Сустрэць традыцыі ў сучаснасці

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

12 і 13 верасня ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла X штогадовая навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”.

Мэтай канферэнцыі было абмеркаванне ролі навуковых даследаванняў у галіне архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатразнаўства, музыкі, фатаграфіі, кіно, экранных відаў мастацтваў у вырашэнні актуальных задач сучаснай культуры, а таксама пошук сістэмных падыходаў у справе захавання нацыянальных культур і гісторыка-культурнай спадчыны ва ўмовах глабалізацыі.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел вядучыя спецыялісты з Беларусі і краін СНД — Расіі, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Малдовы, а таксама з Вялікабрытаніі.

Падчас канферэнцыі сталічная крама “Акадэмкніга” прадэманстравала ўдзельнікам форуму навуковыя выданні, якія можна было набыць на кніжнай выставе-продажы. Таксама ў якасці суправаджальных мерапрыемстваў канферэнцыі адбыліся кінапаказы дакументальных фільмаў з цыкла “Беларускі народны каляндар”, круглы стол “Беларускае канцэртнае выканальніцтва ў кантэксце сусветнай культуры”, наведванне залы экспазіцыі чарнобыльскай зоны Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.