаблівасці

сёлетняй “Белай Вежы” заключаліся ў яе спалучэнні з тысячагоддзем Брэста, што значна паўплывала на праграму, якая стала, калі можна так сказаць, больш святочна-адпачынкавай. Сярод бяспройгрышных “хэдлайнераў” былі Канстанцін Райкін з паэтычным мона (але наўрад ці спектаклем) “Звычайныя словы”, Дзяржаўны акадэмічны тэатр класічнага балета Наталлі Касаткінай і Уладзіміра Васілёва з пастаўленым у 1971 годзе “Стварэннем свету” (прыезд калектыву быў прафінансаваны расійскім Федэральным цэнтрам падтрымкі гастрольнай дзейнасці) і вечар-канцэрт “Ад 17 да 70. Ваш Уладас Баглонас”, больш падобны на творчую сустрэчу з вядомым літоўскім артыстам, які дэманстраваў фрагменты фільмаў і спектакляў са сваім удзелам і захапляльна расказваў пра іх і пра сябе, а таксама спяваў.

У фестывальную афішу найперш увайшлі калектывы гарадоў-пабрацімаў. А той жа Львоўскі акадэмічны тэатр “Васкрэсіння” на чале з Яраславам Федарышыным, які неаднаразова скараў брэстчан глыбока канцэпцыйнымі вулічнымі праектамі, у тым ліку паводле рускай класікі, арганізатары папрасілі зрабіць штосьці яркае і відовішчнае менавіта “для адкрыцця” — і атрымалі “Карпацкі калейдаскоп”, дзе пераважала вогненнае шоу.

Нязмушана “адпачынкавы” стан падтрымлівалі і камедыі “з сэнсам”, і сямейная вулічная казка “Каменны” з маскамі і лялькамі, у чарговы раз пераканаўшы, што “жанры разные нужны, жанры всякие важны”, бо справа не ў іх саміх, а ў тым, наколькі вынаходліва, прафесійна і цікава яны вырашаюцца.

“Лекі ад дэпрэсіі”
Адэскага рускага тэатра, сабраўшы аншлаг, маглі крыху пацешыць неспрактыкаваную публіку, а для астатніх ператварыліся, наадварот, у

сродкі “для дэпрэсіі”

Пастаноўшчыкі так баяліся “нагрузіць” гледача хоць якім паваротам мазгавых звілін, што нават абрэзалі фінал п’есы Аляксандра Валадарскага з яго выхадам на больш глыбокія філасофскія развагі пра жыццё і смерць.

“4-е вымярэнне” тэатра “Лучафэрул” з Кішынёва прадэманстравала папраўдзе бенефісныя камедыйныя ролі трох таленавітых артыстаў. Але жаданне абавязкова насмяшыць гледача без аніякіх адхіленняў у іншыя жанрава-стылёвыя вымярэнні, прадугледжаныя сучаснай італьянскай п’есай “Трое на арэлях”, мела супрацьлеглы эфект.

/i/content/pi/cult/763/16492/4.JPGТое ж тычылася “Пышкі” Арэнбургскага тэатра імя Максіма Горкага. У аснову была пакладзена не аднайменная навэла Гі дэ Мапасана, а створаная паводле яе матываў п’еса Васіля Сігарава, што выводзіць пачатковую этычную праблематыку на ўзровень апакаліпсіса. Абраныя сродкі падкрэсленага парадыравання, фарса, крыклівая манера сцэнічнага маўлення так стамілі публіку, што частка яе збегла ў антракце. А ў другой дзеі, між тым, спектакль часткова “выруліў” на больш тонкія фарбы і развагі, працягваючы традыцыі канцэпцыйных пастановак 1980-х.

Павярхоўным адлюстраваннем дзённіка дзяўчынкі, што разам з іншымі хавалася ад нацыстаў, стала “Ганна Франк” з Цюмені. Пры ўсёй натуральнасці сцэнічнага маўлення і нязмушанасці акцёрскіх паводзін дзея больш нагадвала будні “камуналкі” — яшчэ і з-за абранай п’есы Асі Валошынай.

Наколькі ўразіў два гады таму Батумскі тэатр імя Ільі Чаўчавадзе сваім абсурдысцкім “Сіндромам” паводле Мрожэка, настолькі расчараў сёлетнім спектаклем з наварочанай назвай “KLDIACHVILI.GE #Зверайінадзеяй” паводле грузінскай п’есы “Няшчасце” канца ХІХ стагоддзя. Ставіў той жа самы рэжысёр Андро Енукідзе, але кудысьці зніклі не толькі яркі нацыянальны каларыт, але і майстэрства акцёраў, быццам прафесіяналаў замянілі на аматараў. Можа, справа зноў была ў п’есе?

