Пацэліць у яблычак

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Шаркаўшчына: пра тое, што “стрэліла”
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома перастала тэлефанаваць апошнія месяцы і паведамляць пра цікавае. Я падумаў: штосьці здарылася. Набраў нумар сам і абрадаваўся: нічога страшэннага не адбылося, проста вельмі шмат станоўчых змен у жыцці мясцовай культуры — не было часу на шчыльныя стасункі з “К”. Сітуацыя выпраўлена. А гаворка ў артыкуле — пра кожную дадатную творчую падзею ў раёне.

/i/content/pi/cult/761/16464/pages-10-11-copy-S.jpgШаркаўшчынскі раён — край далёкі і не вельмі багаты ў эканамічным плане. Бяру на сябе адказнасць упэўнена сцвярджаць: у раён можна прыехаць і са здзіўленнем затрымацца тут не на адзін дзень, каб паспець агледзець усе культурныя цікавосткі і напоўніцу ўсвядоміць іх унікальнасць. Далёка не ў кожным раёне вас чакае такая стракатасць патэнцыяльных брэндаў, якія ў той ці іншай ступені працуюць сёння на іміджавую прывабнасць краю, асветленага талентам Язэпа Драздовіча. Да слова сказаць, гэты “касмічны” мастак з’яўляецца для Шаркаўшчынскай зямлі нібыта анёлам-ахоўнікам у любых творчых пачынаннях.

Давайце наладзім цяпер гэткі віртуальны шпацыр па месцах, якія зробяць гонар любому турыстычнаму маршруту.

Усе — у сад!

Поруч з постаццю неўтаймоўнага Язэпа Драздовіча нельга не згадаць і гэткага ж няўрымслівага Івана Сікору. Садавод-селекцыянер і сябра Льва Талстога, які вывеў 500 гатункаў яблык і 100 — груш (пра іншую садавіну і не кажу) і гэтым праславіў вёску Алашкі, дзе жыў і працаваў. (Мясцовыя бабулькі і па сёння згадваюць, як Іван Паўлавіч хадзіў па вясковай вуліцы з інспекцыяй, і калі заўважаў няскошанае пустазелле, страшэнна злаваўся.)

Работнікі культуры раёна можна сказаць, пацэлілі ў свой час проста ў яблычак. У сэнсах прамым і пераносным. Мясцоваму святу “Яблычны Спас” — ужо 21 год. Спачатку гэта была падзея местачковага значэння. На сёння яна мае абласны статус. Баюся і прадказваць, што стане заўтра. Але тое, што любы турыст будзе ўражаны Алашкамі — цалкам зразумела. Скажыце, ну які аддзел культуры мае на балансе амаль тры гектары гібрыднага саду з унікальнымі пладамі? А ў садзе — Музей Сікоры і мемарыяльны дом, які ён пабудаваў. Побач з ім, кажуць, і на бярозах слівы растуць.

За садам даглядаюць спецыялісты. Тут нават, як у добрым лесе, грыбы растуць. А яблыкі могуць захоўвацца ў хаце аж да сакавіка. Тая рэдкая сітуацыя, калі пах плода цалкам супадае з яго смакам. Я па гэтым садзе неяк увосень гуляў і не заўважыў, як палова дня прайшла. Брэнд? Канешне! І такі, якога ў рэспубліцы больш няма.

Лагатып вёскі. Звычайнай?

І такога аграгарадка, як Германавічы, на Беларусі больш няма. І справа не толькі ў тым, што ёсць тут і цэнтр культуры і народнай творчасці, і музей, і дом ганчара (адзіны ў рэспубліцы!). Германавічы ўнікальныя найперш тым, што апошнім часам з’явіўся ў вёсцы дасціпны лагатып (якое паселішча можа гэтым пахваліцца?!), з любоўю зроблены мастаком Міхаілам Ставіцкім.

А пачалося ўсё з праекта “Брэндынг аграгарадка Германавічы як інструмент устойлівага развіцця сельскай тэрыторыі: агульнымі намаганнямі для ўсіх”, падтрыманага Амбасадай ЗША. Пад рэалізацыю гэтага гуманітарнага праекта атрымана 16 тысяч грантавых долараў. Па словах Людмілы Стомы, вялікую дапамогу тут аказала сацыяльна-інфармацыйная ўстанова “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” з Браслава.

Што зроблена для брэндынгу? Апошнім часам мясцовы музей быў перарэгістраваны, ён называецца цяпер мастацка-этнаграфічным імя Язэпа Драздовіча. Быў абвешчаны конкурс на лепшае апісанне турыстычнага маршрута “Сцяжынкамі Драздовіча”. У выніку з 18 мая (ноч музеяў) прайшоў ён па ўсіх вёсках раёна, да якіх Драздовіч меў дачыненне (ці каханку меў, ці маляванкі рабіў), а заканчваецца ў Цярэшках, дзе пахавана мама вандроўнага мастака. На маршруце — пяць шыкоўных інфармацыйных стэндаў. На што яшчэ пайшлі грошы гранта? На рэканструкцыю і абсталяванне двух музейных залаў, дзе выстаўлены прадметы даўніны, аўтарам і ўладальнікам якіх быў Язэп Драздовіч, і ўласна самі маляванкі мастака.

