Мы – беларусы!

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

У Дзень беларускага пісьменства на цэнтральнай плошчы Барысава пройдзе гала-канцэрт майстроў мастацтваў у рамках грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. У той самы час на сцэну, усталяваную на Цвярской плошчы Масквы, дзе 7 верасня святкуецца Дзень горада, выйдуць многія знакамітыя артысты, каб сваімі песнямі і танцамі выявіць галоўны пасыл гэтай праграмы: “З любоўю з Беларусі”. Кіраўнік творчай дэлегацыі ў Маскве, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір МАТВЕЙЧУК перакананы, што гэтае супадзенне сімвалічнае.

 /i/content/pi/cult/173/1647/My1.jpg

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Мсціславе,
2001 г.

— Адразу хацелася б падкрэсліць, што канцэрт акцыі “Мы — беларусы!” з’явіўся ў праграме Дня пісьменства цалкам заканамерна. Бо галоўная мэта гэтай акцыі, падтрыманай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, — памножыць у нашых суайчынніках гонар за свой край, за яго багатыя духоўныя здабыткі. Таму яе пасыл цалкам адпавядае галоўнай ідэі Свята пісьменства.
Адзначу, што Міністэрства культуры прымае самы актыўны ўдзел у кожным Дні беларускага пісьменства, што нашы творцы лічаць за вялікую пашану і гонар выступіць на гэтай магутнай пляцоўцы духоўнасці перад сваімі суайчыннікамі і замежнымі гасцямі, запрошанымі на Беларусь.
Што тычыцца паездкі ў Маскву, то важным пунктам нашай праграмы ў расійскай сталіцы стане ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу. Аддаючы даніну слыннаму Песняру, мы тым самым адзначаем ролю пісьменства, мовы ў нашай культуры, у гістарычным фарміраванні беларускай нацыі. Прыемна, што яскравае беларускае слова і песня прагучаць на адной з цэнтральных плошчаў Масквы ў Дзень горада, перад шматтысячнай аўдыторыяй. Назва гэтага канцэрта — “З любоўю з Беларусі” — лаканічна і трапна адлюстроўвае наш шчыры пасыл, скіраваны да жыхароў расійскай сталіцы.

— Хацелася б даведацца падрабязней пра яго ўвасабленне ў праграме канцэрта.

— Праграма даволі разнастайная — мы ставілі перад сабой мэту комплексна прадставіць лепшыя здабыткі беларускай музыкі ў розных яе накірунках. Таму ў канцэрце возьмуць удзел і зоркі нашай эстрады, чыя слава не блякне яшчэ з савецкіх часоў: ансамбль “Песняры”, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, іх маладзейшыя, але таксама ўжо праслаўленыя калегі — Ірына Дарафеева са сваім Тэатрам песні і Пётр Ялфімаў, а таксама і маладая змена — Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Алёша Жыгалковіч. Прагучыць і народная музыка ў выкананні знанага ансамбля “Бяседа”. Таксама ў імпрэзе возьме ўдзел наш славуты Дзяржаўны ансамбль танца. Усіх удзельнікаў гала-канцэрта, вядома, не пералічыш: творчая дэлегацыя вельмі вялікая — яе склад перавышае сто чалавек.

— Канцэрт на Цвярской — не першая імпрэза ў рамках акцыі “Мы — беларусы!”, якая прайшла па-за межамі краіны. Вялікія канцэрты з удзелам беларускіх творцаў ужо адбыліся ў Беластоку, Санкт-Пецярбургу, Рызе, Юрмале... Ці можна казаць пра поспех гэтай беспрэцэдэнтнай па сваіх маштабах акцыі?

— Без сумневу! Беларускія песні прагучалі на лепшых і самых прэстыжных канцэртных пляцоўках — варта згадаць хаця б “Кастрычніцкую” ў Санкт-Пецярбургу або легендарную юрмальскую “Дзінтары”: нягледзячы на вялізную ўмяшчальнасць гэтых залаў, у іх заўсёды быў аншлаг. Цікавасць да канцэртаў — а значыць, і да ўсёй беларускай культуры — праявілі не толькі простыя гледачы, але і палітыкі,

 /i/content/pi/cult/173/1647/My2.jpg

Урачыстасці ў Шклове адкрывае намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец (першы злева), 2007 г.

грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Скажам, на канцэрце ў Рызе такіх ганаровых гасцей было больш за трыста.
Пра тое, што наша задача распавесці пра Беларусь жыхарам суседніх краін мовай культуры паспяхова выконваецца, сведчыць і вялікая цікавасць да гэтых канцэртаў замежных СМІ. На старонках цэнтральных газет тых краін, дзе яны праводзіліся, з’яўляліся вялікія публікацыі, а ў эфіры праходзілі тэле- і радыёсюжэты. Спадзяюся, такі самы поспех будзе мець і канцэрт у Кіеве, які пройдзе 12 кастрычніка ў Канцэртнай зале “Украіна”.

— Якія падзеі ў культурным супрацоўніцтве паміж Мінскам і Масквой вы б найперш адзначылі, вядома, апрача канцэрта 7 верасня?

— Наша супрацоўніцтва вельмі інтэнсіўнае і шматвектарнае. Адзначу актыўны абмен гастролямі, які ўжо не першы год ажыццяўляецца вядучымі тэатрамі гарадоў.
Нацыянальныя акадэмічныя тэатры імя Янкі Купалы і Максіма Горкага неаднаразова выязджалі ў Маскву, мы ж, у сваю чаргу, неаднойчы мелі магчымасць апладзіраваць бліскучым акцёрам МХАТа, Цэнтральнага тэатра расійскай арміі, Маскоўскага дзяржаўнага тэатра лялек ды іншых выдатных калектываў.
Нельга абмінуць увагай таксама і супрацоўніцтва ў галіне творчай адукацыі: паміж навучальнымі ўстановамі Масквы і Мінска наладжаны прамыя кантакты.
Да прыкладу, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі плена супрацоўнічае з Маскоўскай кансерваторыяй.
Несупынна развіваюцца і сувязі паміж нашымі музеямі, якія дазволілі правесці некалькі знакавых выставачных праектаў. У іх ліку — і выстаўка “Сучасны жывапіс беларускіх і расійскіх мастакоў” у

 /i/content/pi/cult/173/1647/My3.jpg

Дзяржаўным цэнтральным музеі сучаснай гісторыі Расіі, і унікальная магчымасць аб’ёмна пазнаёміцца з творчасцю народнага мастака СССР і РФ Зураба Цэрэтэлі, якую мелі жыхары беларускай сталіцы.
Вядома, супрацоўніцтва адбываецца і ў фестывальным руху. Недарэмна ж канцэрт, прысвечаны Дню Масквы, стаў ужо традыцыйным пунктам у праграме Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, з’яўляючыся адной з самых яркіх і відовішчных падзей маштабнага форуму.

— Апрача сталіц, акцыя “Мы — беларусы!” праходзіла таксама і ў невялікіх райцэнтрах, нават аграгарадках...

— Так, мы ставілі перад сабой задачу не абмяжоўвацца толькі вялікімі гарадамі — мэта акцыі не была б дасягнута, калі б жыхары глыбінкі адчувалі сябе абдзеленымі. І дзякуючы падтрымцы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама нам удалося гэтую задачу выканаць.
Першы этап акцыі, які прайшоў у сакавіку — ліпені, уключаў больш за паўсотні канцэртаў — у тым ліку і ў зусім невялічкіх населеных пунктах, такіх, як Далбізна, Тышкавічы і Чарнаўчыцы, што на Брэстчыне, або Глушкевічы ў Лельчыцкім раёне, на самай ускраіне Беларусі.
Другі этап акцыі ўключае імпрэзы ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама заключны гала-канцэрт на тэрыторыі аэрапорта “Мінск-1”, які адбудзецца 27 верасня. Гэтае грандыёзнае мерапрыемства працягласцю каля пяці гадзін ужо сёння актыўна рыхтуецца групай прафесіяналаў на чале з рэжысёрам Вячаславам Паніным, музычным кіраўніком Васілём Раінчыкам і мастаком Веніямінам Маршаком. Удзел у ім возьмуць найлепшыя беларускія калектывы.

 

Гутарыў Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА