Вадзім КАЧАН: “Я патрапіў у Верхні горад — і быў зачараваны”

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

1980-я — 2000-я ў аб’ектыве вядомага фатографа
“Сёння Мінск пры ўсіх складанасцях нараджаецца як еўрапейская сталіца”, — фатораф Вадзім Качан ужо больш за трыццаць гадоў здымае наш горад на Свіслачы, адзначаючы яго змены ў абліччы. Але асабліва блізкія аўтару 1980-я — вінтажныя, супярэчлівыя, вырашальныя… Фатограф здымаў тое дзесяцігоддзе несупынна — і сёння мы маем магчымасць параўнаць “чорна-белы” Мінск “эпохі застоя” і Перабудовы, і мегаполіс 2010-х, які імкліва мяняецца. 12 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава вядомага фатографа пад назвай “Мінск. Горад і час”, у якой аўтар сутыкае мінскія выявы розных гадоў. Сустрэўшыся напярэдадні вернісажу, “К” распытала мастака пра яго архівы, фатаграфію, ды самае любімае месца ў сталіцы, што сёлета святкуе свае 952 гады.

/i/content/pi/cult/762/16474/5.JPGАмаль сышоў

Стос кніг з выявамі Мінска 1980-х. Ды яшчэ альбомы “Фатаграфіі мінулых гадоў”, “Мінск. Горад і людзі”, іншыя выданні. Горад вачыма Вадзіма Качана, здаецца, ужо пазнавальны брэнд краіны, але, быў момант у біяграфіі аўтара, калі ён амаль сышоў з фатаграфіі.

— Так, вы маеце рацыю, гэта было ў 1990-х, — прызнаецца ён. — Я вырашыў завяршыць фатаграфічную кар’еру, ды нават пайшоў на сметніцу выкідаць адбіткі, што стварыў за мінулыя дзесяцігоддзі.

— ?!

— Частку матэрыялу такі і выкінуў, а частку — захаваў. Сябра спыніў. Кажа: “Лепш не выкідай, а пакінь на гарышчы. Праз пэўны час паглядзіш”. І я, дзякуй Богу, паслухаўся. Зараз, гледзячы на захаваныя здымкі, разумею, што тады моцна сябе недаацаніў (смяецца).

— Архіў застаўся вялікі?

— Больш за тысячу негатываў, мяркую, што так, нягледзячы на згубленае. І вось гэтыя стосы кніг — спробы з імі працаваць. Ёсць у мяне дакументальная фатаграфія, і мантажная, так бы мовіць, канцэптуальная. Усё цяпер глядзіцца цікава.

— Калі быў час сыходу з прафесіі, адпаведна, ёсць і час вяртання?

— Вярнуўся я ў 2003-м — вялізнай выставай у галерэі Nova. На ёй акурат і была прадстаўленая мантажная фатаграфія. А вось з дакументальнай (менавіта архіўнай) стаў працаваць недзе апошнія гадоў пяць. Актыўна ёй заняўся, пачаў сканіраваць, — і тут мне моцна дапамаглі мае вучні — Дзмітрый Завадскі, Андрэй Дубінін. У цэлым, менавіта навучэнцы маёй фотастудыі, (я ж выкладаю апошнія гады), і натхнілі мяне на канчатковае вяртанне — я заўважыў, як маладыя творцы рэагуюць на старыя адбіткі, і “ўзяў на заметку”.

/i/content/pi/cult/762/16474/6.jpg“Праваліўся” ў мінулае

— Вадзім Аркадзьевіч, як увогуле здарылася, што вы сталі фатаграфаваць Мінск? Вы самі мінчанін?

— Як ні дзіўна, не. Я родам з вёскі Залядынне Брэсцкай вобласці. У 11 гадоў пераехаў у Брэст, а яшчэ праз шэсць гадоў — у Мінск. Мне горад у адрозненне ад вёскі неяк адразу прыйшоўся даспадобы. Прынамсі, менавіта ў Брэсце я і пачаў вучыцца фатаграфіі. Урокі даваў наш кватарант, — памятаю, як я запісваў у сшытак, што ён раіў. Потым была практыка. Дзве стужкі — і я засвоіў тэхнічны працэс. Калі пераехау ў сталіцу, памятаю, пэўны час яшчэ сумаваў па Брэсце. А потым паступова ўлюбіўся ў Мінск.

— Магчыма, вы памятаеце ў які момант гэта адбылося?

— Так, быў гэта год прыкладна 1975-ты. Мы з маім аднакашнікам пайшлі ў Верхні горад — там у хлопца жыла цётка. Я патрапіў у той квартал — і быў зачараваны. У той час Верхні горад уяўляў з сябе амаль што руіны: дамы былі старыя, развальваліся, але энергетыка цагляных будынкаў, ландшафтных вулачак проста “зашкальвала”. З’явілася адчуванне, што я “правальваюся” ў нейкае глыбокае мінулае. Мне падалося нават, што я абярнуся — і з-за кута выедзе шпацырная каляска з прыгожай паненкай у купэ. Я да гэтай пары ўдзячны Мінску за тую мрою. Так, менавіта тады горад мяне і паланіў.

— І вы пачалі яго фатаграфаваць удзень і ўначы?

— Так, удзень і ўначы. З фотаапаратам, лічы, не расставаўся. Я быў малады — лёгка выходзіў на кантакт з людзьмі. Мог пайсці фатаграфаваць увечары, пазнаёміцца з кампаніяй моладзі, і наздымаць цэлую катушку стужкі. Здымаў шмат чаго — дамы, віды Мінска, святы, спартыўныя спаборніцтвы, але ў асноўным людзей... Горад жа робяць менавіта яго жыхары. Акрамя таго, у 1980-м у мяне з’явіўся дадатковы стымул фатаграфаваць — я стаў сябрам фотаклуба “Вечерний Минск”.

Універсітэты

— Цікава, тады ж галоўным фотаклубам сталіцы быў “Мінск”, які ладзіў вядомыя выставы “Фотаграфікі”, што гучалі на ўвесь Савецкі Саюз. Чаму вы вырашылі пайсці ў творчае аб’ядннане пры гарадской газеце, а не ў народны “Мінск”?

— Прызнацца, “Фотаграфікі” змянілі мае стаўленне да фатаграфіі. У гэтым плане выставы сталі маім універсітэтам. Да пэўнай пары я ставіўся да свайго захаплення выключна як да магчымасці захаваць на памяць абліччы родных люзей, горада. А на “Фотаграфіцы” я ўбачыў, зразумеў, што фотаздымак можа несці пасланне.

Ды ўсё ж кіраўнікі “Мінска” падаліся мне нейкімі непрыступнымі (усміхаецца). Таму я вырашыў уступіць у фотаклуб газетчыкаў, — яны выглядалі для мяне больш дэмакратычна.

/i/content/pi/cult/762/16474/7.jpg— І як вас прынялі?

— Вельмі прыязна. Калектыў фотаклуба быў невялікі, але ўсе падтрымлівалі адзін аднога, падказвалі. Асноўны касцяк? Андрэй Шчукін, Яўген Залужны, Леанід Ляўшынаў, вядома, старшыня аб’яднання Уладзімір Кагутэнка… Потым я шмат друкаваўся ў сувязі з сяброўствам у “Вечернем Минске”. Была ў нас і свая галерэя. Як пазней высветлілася, яе наведвалі і тыя самыя фатографы суседняга з намі “Мінска”, што мне, на першы погляд, падаліся такімі “зорнымі”.

Знакавы 1987-мы

— Вадзім Аркадзьевіч, вы здымалі горад вялікі часовы адрэзак. Якія гады, перыяд як фатографу вам падаюцца найбольш яскравымі, пераломнымі ў гісторыі Мінска?

