Гучыць “Сталіца”

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Пры ўсім багацці ў Беларусі FM-станцый, “Радыё “Сталіца” эксклюзіўнае сваёй цалкам беларускамоўнасцю — за выключэннем таго, што ў яго эфіры гучыць і сусветная сучасная музыка для дарослых. Дваццаць гадоў, — а менавіта столькі споўнілася “сталічнаму” ў мінулым годзе — гэта электроннае СМІ прапагандуе ўсё айчыннае, апавяшчаючы слухачоў пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне, гартаючы з імі старонкі роднай гісторыі і культуры. Велізарная колькасць часу аддадзена на радыё і нашай музыцы, пераважна року і альтэрнатыве.

/i/content/pi/cult/761/16466/pages-13-S.jpgПра музычны складнік “Сталіцы” мы і гаворым з адным з яе вядучых — Марынай САВІЦКАЙ. Сюды яна прыйшла ў 2010-м годзе — яшчэ практыканткай, будучы студэнткай чацвёртага курса журфака БДУ. Пачынала ў інфармацыйным аддзеле, а пасля таго, як радыё пакінулі дзве знакавыя для музычнага беларускага FM-сегмента фігуры — Сяргей Бандарэнка і Ягор Квартальны, Марына перайшла ў аддзел музычны, ужо маючы досвед працы рэпарцёрам з фестываляў і канцэртаў. Сёння Савіцкая вядзе перадачы “Крок да рока” — прамыя “жывыя” выступы выканаўцаў, і “З месца падзей” — рэпартажы з канцэртаў; яна мадэратар і вядучая лінейных эфіраў, віншавальных і іншых інтэрактыўных праграм.

— Музычная палітыка радыё якім-небудзь чынам змянялася з 2010-га года?

— Глабальна не. Мы як выбралі для сябе рок-фармат, так усё і засталося. Верагодна, рок-музыкі нават стала больш. Радыё па-ранейшаму прытрымліваецца адной са сваіх стратэгій — падтрымцы беларускіх артыстаў. І праз лінейны эфір, і, напрыклад, праз хіт-парад “Ведай нашых!”, калі кожны месяц “Сталіца” выносіць на суд слухачоў дзесяць кампазіцый ад айчынных выканаўцаў. Дзякуючы такім праектам, людзі даведаюцца аб новых імёнах у нашай музыцы, тыя, у сваю чаргу, атрымліваюць магчымасць данесці ўласную творчасць да шырокай публікі.

— Наколькі я разумею, “легкаважкім” артыстам, умоўна кажучы, гурту “Дрозды” або Алёне Ланской, прынясі яны вам беларускамоўныя песні, шлях да ратацыі, тым не менш, закрыты?

— Не думаю, што поп-выканаўцы набылі б сабе новых прыхільнікаў, транслюй мы песні пэўнага гатунку: у “Сталіцы” аўдыторыя ўжо даўно склалася, яна ведае, якая музыка яе чакае. Але, калі ўсё ж уявіць сабе фантастычную сітуацыю, і на нашых хвалях загучалі б “Дразды”, слухачы не зразумелі б гэтага кроку. Пачні радыё рэгулярна ставіць папсу, яно немінуча б страціла публіку.

— А Аляксей Хлястоў у складзе праекта “У нескладовае” ваш кліент?

— Безумоўна. І запішы Алёна Ланская рок-альбом, песні з яго ў нас бы граліся.

— Рыхтуючыся да інтэрв’ю, я знайшоў у інтэрнэце некалькі водгукаў аб станцыі — трох-чатырохгадовай даўніны, у якіх іх аўтары даволі-такі жорстка крытыкавалі яе музычную скіраванасць. Маўляў, занадта шмат “цяжкага” ў дзённым эфіры…

— Адны кажуць, яго ў нас наогул шмат, іншыя — мала. Раніцай падобнай музыкі на радыё проста няма, а ў праграме “Пра Рок” так, хапае. Ну, на тое і аўтарская перадача, якая выходзіць пасля дзевяці гадзін вечара. На працягу ж дня “цяжкія” кампазіцыі наўрад ці маглі ісці запар. Хутчэй за ўсё, гэта было меркаванне прадузятае — людзей, у прынцыпе не прымаючых рок.

— На вашай памяці, крызісы ў радыёстанцыі здараліся?

