З Башметам у метро

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

27 верасня ў Палацы Рэспублікі адкрываецца ХІV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. У праграме, як заўжды, шмат цікавостак, часцяком заснаваных на сінтэзе музыкі з іншымі відамі мастацтва.

/i/content/pi/cult/763/16489/1.jpgНачны канцэрт на станцыі метро “Пятроўшчына” спалучыць аркестравае выкананне з модным дэфіле. Ён так і называецца — “Ноч класікі ў метро. Модная версія”. Леташні “метровы” праект, таксама з удзелам East-West Chamber Orchestra на чале з мастацкім кіраўніком фестывалю Расціславам Крымерам, меў поспех, таму арганізатары вырашылі яго працягнуць.

Але ў сёлетняй фестывальнай праграме з’явілася і такая навінка з удзелам гэтага калектыву, як галаграфічнае шоу, з дапамогай якога будзе “намалявана-расфарбавана” сімфанічная музыка. Гэты канцэрт, названы “Візуалізацыя. Музыка і гісторыя”, пройдзе, як і большасць іншых, у зале сталічнай філармоніі. Каб атрымаўся запланаваны эфект, сцэну зацягнуць спецыяльнай срэбнай сеткай — вельмі тонкай, амаль зусім нябачнай. І яна ператворыцца ў “жывое палатно” — менавіта так даслоўна перакладаецца тэхналогія PepperScrim, раней не знаёмая нашай публіцы. Яшчэ больш важна, што “расквечаны-ажыўлены” з дапамогай галаграфіі будуць дзве сімфоніі Мечыслава Вайнберга. Ён скончыў Варшаўскую кансерваторыю як піяніст, але менавіта ў нас пачынаў вучыцца кампазіцыіі, пакуль не быў эвакуяваны ў Ташкент, дзе сустрэўся з Шастаковічам і потым разам з ім вярнуўся ў Маскву. Не менш важна і тое, што на гэтым канцэрце адбудзецца прэзентацыя кампакт-дыска з яго музыкай, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння кампазітара.

Як заўжды, будзе на фестывалі сусветная прэм’ера беларускага твора — прагучаць Дзве фрэскі для сімфанічнага аркестра нашага Дзмітрыя Лыбіна. І ў якім атачэнні! У тым жа канцэрце “Сучасная класіка. Вечар прэм’ер” упершыню ў Беларусі будуць выконвацца творы эстонскага кампазітара Эркі-Свен Тюйра, а сам ён стане ганаровым госцем фестывалю.

Прыедуць да нас і сусветна знакамітыя піяністы. Барыс Беразоўскі дасць сольны канцэрт, а Фазыл Сай выступіць са згаданым аркестрам Крымера. Запланаваны і такія ўжо традыцыйныя “фішкі” ў зале “Верхні горад”, як бэбі-канцэрт для самых маленькіх “Музыка твайго сэрца” і гала-канцэрт маладых музыкантаў. Закрыццё фестывалю пройдзе з удзелам віноўніка ўрачыстасцяў Юрыя Башмета і яго камернага ансамбля “Салісты Масквы”. Адкрыццём жа (ва ўсіх сэнсах слова) стане Лонданскі каралеўскі філарманічны аркестр на сцэне Палаца Рэспублікі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"