Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
Дзень беларускага пісьменства
Колькі нумароў таму “Культура” пісала: “Слова запрашае. Словам, у Барысаў!” Лічаныя тыдні, што аддзялялі нас ад ХV Дня беларускага пісьменства, мінулі, і горад святкуе: у ім гучыць Беларускае Слова. Звязаны з генезісам духоўнасці ў краіне і духоўнай сталасцю народа, Дзень пісьменства паўтара дзесятка гадоў яднае пласты нашай гісторыі. Не дзіва, што ўпершыню свята адбылося ў асвечаным гісторыяй Полацку, пасля эстафету пераняў Тураў... Таму свой першы юбілей — 10-годдзе— Дзень пісьменства сустрэў зноў у Полацку. Сталым ды натуральным з’яўляецца і той факт, што Дзень пісьменства знаходзіцца пад увагай дзяржавы і асабіста Прэзідэнта. Прынамсі, у 2001-м годзе Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да гэтага свята ў Мсціславе. Штогод плённа працуе Аргкамітэт, які кіруе значным для гарадоў-гаспадароў Дня пісьменства абнаўленнем. Усё гэта сведчыць пра значнасць традыцыйнага свята, бо ў ім першапачаткова закладзены дзяржаўны статус і выключна важная функцыя павышэння духоўнасці. У гэтым традыцыйным — штогоду адрозным — нумары журналісты “К” імкнуліся не толькі “ўпісаць” Дзень беларускага пісьменства ў барысаўскі кантэкст, слушнасць якога, мяркуючы па гісторыі гэтага краю, не трэба лішні раз даводзіць, але і прадставіць шлях, які прайшло свята цягам 15 гадоў. “К” раскажа, што змянілася ў кожным з гарадоў, якія прымалі Дзень пісьменства, за час пасля яго правядзення. Не застануцца па-за ўвагай і айчынныя выдавецтвы, паспрабуем таксама раскрыць творчую лабараторыю пісьменнікаў — класікаў беларускай літаратуры і сучасных яе прадстаўнікоў… 15 гадоў Дням беларускага пісьменства, за якімі — 10 стагоддзяў традыцый, славы, памяці. 15 гадоў, добрай памяткай якім стане скульптура “Залатому Фаліянту” ў цэнтральным скверы Барысава, дзе пазначаны ўсе сталіцы роднага слова. 15 гадоў дзяржаўна значнаму марафону, што знітоўвае беларускую адметнасць — “паміж наступным і былым” — сёння. Са святам, Беларусь!!
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2007 - 2024 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»