— Заўважу ўсё ж, што ў маёй скарбонцы пераважна 1980-я. Але калі разважаць пра гэты час, то ён, без сумневу, унікальны. Кожны год тут быў за некалькі. Кожны — змяняў штосьці ў нашай свядомасці. Мне вельмі запомніўся, у прыватнасці, чамусьці 1987-ты. Памятаю, здымаў звычайнае свята горада. Усё, здаецца, было як заўжды. Мастакі малявалі карціны, хтосьці штосьці прадаваў, дзяўчаты выступалі на сцэне са спартыўным шоу — тады ў моду ўвайшла аэробіка… Але атмасфера панавала іншая. Было адчуванне праходжання пэўнага рубікону — усё цяпер будзе інакш. Можа быць, гэта былі рамантычныя такія настроі, спадзяванні, але я дакладна памятаю той момант. Зраблю здагадку, што менавіта ў 1987 годзе ў Мінску і пачалася сапраўдная Перабудова (смяецца).

/i/content/pi/cult/762/16474/8.JPG— Заўважна, што тыя часы для вас асабліва дарагія…

— Дзякуй, вы маеце рацыю, але хачу адзначыць яшчэ вось што. Я разважаў над тым, чаму сучаснікам так цікава разглядаць фатаграфіі той пары. Бо людзі хочуць даведацца, урэшце, што ў той час з імі адбывалася: без перабольшвання, без афіцыйнага “налёту”. Так, як ёсць. І, дзіўная рэч, акурат такая фатаграфія — не заказная, напаўаматарская, і дае магчымасць тое ўбачыць.

Часам мяне нават папракаюць: “Ой, такога не было”. Як жа не было? Я хадзіў па гэтых вуліцах, здымаў гэтых людзей! Я быў больш вольным чалавекам, чым мае калегі-газетчыкі — яны вымушаны былі ўпрыгожваць, выдумляць. А я фатаграфаваў тое, што вабіла маё вока. Потым ужо ішло ўсё астатняе — публікацыі і ганарары. Але галоўнае — было жаданне фатаграфаваць.

/i/content/pi/cult/762/16474/9.JPG— І сёння архіў аддае вам у сто разоў.

— Менавіта так. Аддае, адкрываючыся нават для мяне самога.

Мінск змяняецца

— Вадзім Аркадзьевіч, самы час пагаварыць пра ваш актуальны праект. Як ён нарадзіўся?

— Ідэя простая: Мінск тагачасны і сучасны. Што змянілася, як час уплывае на яго аблічча. Праект нарадзіўся лёгка. Архіўная частка ўжо была, справа была за сучаснай. Напачатку я хадзіў з сучасным фотаапаратам, каб зафіксаваць знаёмыя віды, але штосьці не “вязалася”. Паспрабаваў сфатаграфаваць мабільным — і неяк адразу ўсё стала на свае месцы. Адбылося супастаўленне не толькі візуальнае, але і тэхнічнае.

У праекце я не выношу аніякіх прысудаў. Шчыра імкнуся разабрацца, што змянілася.

— І што змянілася?

— Шмат чаго губляецца, але шмат і ўзнікае. Мне асабліва, вядома, шкада, старых будынкаў у цэнтры горада. Хацелася б, каб была магчымасць іх захаваць. Яшчэ турбуе, што ў тым жа Верхнім горадзе — амаль ніхто не жыве. Так ён гудзіць, віруе ўлетку, а вы наведайце яго зімой: квартал — пусты. А Мінск жыве дзякуючы сваім гараджанам.

Ёсць памылкі, сапраўды, але, з іншага боку, ёсць і жаданне ўдасканальвацца. Я гэта бачу. Разумею, што акурат зараз наш горад становіцца еўрапейскай сталіцай. З памылкамі, са складанымі рашэннямі, але ён шукае сваё аблічча. Горад ідзе насустрач Еўропе. І мяне гэта вельмі цешыць. Нельга ўвесь час заставацца “запаведнікам сацыялізму”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"