Лілія АНАНІЧ, першы намеснік міністра інфармацыі РБ: "Наша дзяржава мацуецца родным словам"

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

На пытанні “К” адказвае першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, член Нацыянальнага аргкамітэта па арганізацыі і правядзенні Дня беларускага пісьменства Лілія АНАНІЧ

 /i/content/pi/cult/173/1648/Ananich.jpg

— Дзень беларускага пісьменства — унікальнае свята не толькі ў маштабах нашай рэспублікі. Адзначаецца яно вось ужо пятнаццаты раз. Не менш унікальным, напэўна, з’яўляецца і досвед, назапашаны пры яго арганізацыі і правядзенні?

— Тое, што ў нашай дзяржаве ёсць такое свята, сведчыць аб высокай духоўнасці беларускага народа. І самае галоўнае, лічу, у тым, што не толькі гістарычная спадчына, але і сённяшні наш дзень даюць цудоўнае ўяўленне пра тое, што беларусы — моцная нацыя, якая ўсяляк дбае пра дзень заўтрашні. Мы сёння ўмацоўваем духоўны падмурак. А ўсё, звязанае з беларускім пісьменствам, гэта менавіта духоўны грунт, на якім трымаецца нацыя.
Думаю, далёка не кожная краіна можа згадаць пра такое свята, якому нададзены пашанотны статус нацыянальнага.
Пятнаццаты Дзень беларускага пісьменства яскрава пераконвае, што шлях за плячыма — немалы. У Барысаў прыязджаюць прадстаўнікі ўсіх гарадоў, якія дагэтуль прымалі святы на сваёй гасціннай зямлі. Адна з адметнасцей Дня пісьменства ў Барысаве — фестываль сталіц свята, якое пачало крочыць у 1994-ым з Полацка... І кожны з гарадоў, што падхопліваў эстафету Дня пісьменства, уклаў часцінку душы ў будаўніцтва нашай дзяржавы не толькі ў далёкай мінуўшчыне, але і сёння, з’яўляецца прыкладам таго, як варта захоўваць спадчыну духоўнасці дзеля дабрабыту будучых пакаленняў...
Свята ў Барысаве — юбілейнае. І тое, з якім настроем рыхтаваліся да яго і жыхары, і мясцовыя ўлады, дазваляе спадзявацца, што пятнаццаты Дзень пісьменства будзе надзвычай яркай падзеяй... Канешне, да месца згадаць і пра вялікі арганізацыйны досвед, і пра традыцыі свята.

— Калі казаць пра традыцыі, Лілія Станіславаўна, дык найперш варта ўзгадаць конкурсы Дня пісьменства?

— “Мастацтва кнігі” — конкурс, сапраўды, ужо традыцыйны. Уся краіна будзе ўшаноўваць уладальнікаў “Залатых Фаліянтаў” — лепшых кнігавыдаўцоў і іх прадукцыю. Саюз пісьменнікаў Беларусі адзначыць “Залатымі купідонамі” аўтараў лепшых літаратурных твораў. І гэта таксама найкаштоўны здабытак беларускай дзяржавы.
Калі краіна шануе сваіх пісьменнікаў, гэта гаворыць пра тое, што ў пашане — беларускае слова, клопат пра беларускае слова, клопат пра духоўнае здароўе нацыі.

— Вашы асабістыя ўражанні ад колішніх свят?

— Кожнае з іх для мяне — як маленькае дзіця, якое здольнае за год вырасці і здзівіць нечаканым высакародным учынкам. На наступны год — зноў “народзіны” і неўтаймоўны працэс росту і творчага сталення. За гэтымі гадавымі цыкламі — і новыя спадзяванні, і новыя клопаты, і новыя шчаслівыя ўражанні... Хачу падкрэсліць з гэтай нагоды, што не толькі Міністэрства інфармацыі рыхтуе свята. За ім — намаганні ўсёй краіны. Старшыня арганізацыйнага камітэта, як вы ведаеце, — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец. У складзе аргкамітэта — кіраўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму, сувязі і інфарматызацыі, Белспажыўсаюза, іншых органаў дзяржаўнага кіравання... Фактычна, уся краіна сёння займаецца падрыхтоўкай і правядзеннем Дня беларускага пісьменства. І асабліва хачу адзначыць гаспадароў сёлетняга свята — Міншчыну і горад Барысаў.

Ці шмат будзе гасцей на свяце?

