Вечна малады беларускі Фаўст

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Арлен Кашкурэвіч… Імя гэтага творцы, народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, вядомае не толькі на нашай зямлі, але і ў многіх кутках планеты, куды далятаў ягоны шчыры мастакоўскі голас. 15 верасня 2019 года ён мог бы адзначыць сваё 90-годдзе, але не дажыў да гэтага юбілею шэсць гадоў.

/i/content/pi/cult/762/16479/13.JPGДык у чым унікальнасць яго таленту? Якую спадчыну ён пасля сябе пакінуў нам, нашым дзецям і ўнукам? Думаю, што такія пытанні не патрабуюць складанай галаваломкі. Таму што ягоная творчасць — гэта настойлівы пошук адказу на вечнае біблейскае пытанне чалавецтва: “Што ёсць ісціна?” Эсхаталагічны роздум аб лёсах свету і чалавека — асноўны ў светапогляднай сістэме мастака, што б той ні ствараў: станковыя графічныя цыклы ці мастацкае афармленне кніг, экслібрысы ці асобныя аркушы. Ва ўмовах сусветнай нестабільнасці, маральнага крызісу і сацыяльных катаклізмаў ён з усёй вастрынёй ставіў перад людзьмі філасофска-маральныя катэгорыі дабра і зла, любові і нянавісці, святла і цемры, вайны і міру. І ў гэтым плане Арлен Кашкурэвіч займае асаблівае месца не толькі ў беларускай выяўленчай культуры.

Яшчэ напачатку 1970-х, яго вострадраматычная сюіта афортаў “Партызаны” выклікала сапраўдны фурор не толькі ў нас, але і ў тых замежных краінах, дзе была паказана. “Партызаны” Кашкурэвіча — у той жа час сімвалічны сігнал маладому пакаленню, якому, на жаль, уласціва забываць сваю гісторыю. І таму да партызан нельга ставіцца як проста да сюжэтнай ілюстрацыі пэўнага канкрэтнага эпізода ваеннага жыцця. Пра музыку, бывае, кажуць: філасофскія роздумы. Вось і тут: філасофскія роздумы — то гнеўныя, то элегічныя, то паэтычныя, то нават лірычнага складу. Яны абуджаюцца дачыненнем да сённяшняга свету. Яны — як боль, які ўбачаны за даўнасцю гадоў, горкі ды высокі боль, і памяць пра тое, што перажыў наш народ...

...Кашкурэвіч мог бы сказаць пра сябе словамі Маякоўскага: “За всех расплачУсь, за всех расплАчусь”. Праз сваю творчасць мастак змог унесці высокую маральную плату свайго таленту ў скрыжалі беларускага мастацтва і, вобразна кажучы, праліць не адну слязу па Радзіме — нашай Беларусі, якая за многія стагоддзі зведала столькі ўсялякіх пакут. Ці не пра тое сведчаць аркушы мастака: “Генацыд”, “Напалм”, творы з серыі “Блакада”? А колькі яшчэ работ майстра прымушаюць думаць пра спрадвечнае, пра тое, што носім заўсёды ў душы: цыкл “Прысвячэнне Васілю Быкаву”, дзівоснае афармленне ўнікальнай кнігі ХХ стагоддзя “Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў, да “Ладдзі Роспачы” Уладзіміра Караткевіча, да “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага...

/i/content/pi/cult/762/16479/14.JPG/i/content/pi/cult/762/16479/15.JPGА побач — бліскучая “Купаліяна”. Хіба можна забыць раннія работы гэтага цыкла — маленькія ілюстрацыі да купалаўскіх “Трох паэм” з дзівоснай супервокладкай? З імі я ўпершыню пазнаёміўся ў сярэдзіне 1960-х. Менавіта тады сустрэўся і з самім аўтарам, пра якога шмат разоў пісаў у сваіх нарысах у часопісах і газетах. І так склаўся лёс, што шмат гадоў мы былі суседзямі па лесвічная пляцоўцы на 5-м паверсе дома на вуліцы Сурганава, 42. А на мансардзе гэтага ж першага пад’езда была яго майстэрня. І амаль кожнай раніцай, выходзячы са сваіх кватэр, мы на пляцоўцы віталі адзін аднаго: я ішоў на працу ў рэдакцыю, ён падымаўся на ліфце ў сваю майстэрню на 9-ты паверх...

