Адпіць ад яйка

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

На адным баку Сажа месціцца Ветка, на другім — вёска Хальч, знакамітая шчодрымі яблыневымі садамі. Веткаўцы хальчанцаў спрадвеку лічылі штукарамі. Уладальнікі садоў за самым застойным савецкім часам наймалі фуры і прадавалі садавіну ці не за Уралам. Такая прадпрымальнасць іншым была не даспадобы. Таму ў дачыненні да “купцоў” толькі і чутно было: “Гэныя нават ад яйка адап’юць!” Пры некранутым шкарлупінні, мелася на ўвазе. Асабіста я ніколі не лічыў такую разваротлівасць грахом. Каб накарміць краіну, трэба спачатку накарміць уласную сям’ю. Згадаў пра ўсё гэта чамусьці, калі даведаўся, што на Лідчыне адзначылі днямі свята яйка. Ці знайшліся спрытнюгі адпіць ад яго?

/i/content/pi/cult/761/16463/pages-10-11-copy-2-S.jpgВядома толькі адно: свята яйка прайшло ў Крупаўскім Доме культуры. Чаму менавіта ў гэтым аграгарадку? Як мне патлумачылі ў Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя забяспечвае кармамі Лідскую птушкафабрыку. Так што адрас мерапрыемства — невыпадковы. Натуральна, што галоўным атрыбутам гульняў ды конкурсаў было курынае яйка. Выступілі народны ансамбль песні “Васільковая раніца” Васілішкаўскага цэнтра культуры, артысты з Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў Лідскага ЦКіНТ.

Галоўнае свята апошняга часу — Дзень ведаў. Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Бабруйскага палаца мастацтваў Наталля Давідовіч распавядае: “Наш сектар наладзіў для пачаткоўцаў інтэрнатаў “Белшыны” тэатралізаваную праграму “Добры дзень, школа!” Дзеці бралі ўдзел у конкурсах, прысвечаных школьным дысцыплінам”.

Працягну гаворку пра брэндавыя святы, якія вызначаюцца сваёй арыгінальнасцю. Аграгарадок Жупраны, што на Ашмяншчыне, зладзіў свята “Вясковы сыравар”. Лепшы сыр аказаўся ў Алены і Аляксандра Калініных. Сыравінай для яго вырабу стала каштоўнае казінае малако. Гэты і іншыя малочныя вырабы можна было набыць у Сырным казіно. Усім спадабалася, да прыкладу, вялізная піца… Штосьці ніхто не спяшаецца арганізаваць свята, скажам, кілбасы. Я ў журы напрасіўся б.

Каравай новага ўраджаю і хлебаробаў шанавалі ў Дварцы (Дзятлаўскі раён). Мясцовая бібліятэка падрыхтавала тэматычную выставу, прысвечаную 70-годдзю гаспадаркі і 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Артысты Дзятлаўшчыны падрыхтавалі канцэрт.

Яшчэ адно свята Дзятлаўскага раёна было прысвечана гарадскому пасёлку Наваельня. Мясцовыя жыхары запэўніваюць, што больш прыгожага і ўтульнага куточка на Дзятлаўшчыне не існуе. Віншаванні ў той дзень атрымалі перадавікі вытворчасці, старажылы і самыя маленькія гарпасялкоўцы. Адзначылі і гаспадароў самых чыстых падворкаў. Мясцовы мастак Анатоль Кардаш парадаваў выставай карцін. А скончылася ўсё вялікім канцэртам.

У Зэльве прайшоў традыцыйны Ганненскі кірмаш, які калісьці не меў сабе роўных на Беларусі. Святлана Якута піша: “Ішоў жвавы гандаль сувенірамі, працавалі майстар-класы, былі арганізаваны выставы антыкварнай мэблі і рэтра-адзення, ахвотных чакала вандроўка на карэце… Сельскагаспадарчыя падворкі называліся “Ягаднае”, “Грыбное”, “Хлебнае”, “Гародніннае”. Фестываль ежы праходзіў пад дэвізам “Гатуем сваё!”

Свіслацкі кірмаш (пяты па ліку) быў арганізаваны ў Свіслачы. Традыцыя была адроджана ў 2013 годзе ў рамках праекта “Супрацоўніцтва і культурны дыялог гарадоў Укмерге і Свіслач” праграмы трансгранічных стасункаў “Латвія — Літва — Беларусь”. Упершыню кірмаш аб’ядналі з раённымі дажынкамі. Рэй тут па-ранейшаму вялі героі графа Вінцэнта Тышкевіча і яго жонкі Тэрэзы Панятоўскай. Працавалі Свецкі салон графа Тышкевіча, карчма “Дажыначная”. Відовішчнай аказалася конкурсная праграма “Вальс кветак”.

