Што было да Рагвалода?

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Першым горадам, які годзе прыняў у сябе Дзень беларускага пісьменства, быў Полацк. Менавіта з 1994 года аналагічныя мерапрыемствы штогод праходзяць у гарадах краіны. Полацк і Тураў (сталіца другога па ліку свята) прымалі Дзень пісьменства двойчы. У 2003 годзе ў Полацку былі ўсталяваны два помнікі: Сімяону Полацкаму, а таксама літары “Ў”. Летась горад аздобіўся помнікам князю Усяславу Брачыслававічу (Чарадзею), а ў 2004 годзе адбылося асвячэнне і адкрыццё капліцы, прысвечанай воінам-афганцам з Полаччыны.

 /i/content/pi/cult/173/1649/Polazk.jpg

Сёння Полацк чакае ўключэння матэрыяльных архітэктурных каштоўнасцей у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне па гэтым пытанні, па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, будзе прынята ў наступным годзе, а на гэтым тыдні спецыяліст Міжнароднага савета па ахове помнікаў са Славакіі правяла адпаведную экспертызу.

Цягам пяці гадоў ад апошняга праведзенага ў горадзе Дня пісьменства ўзніклі новыя музеі. У 2004-ым да музея-запаведніка далучыўся Дзіцячы, экспазіцыя якога размяшчаецца ў будынку, што з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Пра яго адметнасці “К” распавядзе ў бліжэйшы час. Літаральна праз год у воданапорнай вежы, што мае вышыню больш за 32 метры, створаны экалагічны музей. Яго плошча падзяляецца на чатыры экспазіцыйныя ўзроўні, на якіх прадстаўлены каля 800 прадметаў. Асноўная ідэя экспазіцыі — паказаць прыроду як каштоўнасць і аснову чалавечага існавання.
Традыцыйным стала скарынаўскае Свята кнігі, якое адзначаецца на Полаччыне штогод на пачатку восені разам з Днём ведаў. Не былі абыякавымі гараджане і да міжнародных экалагічных фестываляў, што прайшлі ў 2005 і 2006 гадах.
Сёлета ўпершыню адбыўся двухдзённы фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”, у якім прынялі ўдзел каля 20 рыцарскіх клубаў з усёй Беларусі. Сумесна з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы другі год запар праводзяцца канцэрты “Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі”, які ў гэтым годзе фактычна атрымаў статус міжнароднага праекта. Сталі ўжо традыцыйнымі і міжнародныя фестывалі арганнай музыкі “Званы Сафіі”, а таксама старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, што арганізаваны ў межах музея-запаведніка.
Сёння кожны госць Полацка можа заўважыць і рамонтныя работы ва ўстановах культуры, архітэктурных помніках, што вядуцца ў адпаведнасці з Праграмай комплекснага развіцця горада, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Распачаўся рамонт канцэртнай залы гарадскога Палаца культуры, а ў глядзельнай зале Дома афіцэраў плануецца зрабіць перапланіроўку і перадаць яе пад музей гісторыі горада. Таксама распрацоўваецца і план рэканструкцыі музея “Домік Пятра І”. Пры гэтым з удзелам гісторыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук і Полацкага дзяржаўнага універсітэта вядуцца археалагічныя даследаванні, якія ўжо зараз сведчаць пра яшчэ больш старажытны ўзрост горада, чым гэта цяпер прынята ў навуцы. 

Канстанцін АНТАНОВІЧ