— Гэты Дзень пісьменства надзвычай ураджайны на гасцей. Прадстаўнікі амаль трыццаці дыпламатычных місій, што акрэдытаваны ў нашай краіне, заявілі аб сваім удзеле ў свяце. І я не думаю, што справа — у блізкасці Барысава да Мінска. Пераканана: гэта цікавасць да беларускага грамадства, цікавасць да тых працэсаў, што адбываюцца ў нашай краіне.
Сёлета мы сустракаем, ужо другі раз, шматлікую пісьменніцкую дэлегацыю з замежжа. Госці з Расіі, Украіны, Сербіі, Польшчы 6 верасня стануць удзельнікамі “круглага стала”, дзе абмяркуюць пытанні мастацкага перакладу як своеасаблівага мастка па ўзаемазбліжэнні нацыянальных культур. Гэта вельмі важныя пытанні, наўпрост звязаныя з тым, каб не толькі мы ведалі пра літаратуру замежных краін, але каб і нашу беларускую літаратуру добра ведалі ў свеце. Дзень пісьменства — найлепшая нагода для ўсталявання такіх стасункаў узаемапаразумення і ўзаемапавагі беларускіх і замежных літаратараў. У гэтыя дні ў Беларусі будзе знаходзіцца вялікая группа журналістаў расійскіх рэгіянальных СМІ, якія прымуць удзел у Дні беларускага пісьменства... Не буду паведамляць пра ўсе сюжэтныя таямніцы заўтрашняга свята.
Запрашаю ўсіх чытачоў “Культуры” ў Барысаў. Лепш убачыць усё на ўласныя вочы! Падкрэслю толькі адно: сёлета беларуская прэса выступіла з ініцыятывай распачаць пад час Дня пісьменства акцыю “Крыштальнае сэрца” па падтрымцы дзяцей-сірот. Лічу, вельмі важна расказаць на старонках друку пра тыя арганізацыі і ўстановы, якія клапоцяцца не толькі аб сваім дабрабыце, але і пра тое, каб кожнаму грамадзяніну нашай краіны было цёпла і ўтульна. Асабліва гэта тычыцца дзетак, якія пазбаўлены бацькоўскай пяшчоты і жывуць у дзіцячых дамах. І, можа, не столькі тут патрэбна матэрыяльны бок справы разглядаць (дзяржава заўжды трымае гэтае пытанне на кантролі, выхоўвае такіх дзетак у чуласці і спагадзе), а духоўны. І нездарма абраны для гэтага Дзень пісьменства, пачатак новага навучальнага года. “Крыштальнае сэрца” будзе віраваць па краіне цэлы год. І на наступным свяце пройдзе фінал акцыі. Як бачым, у журналістаў, публіцыстаў, літаратараў, дзеячаў культуры і мастацтваў ёсць жаданне ўнесці асабісты ўклад у развіццё традыцый Дня пісьменства.
З трэцяга верасня крочыць па краіне Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй... Я праглядала спіс удзельнікаў экспедыцыі — вельмі прыемна, што сярод іх ёсць знакамітыя пісьменнікі, артысты, якія чакаюць гэтай падзеі і рушаць у дарогу, каб сустрэцца з людзьмі ў маленькіх вёсачках і мястэчках і несці духоўнасць, спагаду і любоў не толькі да роднага слова, але і да Беларусі. Лічу, што такімі ўчынкамі мы знітоўваем народ, робім яго нацыяй. Таму я віншую ўсіх неабыякавых людзей Беларусі з усеагульным святам, зычу чытачам і супрацоўнікам “Культуры” самых лепшых творчых набыткаў. У тым, што амаль кожны год на свяце пісьменства спецвыпуск газеты “Культура” становіцца набыткам шырокай грамадскасці — таксама важкі ўклад у развіццё агульнай справы, у тое, каб беларуская дзяржава мацавалася беларускім словам, духоўнасцю, дбаннем пра нашчадкаў, якія ад нас павінны атрымаць спадчыну, што дасталася нам ад продкаў.

— Вялікі дзякуй, Лілія Станіславаўна, за ацэнку нашага прафесійнага клопату! І апошняе пытанне з выключна журналісцкай цікаўнасці: якому гораду пашанцуе стаць сталіцай Дня пісьменства ў наступным годзе?

— Гэта ўжо не сакрэт. У адпаведнасці з рашэннем арганізацыйнага камітэта наступнае свята пройдзе на Гродзеншчыне, у Смаргоні... Вельмі ўсцешна, што многія рэгіёны жадаюць пабачыць сябе ў гэтай пашанотнай і адказнай ролі. Але чарга — за Гродзеншчынай, якая пачынае ўжо рыхтавацца да Дня пісьменства-2009. Дарэчы, кожны райцэнтр варты такога гонару, у кожным мястэчку свая адметная гісторыя, якая наўпрост звязана з нашай духоўнасцю. Урэшце, Свята беларускага пісьменства — гэта свята беларускага грамадства, народа. Таму хочацца, каб яно доўжылася, каб завітала ў кожны горад Беларусі, каб на ім вырасла і духоўна ўзбагацілася не адно пакаленне беларусаў.

 

Гутарыў Яўген РАГІН
Фота Юрыя ІВАНОВА