Па словах Людмілы Стомы, калі добра падрыхтаваны праект “выстрэльвае”, дык робіцца гэта досыць гучна, то-бок — маштабна і вынікова. Палову музейнага будынка займаў калісьці дзіцячы садок. Кіраўнік установы Людміла Навіцкая марыла, каб у яе ўласнасць перайшло ўсё памяшканне. Анёл-ахоўнік дапамог. Садок перабраўся ў іншае месца. Зараз патрэбны грошы для рамонту і пераабсталявання другой музейнай часткі (сюды ж запланавана перанесці і дом ганчара). Нагода для чарговага гранта.

Цяпер зразумела, чаму вёска лагатыпу заслугоўвае?

“Вясёлка сугуччаў” і казка пра…

Так называецца адкрыты міжрэгіянальны фестываль, які прайшоў летась трэці раз і рэй на якім вядзе Шаркаўшчынская дзіцячая школа мастацтваў. А ўсё пачалося пасля пагаднення паміж Беларуссю, Латвіяй і Літвой у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва трох краін. Шаркаўшчына ўвайшла ў еўрарэгіён “Азёрны край”. А пагадненне мае на ўвазе стасункі ў гаспадарчай дзейнасці, адукацыі, сацыяльнай ахове, спорце, турызме і, натуральна, у сферы культуры. Цяпер юныя творцы раёна маюць магчымасць убачыць, чым жывуць іх равеснікі за мяжой.

“Стрэліла” і бібліятэчная грамада раёна. Пачну з самага мілага майму сэрцу. Дзіцячая бібліятэка адзначыла Сусветны дзень катоў. У госці да дзятвы прыйшлі кот Барс і кацяня Кацейка. Радасці не было мяжы з абодвух бакоў. Так выхоўваецца дабрыня, без якой кніжкі ідуць не на карысць.

Цэнтральная райбібліятэка заняла першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Намінацыя — самая прэстыжная: “За пошукавую і даследчую работу”. Што даследавалі? Натуральна, жыццё і творчасць Драздовіча з нагоды яго 130-годдзя. Такім чынам нарадзіўся бібліяграфічны даведнік “Вандроўнік. Доўгае вяртанне”.

Пра чарговы бібліятэчны “стрэл” распавядае кіраўнік ЦБС Алена Фрамертас. Пры дзіцячай бібліятэцы дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Жывое слова”, якім кіруе Людміла Казіцкая. Менавіта яна стала ініцыятарам напісання да 515-годдзя горада зборніка “Казкі пра Шаркаў Град”. Ілюстрацыі зрабілі вучні мастацкага аддзялення мясцовай ДШМ. Далей — болей. Рукапісы пераўтварыліся ў кнігу. Яе выданне стала справай гонару ўсёй свядомай грамады. Падобнага, даведзенага да лагічнага завяршэння, праекта больш няма…

Можна было распавядаць яшчэ пра многае. Да прыкладу, пра раённы дом рамёстваў ці цыркавую студыю… Але, як лічыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома, пісаць цяпер варта пра тое, што “стрэліла” літаральна ўчора. А заўтра будзе заўтра. Вось раённы цэнтр культуры ўзначаліла маладая ды амбіцыйная Таццяна Лаздоўская. Павінна здзівіць. Так што крыху пачакаем.

“Рэкламнае” пасляслоўе

У мяне прэтэнзій да работнікаў культуры Шаркаўшчынскага раёна няма. У мяне вялікія прэтэнзіі да тых, хто адказвае за паўнацэннасць сацыяльнай рэкламы, прыдарожнай і тэлевізійнай, у маштабах краіны. Я правёў апытанне сярод знаёмых. Ніхто не ведае, аказваецца, што апрача Мірскага і Нясвіжскага замкаў ёсць у нас не менш шыкоўныя палацы — Гатоўскага ў Чырвоным Беразе на Жлобіншчыне і Булгакаў у Жылічах на Кіраўшчыне. І пра Алашкі з Сікорам — ніхто не ў курсе. І касцёл, музей і дом ганчара ў Германавічах — terra incognita для прагнага на першаадкрыцці вандроўніка.

У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, гэта кожны ведае. Але чаму адсутнічае прадуманая тактыка сацыяльнага рэкламавання? Для пэўнага кола мінчукоў вуліца Орды і па сёння асацыіруецца з вуліцай Арды. А пра Алашкі і Германавічы ў сталіцы чулі хіба толькі спецыялісты вельмі вузкага профілю. Час сітуацыю выпраўляць. У адваротным выпадку турызм так і не стане для Беларусі бюджэтаўтваральным, а пра культуру нашых рэгіёнаў ведаць будуць толькі ў саміх рэгіёнах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"