“Так сумна-сумна ў цішыне...”

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Рэвіталізацыя гістарычных паркаў: мары і рэальнасць
На тэрыторыі Беларусі да пачатку Першай сусветнай вайны існавала больш за 300 паркаў. Большую іх частку складалі пейзажныя ансамблі пры сядзібах, якія знаходзіліся ў сельскай мясцовасці. На сённяшні момант з іх захавалася крыху больш за 120. Пасля рэвалюцый, перадзелу маёмасці, войнаў многія паркі засталіся без неабходнага догляду і здзічэлі. Астатнія атрымалі значныя планіровачныя і кампазіцыйныя перамены: разбураны архітэктурныя збудаванні, водныя сістэмы, змяніўся склад насаджэнняў. Дык ці магчыма аднавіць ландшафтную спадчыну краіны?

/i/content/pi/cult/762/16476/10.JPGКомплекс ёсць — парку няма

Гэтым летам сям’ёй мы шмат падарожнічалі па Беларусі: хацелася паказаць дзецям, што не адным Нясвіжскім комплексам ды Мірскім замкам багатая краіна. Дабраліся да маючага кінематаграфічную славу палаца Святаполк-Чацвярцінскіх у гарадскім пасёлку Жалудок, што на Навагрудчыне. Будынак архітэктара Марконі сапраўды ўражвае, вось толькі ісці да яго даводзіцца ўздоўж зараснікаў хмызняку і “натоўпу” дрэваў, у якіх наўрад ці пазнаеш абрысы колішняга пейзажнага парку. Калісьці яго закладвалі па тыпу лепшых еўрапейскіх узораў, сёння ж захаваліся хіба толькі рэшткі прамой выяздной алеі, што з’ядноўвала рэзыдэнцыю князёў з цэнтральнай плошчай паселішча. Сам парк даўно здзічэў, былыя ландшафтныя задумы сталі непрыкметнымі за-за хаатычнасці пасадак другой паловы ХХ-га стагоддзя ды цяперашнім самасевам.

Не менш сумная карціна сустрэла нас у маёнтку Храптовічаў у Шчорсах. У ХVІІІ стагоддзі вакол палаца прыгажэў шыкоўны англійскі парк. Ён займаў звыш сарака гектараў зямлі, на якіх можна было пабачыць больш за 200 відаў раслін. Тут жа для здзіўлення наведвальнікаў была створана каскадная сістэма азёр. У нашыя дні занядбаны людзьмі ландшафт стаў нагадваць звычайны лес, а сажалкі хутчэй назавуць балотам, чым водным люстэркам.

Прыклады можна працягваць. Нехта скажа: тут хоць самі палацы зберагчы, ужо не да мудрагелістых пешаходных сцежак ды ў дзікім парадку насаджанных дрэў. Не пагаджуся, бо паркі таксама з’яўляюцца помнікамі, што дасталіся нам у спадчыну ад продкаў. Памятаю, як заязджаючы да родзічаў у Станькава, заўсёды бегла да былой сядзібы Чапскіх, каб у чарговы раз зачаравацца экзатычнымі дрэвамі, што растуць дагары нагамі. Тыя вязы, якім фантастычную форму некалі надаў графскі садоўнік-віртуоз, доўгі час былі сапраўдным гонарам мясцовых жыхароў. Я сама ў дзяцінстве ўпрошвала па сотаму кругу пераказаць легенду, звязаную з тутэйшымі цікавосткамі з сімвалічнымі імёнамі Вера, Надзея і Любоў. Як жа я плакала, калі ў чарговы прыезд не знайшла родных мне ўжо дрэваў — напрыканцы нулявых загінуў апошні з трох ствалоў. Думаю, не я адна такая сентыментальная: з імі адышоў у нябыт яшчэ адзін кавалачак тутэйшай гістарычнай памяці. Дык ці магчыма вярнуць Беларусі былыя ландшафтныя дасягненні?

30-ць з некалькіх соцень

/i/content/pi/cult/762/16476/11.JPGНа мінулым тыдні Таварыства беларускай мовы, што цяпер святкуе 30-годдзе з дня свайго заснавання, сабрала ўсіх датычных на навукова-практычную канферэнцыю “Нашы вякі — наша багацце. Лепшыя практыкі захавання спадчыны”. Сярод выступоўцаў быў доктар архітэктуры, загадчык кафедры “Горадабудаўніцтва”, прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Георгій Патаеў. Ён не ў першы раз звяртае ўвагу шырокай аўдыторыі на неабходнасць рэвіталізацыі гістарычных паркаў Беларусі.

