Абярэг ад бездухоўнасці

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

У ліпені бягучага года пры Інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створаны Цэнтр філасофіі культуры. Пра дзейнасць установы, нацыянальныя мастацкія традыцыі, гуманітарную бяспеку краіны ды многае іншае “К” пагутарыла з загадчыкам Цэнтра, былым першым прарэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, доктарам філалагічных навук, прафесарам Валерыем МАКСІМОВІЧАМ.

/i/content/pi/cult/762/16478/12.JPG— Валерый Аляксандравіч, у чым, на ваш погляд, важнасць стварэння згаданага Цэнтра для нашай краіны? Якімі пытаннямі і праблемамі будуць займацца яго супрацоўнікі?

— Стварэнне Цэнтра, на мой погляд, адкрые больш магчымасцяў сістэмна даследаваць філасофска-метадалагічныя праблемы культуры як сацыяльнага феномена, у тым ліку нацыянальнай культуры ў кантэксце сацыякультурных трансфармацый. У полі зроку даследчыкаў будуць знаходзіцца такія найважнейшыя праблемы сучаснай цывілізацыі, як дэвальвацыя духоўных каштоўнасцяў і рост спажывецкіх настрояў, крызіс рэлігіі і экспансія масавай культуры, уплыў глабалізацыйных працэсаў і інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на працэс фарміравання духоўнай культуры асобы ды многія іншыя пытанні.

— Але наколькі цяжка было стварыць такі Цэнтр? Ці доўга вы ішлі да гэтай мэты?

— Калі быць шчырым, ініцыятарам стварэння гэтага цэнтра выступіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Дарэчы будзе сказаць, што Уладзімір Рыгоравіч надае значную ўвагу развіццю філасофскай навукі, увогуле гуманітарных ведаў. Бо, сапраўды, ад стану развіцця гуманітарыстыкі ў многім залежыць духоўны ўзровень грамадства. Неабходнасць стварэння згаданага структурнага падраздзялення ў Інстытуце філасофіі прадыктаваная самім часам, рэаліямі жыцця. І не толькі таму, што ў сферы культуры, у сацыякультурным жыцці адбываюцца неадназначныя працэсы. Не сакрэт, што з-за розных несумленных прапагандысцкіх маніпуляцый масавай свядомасцю, інфармацыйнымі патокамі спакваля ідзе размыванне нацыянальнага менталітэту, падрываюцца асновы жыццядзейнасці грамадства ўвогуле. І варта даць усяму гэтаму навуковую ацэнку, знаходзіць дадатковыя рэсурсы, якія б садзейнічалі стабілізацыі духоўнай, сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў грамадстве.

— Ці ёсць падобныя Цэнтры за мяжой, скажам, у Еўропе, у краінах СНД? На вопыт якіх краін вы абапіраліся, ствараючы Цэнтр?

— Безумоўна, ёсць. Бо кожны разумее, што ад стану культуры, ад ідэнтыфікацыйнага статусу чалавека, ад яго ўнутранага самаадчування залежыць і стабільнасць усяго грамадства, і яго будучыня. Гэта адзін з дзейсных складнікаў ахоўнага і адаптацыйнага механізма, які спрыяе забеспячэнню і захаванню сталых сацыяльных сувязей, адпаведнага маральна-псіхалагічнага клімату, псіхаэмацыянальнага балансу. На вопыт якіх краін пакладаліся? Ды, зрэшты, у нас маецца і свой уласны багаты і павучальны вопыт. У інстытуце доўгі час існавала падобнае структурнае падраздзяленне. Таму мы, па сутнасці, узнаўляем найперш сваю традыцыю, але, бясспрэчна, будзем браць на ўзбраенне і дасягненні нашых калег з блізкага і далёкага замежжа.

— Наколькі я разумею, склад супрацоўнікаў Цэнтра на сёння толькі фарміруецца?