— Напэўна, перамены ў кіраўніцтве любой станцыі — хвалюючы момант для яе супрацоўнікаў. Аднак крызісам замену загадчыка аддзела музычных праграм — Сяргея Бандарэнка на Таццяну Шышло — я б не назвала. Так, Сяргей вельмі шмат зрабіў для “Сталіцы”, і ён таксама фармаваў яе твар. Але Таццяна далёка не апошні чалавек у музычнай сферы, яна выдатна разбіраецца ў рок-музыцы. Пры спадары Бандарэнку стылістычны дыяпазон быў шырэй, а з прыходам Таццяны мы больш сканцэнтраваліся на року і “метале”, музычны фармат стаў больш рок-арыентаваным. І, мяркуючы па водгуках слухачоў, такі падыход ім таксама падабаецца. Я ведаю, што колькасць людзей, якія слухаюць нас, усё павялічваецца і павялічваецца.

— Магчыма, толькі рэйтынгі гэта не даказваюць. У іх вас няма, калі верыць апублікаванаму ў “павуціне”. Сітуацыя некалькі парадаксальная — пры той хвалі любові да ўсяго роднага, беларускага, якая паднялася ў грамадстве гадоў пяць — шэсць таму.

— Я думаю, у рэйтынгах мы ўсё ж ёсць, проста не ў першай дзясятцы. А сённяшнія рэаліі такія, што, нягледзячы на хвалю захаплення беларускай культурай, у людзей папулярныя перш за ўсё рускамоўныя станцыі. Але яны арыентаваны пераважна на забаўляльны кантэнт, мы ж не тое каб вызначана сацыяльнае радыё, але ідэйнае — гэта дакладна. Да таго ж, у “Сталіцы” акрамя Мінска няма перадатчыкаў у іншых абласных гарадах. І гэта не можа не ўплываць на рэйтынгі.

— “Сталіца” можа пахваліцца тым, што адкрыла нейкага цікавага артыста для публікі? Як, скажам, маскоўскае “Наше радио”: яно на стыку стагоддзяў запусціла на музычную арбіту плойму поп-рок-выканаўцаў. “Мумий Тролль”, “БИ-2”, Земфіра ператварыліся ў зорак…

— Так, мы даем магчымасць паказаць сябе, і гэта працуе. Напрыклад, пасля аднаго з эфіраў з гуртом Nevrida на каманду выйшлі прадстаўнікі балгарскага музычнага лэйбла і прапанавалі кантракт. З апошніх, як вы кажаце, адкрыццяў — гурт “Закон Гука”. Зрэшты, я не стала б заслугі па прасоўванні музыкантаў прыпісваць выключна нам, яны ж гучаць і на іншых станцыях, самі рэкламуюць уласную творчасць у тых жа сацсетках, выступаюць у клубах. Усё ў сукупнасці ідзе на карысць папулярнасці артыста, не толькі з’яўленне на радыё. А наогул, асабіста мне вельмі часта дзякуюць слухачы за тое, што менавіта з праграмы “Крок да рока” яны даведаліся пра таго ці іншага выканаўцу.

— А хто ў бліжэйшай перспектыве яшчэ здольны “стрэліць”?

— Падабаецца, як працуе гурт “Зьмяя”. Яму ўжо нямала гадоў, аднак людзі не здаюцца, пастаянна выступаюць, выпускаюць сінглы, ім цікава жыць вось гэтым насычаным музычным жыццём. Вельмі круты інструментальны гурт Harmonix College — у яго проста неверагодныя па эмацыйным напале канцэрты. Ці ж іншы інструментальны склад — Mnsr.Gustav. З гэтага зладжанага трыо — бас, барабаны і скрыпка — калі яно не збавіць ход, можа атрымацца магутны калектыў. Гурт Nite Nite Nite мае нядрэнныя шанцы замацавацца на вядучых пазіцыях. Palina, нейкі час таму ўжо “стрэліла”, а потым неяк згубілася. Але, мне здаецца, зараз яна рыхтуецца да другой спробы заваявання музычнага Алімпу.

— Праз тыдзень, у Дзень горада, чымсьці збіраецеся здзівіць Мінск?

— Абавязкова. Але не варта забываць, што 21-га верасня дзень нараджэння радыё “Сталіца”. І вось тады сапраўды здзівім слухачоў незвычайнымі калабарацыямі, калі, напрыклад, “навіншчыкі” далучацца да вядучых забаўляльных праграм. І не толькі. Сачыце за эфірам. А, уласна, у Дзень горада, 14 — 15-га верасня, на фестывалі гісторыі і культуры “Менск Старажытны” музычную частку фэсту правяду я разам з вядучым “Сталіцы” Лявонам Казаковым. Чакаецца яркае і прыгожае свята.

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"