Юбілей Купалавага дому

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

23 верасня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбудзецца святочны вечар з нагоды 75-годдзя Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Чым адзначыцца ўрачыстае святкаванне, і з якімі набыткамі ды планамі падыходзіць музей да свайго юбілею, распавяла яго дырэктар Алена Ляшковіч.

/i/content/pi/cult/763/16488/_opt.jpeg— Музей быў заснаваны 19 мая 1944 года. Як сталася, што святкаванне 75-й гадавіны яго стварэння адбываецца ў верасні?

— У маі мы святкуем сваё прафесійнае свята — дзень музейнага работніка, таксама адбываецца агульнаеўрапейская Ноч музеяў, таму мы вырашылі перанесці святкаванне на верасень. Яшчэ адна прычына, чаму быў абраны менавіта верасень — акурат у гэтым месяцы ў 1945 годзе ў нашым музеі была адкрыта першая экспазіцыя. А Ноч музеяў сёлета мы адзначалі выставай “М75”, падчас якой былі прадстаўленыя 75 цікавых прадметаў з фондаў нашага музея.

— Як будзе выглядаць святкаванне 23 верасня?

— Мы хочам пазнаёміць гледача з гісторыяй музея і падзяліцца асалодай ад купалавых твораў. Тэатр імя Янкі Купалы як месца ўрачыстасці абраны невыпадкова, бо сёлета таксама спаўняецца 75 гадоў, як яму было нададзена імя паэта. Гэты тэатр — наш сталы партнёр, і наогул, гістарычна так склалася, што ўсе юбілеі і ўгодкі самога Янкі Купалы святкаваліся ў гэтым тэатры.

Падчас урачыстасці артысты тэатра пакажуць фрагменты са спектакля “Паўлінка”. Дзяржаўны ансамбль “Песняры” выканае праграму на вершы Янкі Купалы, а саліст Вялікага тэатра оперы і балета Ілья Сільчукоў праспявае купалаўскую “Спадчыну”. Таксама будзе ўпершыню публічна выкананы гімн музея, які напісалі Алесь Камоцкі і Навум Гальпяровіч — яго праспяваюць самі супрацоўнікі музея. На святкаванне запрошаныя таксама былыя супрацоўнікі музея, і мы хочам паказаць, што ўстанова развіваецца ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій — але мы не забываем і тыя традыцыі, якія былі закладзеныя нашымі папярэднікамі, і ўдзячныя ім.

Нам вельмі прыемна, што з юбілеем наш музей павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Таксама мы атрымалі віншаванні ад беларускай дыяспары ў Аргенціне, ад калег з мемарыяльнага аб’яднання музеяў Латвіі, з музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы ў Рэспубліцы Татарстан, дзе паэт жыў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў эвакуацыі. Музей у Пячышчах — адзіны па-за межамі Беларусі, прысвечаны памяці Янкі Купалы, ён з’яўляецца філіялам Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан.

— Якія планы мае музей? Ці чакаюцца змены ў экспазіцыі, новыя праекты?

— За год наш музей наведалі каля 129 тысяч чалавек — лічба, як для літаратурнага музея, даволі салідная. Сёння мы працуем над стварэннем новай экспазіцыі ў філіяле “Акопы” ў Лагойскім раёне — на месцы, дзе жыла сям’я Янкі Купалы. Экспазіцыя там была створаная ў 1992 годзе, але сёння з’явілася багата новага матэрыялу аб жыцці сям’і паэта, яго маці, сясцёр, іх сем’яў. У прыватнасці, будзе грунтоўна раскрытая тэма рэпрэсій, бо сям’я Янкі Купалы ў 1930 годзе была раскулачаная і ледзь не высланая ў Сібір — у апошні момант паэту ўдалося зняць сваіх родных з цягніка ў Барысаве. Экспазіцыя ў “Акопах” мусіць быць завершаная да канца года. На стварэнне гэтай экспазіцыі намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Наталля Стрыбульская атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Музей таксама актыўна працуе над ушанаваннем памяці пра паэта за межамі нашай краіны. Так, 29 кастрычніка мае быць адкрыты бюст Янкі Купалы ў Плісцы — гістарычнай сталіцы Балгарыі. Выканаў яго скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, а фінансава падтрымаў усталяванне ўладальнік мемарыяльнага комплексу “Двор кірыліцы”, на тэрыторыі якога будзе стаяць помнік — Карэн Алексанян.

Таксама мы працуем над выдавецкімі праектамі. Сёлета ў чэрвені выйшаў альбом “Янка Купала. Я адплаціў народу, чым моц мая магла” — гэта каталог, у якім змешчаныя мастацкія творы з калекцыі музея — яго прэзентацыя таксама наперадзе. Яшчэ адзін выдавецкі праект, які мусіць спрыяць папулярызацыі творчасці Янкі Купалы ў свеце — кніга перакладаў санетаў Песняра на шаснаццаць моваў свету. Дарэчы, мангольскаму перакладчыку вершы Янкі Купалы спадабаліся настолькі, што ён выдаў сваім коштам трохмоўную кніжку з імі — па-беларуску, па-руску і па-мангольску. Асобнай кнігай выйшлі таксама купалавы санеты на татарскай мове ў перакладзе паэта Рэната Харыса. Музей актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва — наогул, беларусам варта больш рашуча заяўляць у свеце аб сваіх выдатных земляках.