Полацкі раённы цэнтр культуры наладзіў свята народнай творчасці ў дзень 1157-годдзя горада. “Полацкі фэст” разгарнуўся на пляцоўцы ля помніка Сімяону Полацкаму. Рэдактар згаданай установы Кацярына Паўловіч піша што ў шасцігадзінным музычным марафоне бралі ўдзел пятнаццаць лепшых вакальна-харавых калектываў горада і раёна. Сярод іх — народныя ансамблі: песні — “Млын” Ветрынскага ГДК, вакальны — “Бела чайка” Азінскага СДК, хор Сільніцкага СДК, народнай песні — “Заманіха” і народная студыя эстраднага майстэрства “Тандэм” Полацкага РЦК, фальклору — “Галасы спадчыны” ансамбль песні “Фярцінка” Багатырскага СДК, народнай песні — “Галубіца” ЦК “Полацк”, народны клуб “Грай, гармонь любімая — Палачанка” Полацкага ГПК і іншыя… Аўтэнтычны каларыт святу надавала і Полацкая Гранд-батлейка. Актыўнасць работнікаў культуры гэтага раёна заслугоўвае ўсялякай ухвалы.
Вельмі рэдка даходзяць да нас лісты ад кіраўнікоў сельскіх клубаў. Сёння гэтую завядзёнку рашуча парушае Алена Альшук — загадчыца СК з аграгарадка Баруны, што на Ашмяншчыне. Спадарыня Алена паведамляе: “Работнікі нашай установы адправіліся днямі ў вёску Трасечанята, каб павіншаваць з 99-годдзем Кацярыну Дземідовіч. Кацярыну Аляксандраўну ўсе называюць бабай Касяй. Шмат ёй давялося перажыць на сваім вяку… Спачатку баба Кася расплакалася, а потым заявіла, што будзе спяваць разам з намі. Выконвалі “Пакаціўся туман па даліне”, “У церкви стояла карета…” А потым баба Кася папрасіла музыканта Паўла Дыско падыграць, калі яна заспявае прыпеўкі. Радаваліся і родзічы Кацярыны Аляксандраўны. Свята атрымалася не толькі з песнямі, але і з тортам”. Каб усе нашы навіны былі такімі аптымістычнымі ды цёплымі!
Яшчэ дзве інфармацыі з Ашмянскага раёна. Аліна Санюк распавядае пра народны тэатр гульні і забаў “Серпанцін” раённага цэнтра культуры. Тэатр выступіў днямі перад мясцовай дзятвой са спектаклем “Што такое добра? Што такое кепска?” Потым быў арганізаваны танцавальны флэш-моб. Танцаваць прымусілі нават Ябеду-Карабеду.
А Інга Гіз піша пра тое, што 7 верасня стартавала “Ашмянская пяцёрка”. Гаворка пра самы масавы забег раёна дыстанцыяй у пяць кіламетраў. Але мерапрыемства не абмежавалася толькі бегам. Свята вызначалася маштабнасцю, нават талісман сёлета з’явіўся — бык Ашмянчык. Імя яму выбіралі ўсім горадам, і прапаноў было шмат: Спорцік, Тарапыга, Ярошка, Бягунчык… Але Ашмянчык перамог большасцю галасоў. На старт выйшла каля пяці соцень бегуноў. Культурны бок мерапрыемству забяспечылі самадзейныя артысты горада.
Не менш сур’ёзная нагода для інфармацыі аказалася ў метадыста аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Ганны Францкевіч. Справа ў тым, што па выніках сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” названая ўстанова заняла трэцяе месца ў намінацыі “За пошукавую і даследчую работу”. Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу ішлі да перамогі не адзін год: адпраўляліся ў экспедыцыі, занатоўвалі ўспаміны сталых жыхароў, збіралі этнаграфічны матэрыял. У выніку з’явілася база легендаў і паданняў малой радзімы, вясковых летапісаў, даведак пра знакамітых землякоў і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Дарэчы, з базай можна пазнаёміцца на сайце бібліятэкі. Краязнаўчыя матэрыялы знайшлі адлюстраванне ў шэрагу метадычных распрацовак, сцэнарыяў, рэкламных буклетаў. Дзевяць легенд, аб’яднаных гідралогіяй раёна, сабраны ў кнігу “Астравеччына ў легендах”. Яна выдадзена да 550-годдзя Астраўца.