Арлен Міхайлавіч для мяне да канца яго жыцця стаў прыкладам рэдкага ўнікальнага мастака і чалавека з чыстым сумленнем, у якого ўсё творчае жыццё было адно-адзінае крэда: “Творчасць для мяне — не сузіранне, а барацьба: праз пакуты — да радасці, як казаў Бетховен…” І далей: “...Шляхі развіцця мастацтва прадбачыць немагчыма — яно развіваецца само па сабе, па сваіх унутраных законах, незалежна ад нашых патрабаванняў і жаданняў. Думаю, што кожны творца павінен несці сваю дадзеную прыродай ці Богам місію і працаваць сумленна. Асабіста мне важна разабрацца ў самім сабе ў гэтым мітуслівым няпростым свеце. Мяне цікавіць стан уласнай душы. Але часта так атрымліваецца, што малюеш нешта вельмі асабістае, а за гэтым паўстаюць вечныя тэмы…”

Так, “вечныя тэмы” Кашкурэвіча — бадай, у кожнай серыі яго твораў, асабліва — звязаных з вечнымі пошукамі ісціны, нават у тых аркушах, якія праз таленавіта схаваныя “таемныя” метафары расказваюць пра, здавалася б, самыя простыя “рэчы”: пра “мілае гарадское жыццё” (які дзіўны аркуш “Стары музыкант і яго сабака”!), пра майстроў-шкловыдзімальшчыкаў і музыкантаў Concerto grosso, пра начны Мінск ды дажджлівы лістапад і гэтак далей. А сімвалічны афортны трыпціх “Вузлы” — хіба ён не пра нас?

А пра ілюстрацыі да гётэўскага “Фаўста” я і не кажу. Хаця якія ж гэта ілюстрацыі? Гэта штосьці большае! Аўра гэтых аркушаў, асаблівасці пластычнай структуры, трансфармацыя іх успрыняцця ў гістарычным часе — усе гэтыя моманты не толькі па-новаму выяўляюць знаёмы літаратурны арыгінал, але, галоўнае, існуюць нібыта ў сённяшняй прасторы быцця з яго вечнымі праблемамі. І яго Фаўст, сучасны Фаўст, адказвае на гэтыя нашы няпростыя пытанні: што ёсць ісціна? Што ёсць свабода і рабства? Што ёсць жывая навука і схаластычная ідэалогія? Варыяцыі на тэму “Фаўста” — “Апафеоз вайны”, “Прасвятленне”, “Сад Марты”, “Фаўст на плошчы”, “Мефістофель”, “Вальпургіева ноч”, “Эйфарыён”, “Хор вядзьмарак” ды шмат іншых з “Фаўстыяны”) — хіба гэта не жахлівыя прыкметы часу? Часу бязвер’я ды сатанінскіх разборак, разбэшчанасці душ і духоўнага жабрацтва?

Ад “Партызан” мастак прыйшоў да графічнага асэнсавання “Новага Запавету” і “Найвышэйшай песні Саламонавай” ды цыкла літаграфій на біблейскія тэмы. “Выпрабаванне Хрыста ў пустыні”, “Анёл і пастухі”, “Вяртанне блуднага сына” — гэта не толькі знаёмыя кожнаму сюжэты, гэта — аўтарскае асэнсаванне “стану ўласнай душы”, спроба разабрацца ў самім сабе, адлюстраваць сябе ў гэтым мітуслівым няпростым свеце.

Дык дзе ж тая канчатковая ісціна, якую ўсё жыццё шукаў Арлен Міхайлавіч? Няўжо ў тых кампазіцыях пад назвай “Апакаліпсіс 1” і “Апакаліпсіс 2”, якія ён зрабіў тушшу і гуашшу незадоўга да сваёй смерці? І зноў узгадваю ёмістыя і дакладныя словы яго сябра Уладзіміра Караткевіча: “Арлен Кашкурэвіч — мастак гісторыі і сучаснасці. Рамантык і рэаліст: рамантык — бо беларус, рэаліст — бо чалавек зямлі. А можа, і наадварот. Так альбо інакш, але ўсе мы ў наш хрышчоны бомбамі нялёгкі час, мабыць, звяр’яцелі б, каб не былі і тымі, і другімі”.

Сказана даўно, але як па-сучаснаму, ёміста, дакладна гэтыя словы гучаць і сёння! А асабіста для мяне выдатны маэстра разца і высокадухоўны чалавек Арлен Кашкурэвіч заўсёды застанецца вечна маладым беларускім Фаўстам...

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"