— Так, бо, на вялікі жаль, у Беларусі спецыялістаў, якія могуць на высокім прафесійным узроўні займацца падобнай праблематыкай, рабіць якасную навуковую аналітыку, не так ужо і шмат. Трэба падбіраць і рыхтаваць кадры. Гэта справа не аднаго дня. Але ўжо цяпер магу сказаць, што ва ўстанове будуць працаваць дасведчаныя спецыялісты, пераважна дактары навук, якія не першы год займаюцца падобнымі пытаннямі.

— Якімі канкрэтна?

— Скажам, важны кірунак даследавання — вызначэнне аксіялагічнага кампанента нацыянальнай культуры як дзейснага інстытута ўплыву на ўсе сферы грамадства. Як я адзначаў, сёння ў свеце разгортваецца ідэйна-палітычнае проціборства, ідуць інфармацыйныя войны рознага маштабу, шырока распаўсюджваюцца тэхналогіі маніпулявання масавай свядомасцю і кіравання паводзінамі людзей. У гэтай сувязі аксіялагічны патэнцыял нацыянальнай культуры характарызуецца надзвычайнай запатрабаванасцю і актуальнасцю.

— А тэма эрозіі духоўных каштоўнасцяў, росту спажывецкіх настрояў, крызісу рэлігіі ды іншыя тэмы, пра якія вы ўжо згадвалі вышэй?

— Безумоўна, усе пералічаныя ды многія іншыя тэмы стануць прадметам даследавання. Зрэшты, магчымы вектар даследаванняў прадыктаце само жыццё, стратэгія развіцця навукі. Шмат што будзе залежыць ад навукова-даследчага досведу і кампетэнцый супрацоўнікаў. Галоўнае, каб панавалі ўзаемаразуменне і падтрымка з боку кіраўніцтва, усведамленне таго, што ўсе мы робім агульную справу на карысць нашай навукі, нашай незалежнай Беларусі.

— Ці ёсць над чым працаваць ужо цяпер?

— У бліжэйшы час супрацоўнікі Цэнтра прыступяць да рэалізацыі асобнага навукова-даследчага праекта “Нацыянальная культура ў кантэксце сацыякультурных трансфармацый”. У выніку будзе прааналізаваны значны корпус найноўшых філасофска-культуралагічных і гісторыка-культурных даследаванняў па дадзенай праблематыцы, звернута ўвага на спецыфіку і механізмы функцыянавання нацыянальнай ідэнтычнасці на прыкладзе рэканструкцыі элементаў нацыянальнай міфалогіі і фальклору, літаратурна-мастацкіх узораў. У полі зроку — і праблемы сацыяльна-культурнага і духоўна-маральнага развіцця як неабходнай умовы кансалідацыі беларускага грамадства, забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Па выніках даследавання мяркуецца выдаць калектыўную манаграфію.

— Якраз і хацеў перавесці гаворку на манаграфіі. Днямі з друку выйшла ваша кніга “Нацыянальная мастацкая традыцыя ў кантэксце гуманітарнай бяспекі Беларусі”. У сувязі з чым у вас узнікла цікавасць да падобнай тэмы?

— Справа ў тым, што я перакананы: ад таго, наколькі мы здолеем зберагчы, захаваць нашы нацыянальныя традыцыі, нашу гістарычную памяць, будзе залежыць і наша паспяховае і стабільнае заўтра, зладжанасць, згарманізаванасць нашага жыцця ўвогуле. На жаль, сёння мне часта даводзіцца чуць песімістычныя размовы пра недзеяздольнасць традыцыі, у тым ліку традыцыі мастацкай. Я сыходжу з адваротнага і лічу, што класіка ў сваім сумарным выражэнні складае залаты фонд кожнай нацыянальнай культуры. Яна не дае нам забыцца на тое, хто мы ёсць, дзе нашы карані, якое наша галоўнае пакліканне і прызванне. Таму і вырашыў яшчэ раз у манаграфіі звярнуць увагу на неабходнасць фарміравання паважлівых адносін да сваёй гісторыі, гісторыка-нацыянальных святынь, сімвалаў, паразважаць над асаблівасцямі культурастваральных працэсаў у Беларусі, разгледзець некаторыя аспекты станаўлення інтэлектуальнай культуры.