— 40 гадоў таму Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва было праведзена комплекснае даследаванне стану пейзажных ансамбляў краіны. У выніку архітэктары распрацавалі інструкцыю па аднаўленні старадаўніх помнікаў садова-паркавага мастацтва краіны, — прыгадаў прамоўца. — Аднак час мінуў, а са 120-ці захаваных у нас паркаў аднаўлена і актыўна выкарыстоўваецца хіба, калі тры дзясяткі.

Колькі могуць чакаць астатнія? Спадар Патаеў прыгадаў, што многія штучныя пейзажы ствараліся ў ХVІІІ — ХІХ стагоддзях, гэта значыць, што зараз у дрэў наступае час натуральнага старэння і адмірання. Хутка знікнуць тыя прыродныя вешкі, па якіх можна было аднавіць некалі задуманую архітэктарам кампазіцыю. Марнаваць час дакладна нельга.

Сярод станоўчых прыкладаў прафесар архітэктуры называе рэканструкцыю паркавага комплексу ля палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, а таксама падыход прыватнікаў да аднаўлення сядзібы Агінскіх у Залессі. А вось варыянты працы з зялёнымі ансамблямі ў сталіцы спадар Патаеў лічыць не заўсёды ўдалымі.

— Добра, што архітэктарам дазволілі заняцца Лошыцкім паркам. У яго гістарычнай частцы нямала цікавостак. Толькі вось пакуль дойдзеш туды праз плошчы навабуду і безгустоўя, дык можна згубіць прагу да азнаямлення з рэшткамі старадаўняй спадчыны.

Георгій Аляксандравіч паказаў карту краіны, на якой адзначаны паркі, якія яшчэ можна выратаваць. Аказалася, што большасць з іх месціцца ў заходняй частцы Беларусі. Выступоўца прыгадаў, што 45 з іх маюць статус помніка прыроды нацыянальнага значэння. Тым не менш многія з ландшафтных ансамбляў знаходзяцца ў сумным становішчы. І гэта датычыцца не толькі малавядомых месцаў.

— Возьмем да прыкладу адзін з самых папулярных у турыстаў аб’ектаў — Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс Радзівілаў, які ўваходзіць у спіс сусветнай культурнай спадчыны UNESCO. У ім шмат чаго было зроблена, аднак непасрэдна парк мае патрэбу ў якаснай рэканструкцыі.

Прычыны таго, што сёння адсутнічае праграма комплекснага падыходу да рэвіталізацыі паркаў, зразумелыя: для працы ў архівах, аднаўлення былой структуры на даволі вялікіх плошчах, яе аховы і догляду неабходны немалыя сродкі. А калі не атрымаецца іх закласці ў бюджэт? Дык няўжо нам застанецца толькі назіраць, як знікае тое, што ўзводзілася рукамі продкаў?

Надзея на прыватнікаў

Большасць беларускіх паркаў узніклі ў прыватным валоданні. Шматвекавыя ландшафты ствараліся па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле самавітых гаспадароў, якія мелі добрую адукацыю і фінансавыя магчымасці. Таму выйсце з насамрэч жудаснай сітуацыі спадар Патаеў бачыць менавіта ў тым, каб ізноў перадаць знікаючыя абшары ў рукі зацікаўленых прыватнікаў. Дарэчы, сусветны вопыт гаворыць пра такі ж шлях да рэвіталізацыі зялёнай спадчыны.

У прыклад Георгій Аляксандравіч прыводзіць арт-сад “Юпіцер”, які знаходзіцца ў маёнтку Банінгтон усяго ў некалькіх кіламетрах ад Эдынбурга — сталіцы Шатландыі. Да пачатку бягучага стагоддзя гістарычныя рэгулярныя сады і пейзажны парк Банінгтона знаходзіліся не ў лепшым стане. У 2001-м годзе маёнтак набыў уладальнік фармацэўтычнай кампаніі. Разам з жонкай-скульптарам ён не толькі аднавіў гістарычнае аблічча мястэчка, але і надаў яму новае дыханне, вырашыўшы на плошчы больш чым у 30 гектараў дадаткова стварыць экспазіцыю аб’ектаў сучаснага мастацтва.