8 верасня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі гарадская акцыя Памяці і Смутку ды канцэрт-рэквіем. 78 гадоў таму замкнуліся кольца варожай блакады вакол Ленінграда, якая доўжылася 900 дзён і начэй ды забрала жыцці каля двух мільёнаў ленінградцаў. Арганізавалі мерапрыемства праўленні грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз блакаднікаў Ленінграда” і “Непаўналетнія ахвяры блакаднага Ленінграда”.
Пра знакамітую кнігу Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” згадвае мастацкі кіраўнік цэнтра культуры аграгарадка Бальшавік і студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аліна Шмат. На жаль, аўтарка свой раён не называе. Застаецца здагадвацца, што гэта ўсё ж Міншчына. Дык вось Аліна Валянцінаўна піша, што ўпершыню твор выйшаў у 1972 годзе на ўкраінскай мове ў Кіеве, на беларускай пабачыў свет — у 1977-м. Пра эсэ Караткевіча напісана шмат, штосьці новае сказаць тут вельмі цяжка. Але не магу не выказаць аўтарцы словы ўдзячнасці, бо менавіта “Зямля пад белымі крыламі” прымусіла многіх задумацца, у якім велічным краі яны нарадзіліся. І чакаю ад Аліны Шмат наступных пісьмаў. На гэты раз — пра дзейнасць цэнтра культуры, пра гурткі і самадзейныя калектывы і, натуральна, пра нестандартныя платныя паслугі.
Дырэктар палаца культуры горада Ліда Ірына Тур піша пра рэалізацыю “комплекснай праграмы “Арт-урок “Празапас”. Адзіны Дзень бяспекі перад пачаткам новага творчага і навучальнага года прайшоў пад дэвізам “Веды — сіла!” Музычнымі нумарамі аздобілі прафілактычнае мерапрыемства салісткі гуртка эстрадных спеваў “Мілашкі” і ўзорнай студыі бальнага танца “Феерыя-Дэнс”.
Інфармацыя на супрацьпажарную тэму прыйшла і з Бабруйска. Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей палаца мастацтваў Бабруйска Кацярына Крылова піша пра пазнаваўча-гульнявую праграму “Агонь памылак не даруе”. Гаворка ідзе пра экшн-квэст “Востраў бяспекі”, у рамках якога праведзена тэатралізацыя для навучэнцаў сярэдняй школы № 30 і гімназіі № 1.
Чарговая інфармацыя пра адзіны Дзень бяспекі — з Алекшыцкай сельскай бібліятэкі (Бераставіцкі раён). Бібліятэкар гэтай установы Зоя Хлебнікава паведамляе пра супрацьпажарную дзіцячую гульню з удзелам прадстаўнікоў мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Нават майстар-клас “Я выклікаю пажарных” прайшоў. Дзецям былі паказаны тэматычныя мульцікі.
Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Юлія Міхайлава распавяла: “1 верасня бібліятэка арганізавала святочную пляцоўку “Кожная зямля мае тых, хто яе праслаўляе”. Гараджанам і гасцям Шчучына былі прапанаваны тэатральныя нумары па творах Цёткі “Сірацінка” ды “Асот і крапіва”. Можна было наведаць з віртуальнымі экскурсіямі літаратурна-мемарыяльны музей Алаізы Пашкевіч і клуб-музей Чэслава Немэна, паслухаць лепшыя канцэрты сусветна вядомага музыканта, 80-гадовы юбілей якога сёлета адзначаецца. Цягам дня дзейнічаў майстар-клас “Зробім кніжку сваімі рукамі”. На выставах экспанаваліся кружэлкі Немэна і кнігі пра яго на беларускай, польскай і рускай мовах, сучасныя фотаздымкі фальварка Пешчын, дзе нарадзілася Цётка, сапраўдныя рэчы з дома Пашкевічаў. Малым чытачам прапаноўваўся збор кніг, напісаных нашымі землякамі, — “Чытанкі для дзяцей”.
Студыя “Цэнтр спадчыны” распавядае пра Свята творчасці “Мінулае, сучаснае і будучае Гродзеншчыны”, якое адбылося 12 верасня. Аматарскае аб’яднанне народных майстроў і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” прапанавала выставу-кірмаш. Сувеніры можна было набыць па любым гусце. Паслугі прапаноўваў майстар-клас па беларускіх танцах. Сваю творчасць прэзентавалі і прадстаўнікі аддзела дзённага знаходжання пажылых грамадзян цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Гродна.
15 верасня — Дзень бібліятэк. “К” шчыра віншуе беларускіх бібліятэкараў са святам!