Драматургічныя і сэнсавыя хібы сучаснай п’есы Дзмітрыя Данілава з Расіі адбіліся на спектаклі гаспадароў — “Сярожа вельмі тупы” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дзе быў шэраг рэжысёрскіх прыдумак-
разыначак Дзяніса Фёдарава.

/i/content/pi/cult/763/16492/5.JPGНадта шмат праблем аказалася ў аўдыя-тактыльным спектаклі для слабавідушчых і невідушчых дзяцей “Сябры Фядоры” Усходне-Казахстанскага тэатра. Дазволіўшы частцы юных гледачоў, выведзеных на сцэну, памацаць сцэнічныя прылады і цацкі, артысты аглушылі крыкам, звонам посуду, што збег ад неахайнай гераіні Карнея Чукоўскага.

Не стаўся творчай перамогай “Сымон-музыка” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебска ў пастаноўцы яго мастацкага кіраўніка Міхася Краснабаева. Жанрава акрэслены як “мелодыя парванай струны”, ён ператварыўся ў дэкламацыю скарочанага тэксту паэмы з візуальнымі “ілюстрацыямі”.

Ды ўсё ж, бадай, самымі правальнымі аказаліся “У Лукамор’я…” Бранскага тэатра лялек і асабліва “Мой Марат” з маскоўскай “Садружнасці акцёраў Таганкі”. Абодва спектаклі сабралі поўныя залы, але бедныя тыя гледачы, якія туды патрапілі: гэта магло цалкам расчараваць іх і ў фестывалі, і ў тэатральным мастацтве ўвогуле — тым больш, прывезеным “з самой Масквы”.

Думаецца, падобныя праблемы фестывалю — у недастатковасці сродкаў. З замежжа, асабліва “далёкага”, прыязджаюць пераважна “былыя нашы” (прыкладам — этна балет “Свяшчэнная жанчына” ў пастаноўцы, харэаграфіі і выкананні Даны Муса з Казахстана, якая зрабіла кар’еру ў Парыжы). І тыя, хто згодны абыйсціся без прыстойнага ганарару. Але сярод апошніх таксама трэба праводзіць непрадузяты адбор, не спакушаючыся на праславуты “бясплатны сыр”, бо імідж фестывалю і выхаванне (а часам і захаванне) добрага густу гледачоў куды даражэйшыя.

Прыкладам — другі полюс удзельнікаў, дзе апынуліся

Пераможцы

Лепшым спектаклем “буйнога фармату” быў прызнаны “Дзядзька Ваня” з Венгрыі ў пастаноўцы вышэй згаданага ўкраінца Яраслава Федарышына. Гісторыю пра рускую тугу аб страчаным жыцці рэжысёр перавёў у галіну біблейскіх прыпавесцей, насычаных архетыпамі. Атрымаўся аповед пра ілжэпрарока, у якасці якога апынуўся прафесар Серабракоў. Сюжэт “з рускай глыбінкі” быў прачытаны ў кантэксце заходнееўрапейскага мастацтва са шматлікімі спасылкамі — ад жывапісу Рэнесансу да сучаснасці. Найтонкія псіхалагічныя зрухі, жыццё душы перадавалася праз пластыку, часам раўназначную харэаграфічнай. Узнікалі і відавочныя перазовы з… балетам “Ціль Уленшпігель” нашага Валянціна Елізар’ева, дзе мастаком быў Яўген Лысік з Львова: “рулявое кола” ў сцэнаграфіі, “павучынае аблічча”, што выкрывае чалавечыя заганы, нават некаторыя рухі з першага Адажыа Ціля і Нэле, літаральна працытаваныя чэхаўскімі героямі ў сцэне любоўнага прызнання.

Лепшым спектаклем малой формы стаўся “Прадукт” са Штутгарта паводле парадыйнай камедыі Марка Рэвянхіла. Аляксей Борыс, яшчэ дзіцём прывезены бацькамі ў Германію, іграе яго выключна па-нямецку. Але для нашага фестывалю сыграў яго па-руску — бліскуча, тэмпераментна, з суцэльнай нізкай акцёрскіх знаходак, дадаткова пацвердзіўшы: чым больш чалавек таленавіты рэальна, а не “віртуальна”, тым больш ён сціплы, згодны зрабіць усё, каб як мага больш поўна данесці задуму.

Лепшай рэжысурай вызначаўся згаданы “Сотнікаў”, пастаўлены запрошаным з Санкт-Пецярбурга Русланам Кудашовым, з якім у Брэсцкага тэатра лялек існуе даўняе і вельмі плённае супрацоўніцтва. Аповесць Васіля Быкава “пра вайну” была прачытана як нейкі новы пераклад Бібліі — з адпаведнымі спасылкамі да іканапіснага мастацтва (больш падрабязна пра гэту прэм’еру, што апынулася ў фестывальнай афішы ў самы апошні момант, літаральна за пару гадзін да паказу, замяніўшы добра вядомую “Новую зямлю” таго ж тэатра, — у адным з наступных нумароў “К”).