— Каб дапоўніць гістарычны парк сучаснымі аб’ектамі ландшафтнага дызайна, сямейная пара запрасіла да супрацоўніцтва вядомага амерыканскага архітэктара Чарльза Джэнкса, які стаяў ля вытокаў постмадэрнізму ў сучаснай архітэктуры і распрацоўваў яе тэорыю, — распавёў прафесар. — Джэнкс стварыў у Банінгтоне цэлую серыю найцікавых работ, фантастычна ўпісаўшы іх у зададзеную стагоддзямі прастору.

Парк быў адкрыты для публікі ў 2009-м годзе і з таго часу карыстаецца вялікай папулярнасцю. Бывае, “Юпіцер” клічуць садам скульптур, аднак задума ў заснавальнікаў больш грандыёзная. Тут адзін за адным ладзяцца шматлікія арт-праекты. Напрыклад, пад’язны шлях той жа Джэнкс аздобіў штучнымі вадаёмамі, насыпнымі берагамі і спіральнымі ўзвышэннямі. Гэтыя “Пагоркі жыцця” сталі адной з візітовак мясцовасці. Для наведвальнікаў ландшафтныя інсталяцыі становяцца своеасаблівай адукацыйнай пляцоўкай у галіне сучаснага мастацтва.

Для Беларусі такі замежны досвед можа быць вельмі карысным. Спадар Патаеў упэўнены, што для вырашэння мусіць прыцягнуць прыватных інвестараў. Толькі для гэтага кроку неаходна ўдасканаліць заканадаўства і распрацаваць меры для стымулявання донараў, гатовых укласці сродкі ў захаванне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Час дзейнічаць

Спадар Патаеў нагадвае, што паркі заўсёды звязаныя з гісторыяй і культурай краіны. Мусіць толькі ўзняць архіўныя дакументы — і абавязкова высветліцца, што па тутэйшых алеях хадзіў слынны беларускі паэт, у ценю двухсотгадовага дуба натхняўся краявідамі знакаміты кампазітар, а ўздоўж возера шпацыраваў хлопчык, які хутка вырасце ў вядомага дзеяча, які паўплывае на лёс краіны. Разам з клумамі і дрэвамі знікае каштоўная частка ведаў пра айчынную культуру і гісторыю. Таму проста неабходна не толькі супрацоўнічаць з прыватнікамі, але і распрацоўваць дзяржаўную праграму рэвіталізацыі гістарычных паркаў.

— Стратэгія аховы і аднаўлення павінна быць доўгатэрміновай. Для гэтага ўсім датычным неабходна сумесна выявіць і ранжыраваць праблемы, якія мы ўжо маем на сёння, — удакладняе сваю пазіцыю прафесар архітэктуры. — Як толькі мы вызначым прыярытэты і пазначым этапы, неабходныя для аднаўлення і рэвіталізацыі паркаў, можна будзе прыступаць да першачарговых мерапрыемстваў. Мне падаецца, вельмі эфектыўнымі былі б азнаямленчыя паездкі, мэтавыя семінары і так далей непасрэдна для кіраўнікоў усіх узроўняў. Бо многія з іх нават не здагадваюцца пра існаване разглядаемай намі праблемы. Магчыма, актывізацыі працэсу дапамог бы штогадовы конкурс накшталт “Лепшы адноўлены гістарычны парк”, які б стымуляваў улады гарадоў і мястэчак да работы ў дадзеным напрамку.

Дарэчы, папулярызаваць гістарычныя паркі трэба і сярод насельніцтва. Георгій Аляксандравіч спасылаўся на тэлебачанне, якое пачало актыўна здымаць перадачы пра падарожжы па Беларусі. Архітэктар марыць пра аналагічныя праграмы па садова-паркавых аб’ектах.

Пагадзіцеся, паркі — такая ж частка нашай гісторыі, як і фасады растыражаваных збудаванняў, што глядзяць на нас з сувенірных паштовак. Да таго ж яны могуць быць не толькі месцам для рэлаксацыі, але магнітам, які прыцягвае турыстаў і прыносіць грошы. Верагодна, яны сталі б яшчэ адной пазабюджэтнай крыніцай, якую можна накіроўваць на ўтрыманне рэгуляванага пейзажу, а таксама на рэстаўрацыю гістарычных будынкаў. Здаецца, і сапраўды прыйшоў час дзейнічаць.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"