Культурна-спартыўнае свята “Саламянае дэрбі” прайшло ў Малюшавічах, што ў Карэліцкім раёне. Тут гулялі ў футбол на саломе, драліся мяшкамі і рабілі абярэгі. Перад жыхарамі Малюшавічаў выступілі самадзейныя артысты з Іўеўскага раёна.

Вось такі неймаверны феерверк стракатых святаў! Цяпер на парадку дня — бібліятэчныя навіны. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Тварагаль распавядае: “Чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” прайшло ў незвычайным фармаце. Мясцовыя паэты чыталі свае вершы ў цэнтры горада ля фантана.” Вулічны паэт, як і вулічны музыкант, дадае любому гораду цёплыя фарбы лірызму з рамантызмам.

Сёлета споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння паэткі Ірыны Данік, жыццё і творчасць якой звязана з Мастоўшчынай. Пэўны час Ірына Мікалаеўна працавала ў вёсцы Стральцы, дзе напісала многія свае творы. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун піша: “Юбілей зямлячкі адзначаны ў Стралецкай сельскай бібліятэцы. На вечарыну прыйшлі сваякі і сябры пісьменніцы, актыўныя чытачы бібліятэкі.”

Яшчэ адна інфармацыя ад Вольгі Коршун. Нядаўна Масты адзначылі 533-годдзе з дня заснавання. Раённая бібліятэка прыняла ўдзел у свяце горада і арганізавала бібліяфэст “Горад мары, горад казання, горад надзеі”. Кніжная выстава знаёміла з гісторыяй і сённяшнім днём горада. Ахвотныя пісалі казку пра Масты. Радкі многіх складаліся на спецыяльным стэндзе ў адзіны тэкст. Дзецям прапаноўваліся гульні на Бібліятэчнай палянцы.

“Доўгія вёрсты вайны” — так называецца кніга, выдадзеная днямі ў адным з гродзенскіх выдавецтваў. Пісалі яе дзясяткі людзей, многіх з якіх ужо няма. Кніга пра жыхароў Бераставіцкага раёна, якія працавалі на Перамогу ў тыле і на фронце, якія прайшлі праз жахі канцэнтрацыйных лагераў. Рэдактарам-укладальнікам кнігі стаў навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалай Пацэнка. Вось што ён распавядае: “На фронт пайшло амаль дзве тысячы бераставічан, і толькі палова з іх вярнулася дахаты. У кнізе друкуюцца ўспаміны і лісты франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў. Гаворка вядзецца і пра тых, хто заставаўся на акупаванай тэрыторыі… Грошы на выданне выдаткаваў Бераставіцкі раённы выканаўчы камітэт”.

Незвычайна вырашылі адзначыць свята 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Быў створаны ўнікальны кукурузны лабірынт плошчай у адзін гектар. А быў яшчэ конкурс на веданне гістарычнай спадчыны: трэба было адказаць на пытанні па геральдыцы, па веданні лёсавызначальных для краю асоб. Не ўсе здолелі дайсці пераможцамі да выхаду з лабірынта. Паведаміла пра бібліятэчны крэатыў загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай райбібліятэкі Юлія Міхайлава.

З летам развіталася аматарскае аб’яднанне “Ветразь” Астравецкай раённай бібліятэкі. Загадчык адзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Вольга Тварагаль піша, што падчас першай часткі мерапрыемства дзеці згадвалі летнія вакацыі, удзельнічалі ў віктарыне на веданне мульцікаў пра лета, адгадвалі садавіну і гародніну навобмацак. Другая частка прысвячалася новаму навучальнаму году. Юныя чытачы збіралі школьныя ранцы. А пасля пазнаёміліся з гісторыяй Дня беларускага пісьменства і паглядзелі відэа пра сёлетнюю сталіцу гэтага свята — Слонім.

Загадчык бібліятэкі № 20 цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска Кацярына Звяровіч паведаміла: “У нашай установе вялікая ўвага надаецца адпачынку пенсіянераў. Для гэтага працуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Наладжваюцца сустрэчы з пісьменнікамі, урачамі, садаводамі… Выступае хор ветэранаў Дома культуры чыгуначнікаў. А гарадскі клуб “У гасцях у бабулі” запрашае на пірагі і пасядзелкі. Кожную нядзелю праходзяць спаборніцтвы па шашках. Гэтымі днямі працуе выстава мастака Уладзіміра Жукава “Жыццё — творчасць, творчасць — жыццё”. У экспазіцыі — партрэты Уладзіміра Мулявіна, Расціслава Янкоўскага, Ігара Лучанка”.

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"