За лепшую жаночую ролю была адзначана Дарота Ландоўска з Любліна ў польскай манадраме “Стрыеньска. Давай патанчым, Зоф’я!” На жаль, гэтаму спектаклю неставала перакладу і творчых работ мастачкі, пра лёс якой распавядалася.

За лепшую мужчынскую ролю ўзнагародзілі народнага артыста Украіны Аляксандра Якімчука ў нацыянальнай камедыі “Шальменка-дзяншчык” Валынскага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі, аздобленай песенна-танцавальнымі ўкрапваннямі. Традыцыйны вадэвіль быў выкананы старэйшым пакаленнем артыстаў, як кажуць у такіх выпадках, на ўсе сто (і нават дзвесце), а вось малодшым, за рэдкім выключэннем, — дзесьці напалову, калі не менш, у каханне не верылася.

Лепшым акцёрскім ансамблем вылучаўся “Вішнёвы сад” з Балгарыі. Спектакль пярэсціў цікавосткамі: прыём “тэатра ў тэатры”, выкарыстанне маналогаў з іншых п’ес (“На дне”, “Рамэа і Джульета”), перанос гледачоў на сцэну, а артыстаў — на палоску авансцэны і ў глядзельную залу, размежаванне дзеяння на інфантыльных інтэлігентаў і энергічных, часта хамаватых слуг, здольных пасунуць сваіх гаспадароў. Але гэтыя і іншыя ідэі расійскага рэжысёра Васіля Сеніна не атрымалі, на жаль, завершанай распрацоўкі.

Дыплом “За новую шчырасць” атрымаў сторытэлінг “#МаціНаЎсходзе” Пацанскай кампаніі #тэатр_чо з Масквы. Трое хлопцаў, у адпаведнасці з абранымі метадам і кірункам, па чарзе распавядалі цікавыя гісторыі свайго дзяцінства, цягам дзвюх гадзін трымаючы ўвагу публікі — без усялякага антуражу, за выключэннем “дададзенага” хлопца з гітарай. Гэты праект можна было ў поўным сэнсе назваць маладзёжным: ён быў цалкам

створаны моладдзю

Увогуле, сярод такіх спектакляў “рулявалі” беларусы. Клас-канцэрт “Школа.метро.сны” Вышэйшай школы сцэнічных мастацтваў з Масквы, больш вядомай як школа Канстанціна Райкіна, аказаўся наборам часам не самых вынаходлівых эцюдаў першакурснікаў. На яго фоне раскрытыкаваны расійскай тэатразнаўцай “Вій” Тэатральнай майстэрні “Студыёзы” ў пастаноўцы і сцэнаграфіі Вячаслава Сашчэкі, апантана разыграны студэнтамі БДУКіМ, успрымаўся сапраўдным шэдэўрам. Дый без таго гэты праект, жанрава акрэслены “страшэнным жартам”, успрымаўся паўнавартасным спектаклем, сцэнаграфічныя эфекты якога былі зроблены з некалькіх крэслаў, мабільнікаў і ноўтбукаў. Яшчэ больш уразіла тое, наколькі спектакль узрос, узбагаціўся адточанымі дэталямі за час свайго існавання.

Вельмі ўдалым, на адным дыханні быў паказ “Жоўтага пясочка” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Звернуты да розуму, а не аголеных эмоцый, гэты дыпломны спектакль Камілі Хусаінавай паводле апавядання Васіля Быкава таксама атрымаў сваю порцыю крытыкі — ад той жа “самай строгай”, але вельмі прафесійнай тэатразнаўцы Уладзіславы Купрыной з Масквы. Што ж, гледачы на ім сапраўды не выціснулі ніводнай слязінкі. Але, можа, так было задумана?

Затое сярод спектакляў, якія крыху страцілі пачатковы запал і выверанасць кожнай дробязі, апынуліся такія неаднаразова ўганараваныя і вельмі таленавітыя работы, як “Мая сям’я ў маім валізку” з Арменіі і “Самы маленькі самалёт на свеце” Магілёўскага тэатра лялек.

Кожны спектакль, як ні круці, патрабуе пастаяннага клопату. А фестываль — тым больш! Пажадаем “Белай Вежы”, каб да свайго 25-годдзя наступнай восенню ўсе пушчаныя ў яе сёлета крытычныя стрэлы яна перакавала ў стрэлы Амура.