— Але чаму так важна звяртаць увагу на гэтыя акалічнасці менавіта сёння?

— Мяркую, прычын для таго шмат. Скажам, цяпер нямала пішуць і гавораць пра глабалізацыю, пра ўваходжанне ў новую стадыю цывілізацыйнага развіцця. На мой жа погляд, глабалізацыя стварае пагрозу чалавечай ідэнтычнасці, вядзе да татальнай уніфікацыі, стандартызацыі жыцця, “тыповага” выбару. Супрацьвагай усяму гэтаму можа выступіць і выступае мастацкая, а ў больш шырокім плане, культурная традыцыя. Гэта своеасаблівы абярэг ад наступу бездухоўнасці, бяздушнасці, моцны сродак захавання экзістэнцыйнай прасторы асабістай ідэнтычнасці, духоўнай аўтаномнасці. Мастацкая традыцыя, што вельмі важна, спрыяе псіхалагічнай пераемнасці, засваенню і трансляцыі культурнай матрыцы, алгарытму мыслення, думання, паводзін, учынкаў і жыццёвых арыенціраў.

— А як звязана нацыянальная мастацкая традыцыя і гуманітарная бяспека Беларусі?

— Самым непасрэдным чынам. Мастацкая класічная традыцыя паказвае прыклад гуманных адносін, дэманструе не ўяўную, а сапраўдную духоўнасць, маральную чысціню, сумленнасць, чалавечнасць. І ў такой сваёй іпастасі выступае сістэмаўтваральным фактарам гуманітарнай бяспекі, больш за тое, складае ядро культурнай палітыкі. У класіцы закладзена шмат актуальных і сёння ідэй — ідэя духоўнага суверэнітэту, годнасці і гонару, свабодалюбства, грамадзянскай згоды, адзінства. Стрыжнёвай выступае ідэя нацыі як стваральнай сілы, без чаго немагчыма духоўная інтэграцыя беларусаў, нацыянальная дзяржаўная супольнасць увогуле.

— Але ж, на жаль, у сённяшняга чытача класіка не ў вялікай пашане. Ці засталіся яшчэ свядомыя аматары айчыннай класікі? А без падобных аматараў пра гуманітарную бяспеку можна толькі марыць.

— У вашых развагах ёсць пэўная, так бы мовіць, доля праўды. Але ж гэта тэма для іншай, асобнай размовы. Тут толькі заўважу, што шмат у чым тое выдаткі постмадэрновага часу — закрэсліць, прыцямніць папярэднікаў, каб навязаць сваё, “альтэрнатыўнае” бачанне жыцця. У маёй кнізе ёсць развагі і на гэты конт. Упэўнены, што пры ўсіх абставінах і акалічнасцях хрэстаматыйныя, узорныя творы ў сілу аб’ектыўных законаў трапляюць у разрад канцэптуальных, эталонных нацыянальна-культурных знакавых кодаў, якія фарміруюць наш светапогляд, набываюць сталае культурна-гістарычнае значэнне і ментальную ўстойлівасць сярод носьбітаў пэўнай культурнай традыцыі. Творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Чорнага, Мележа, Караткевіча, Быкава, іншых нашых выбітных аўтараў складаюць значны пласт нацыянальнага мастацтва, аднесены да разраду феноменаў, якія аказваюць вялікі ўплыў на фарміраванне нацыянальнага культурнага кантэксту. Праз іх мы спасцігаем нацыянальную гісторыю, яе субстанцыяльна-філасофскі сэнс і, у выніку, больш разумеем сябе сённяшніх.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"