Мы таксама гралі ў гэтым гурце

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Спрэчкі адносна нацыянальнай прыналежнасці дзеячаў эпохі ВКЛ і асабліва Рэчы Паспалітай то ўспыхваюць з шалёнай сілай (як не так даўно было ў выпадку з Тадэвушам Касцюшкам), то заціхаюць — каб неўзабаве ізноў вярэдзіць глузды. І нікуды ад іх не падзецца. Галоўнае, каб у іх нараджалася ісціна — а не толькі эмоцыі. Зразумела, для многіх нашых чытачоў тая палеміка мае практычнае вымярэнне. Бібліятэкар або музейшчык задаецца пытаннем: ці трэба мне ў сваёй працы надаваць увагу папулярызацыі тых імёнаў, якія звязаныя з нашай зямлёй, але пісалі, напрыклад, па-польску? Давайце пра гэта паразважаем.

Падаецца, што калі б на спірытычным сеансе нам удалося выклікаць дух Касцюшкі (або Манюшкі) і пацікавіцца, што ён сам думае на гэты конт, адказам было б шчырае здзіўленне ды банальнае неразуменне пастаўленага пытання. Бо дзеячы мінулага чамусьці мыслілі ў актуальных для свайго (а не для нашага) часу катэгорыях! А тады была адзіная Рэспубліка двух (гэта афіцыйна, бо насамрэч ажно чатырох) народаў, жыхароў якой часам спрошчана называлі палякамі. Гэтаксама, як у Другую сусветную вайну на Захадзе шматнацыянальныя савецкія войскі ці не ва ўсіх дакументах называлі “рускімі” — хаця сярод іх былі мільёны байцоў не славянскага паходжання.

Я галаву гатовы даць на адсячэнне: ніводзін з нашых вялікіх продкаў не мог нават прадбачыць сённяшнія дыскусіі. Як не мог ён прадбачыць, што праз 200 гадоў геапалітычныя рэаліі зменяцца, і камунальныя кватэры пераўтворацца ў асобныя для кожнага народу апартаменты. Што праз ладны час пасля адыходу тых дзеячаў у вечнасць у Еўропе пачнуць з’яўляцца нацыянальныя дзяржавы (ні ВКЛ, ні Рэч Паспалітая, нагадаю, такімі не былі). І што іх спадчыну наогул некалі ўзнікне патрэба дзяліць. Гэта як сужонкі наўрад ці задумваюцца, каму з іх асабіста прыналежыць шафа, а каму канапа.

Да таго ж, рэаліі таго часу ў нечым зусім непадобныя да цяперашніх. Настолькі, што аўтаматычнае іх канвертаванне адтуль сюды падаецца справай глупай. Мы ідэнтыфікуем людзей праз нацыянальнасць — а раней рабілі гэта найперш праз саслоўную прыналежнасць. Тады яна вызначала не толькі тваё жыццё, але і лёс тваіх нашчадкаў немаведама да якога калена: калі ты мужык, дык будзеш араць зямлю. І ніхто нават не мог сабе ўявіць, каб сын селяніна заняў нейкую адказную пасаду — якія б здольнасці ён ні меў. Сацыяльныя ліфты былі з’явай выключна рэдкай. Сёння гэта, на шчасце, ужо ў мінулым.

Непаразуменні на сацыяльнай глебе ў такіх варунках былі вытлумачальнымі. Узнікалі яны і на глебе канфесійнай. А вось на этнічнай глебе канфлікты фактычна не з’яўляліся: нехта мог называць сябе адначасова і беларусам, і літоўцам, і палякам. Пагатоў, сэнс ніводнага з гэтых паняццяў дакладна не адпавядае сучаснаму.

А пра тое, што Рэч Паспалітая ўспрымалася многімі тутэйшымі людзьмі як дзяржава свая (прычым нават праз дзесяцігоддзі пасля знікнення з карты!), сведчыць ужо сам градус патрыятызму, які з рэгулярнасцю выліваўся ў паўстанні. Наўрад ці мясцовая шляхта змагалася толькі за Кракаў або Варшаву. Змагаліся за сябе, за лёс сваёй уласнай зямлі.

Думаецца, такая з’ява, як супольная ідэнтычнасць, павінна быць добра зразумелай нам, людзям, народжаным у СССР. Прыкладам, чыім палітычным дзеячам быў Андрэй Грамыка? Рускім? Беларускім? Ды не — савецкім. І, дадамо праз коску, — народжаным у Беларусі.

Адказ на пытанне, ці можна назваць Касцюшку беларусам у сучасным разуменні слова, хутчэй за ўсё, таксама будзе адмоўным. Як і палякам, зрэшты, або літоўцам: ніводнай з нацыянальных дзяржаваў тады яшчэ папросту не існавала. Касцюшка — гэта менавіта дзеяч Рэчы Паспалітай, які нарадзіўся на беларускай зямлі. Чым мы маем поўнае права ганарыцца. Асабліва калі ўлічыць ягоныя даволі прагрэсіўныя, як на свой час, погляды ды памкненне будаваць дзяржаву не толькі для шляхты, але і для ўсёй супольнасці.

…Любы юрыст вам засведчыць: падзел сумесна нажытай маёмасці — заўсёды нялёгкая справа. Асабліва калі тыя капіталы — сімвалічнага кшталту. Вось, напрыклад, тыповая сітуацыя для шоу-бізнесу. Збіраюцца ў падвале патлатыя хлопцы і пачынаюць сублімаваць свае пачуцці з дапамогай струн… А потым, як заведзена, — кантракты, “Грэмі”, стадыёны. А потым — распад. Часцяком у такіх выпадках франтмэн гурта пачынае сольную кар’еру ды грае на сваіх канцэртах правераныя хіты — як быццам яны выключна ягоная ўласнасць. Ды не надта ахвотна згадвае, што хук у гэтай песні падказаў басіст, а грошы на ейны запіс выдурыў у сваёй бабулі ўдарнік. Несправядліва атрымліваецца!

Магчыма, нашы продкі і не гралі ў Рэчы Паспалітай “першую скрыпку”. Землі Кароны Польскай былі і большымі па памерах, і больш заможнымі ў плане эканамічнага развіцця. Да таго ж, культурныя трэнды мелі схільнасць рушыць з Захаду на Усход — а не наадварот. Але тым не менш… Сваю ролю ў жыцці гэтай вялікай дзяржавы беларусы, неаспрэчна, сыгралі. І роля была зусім не пасіўнай — зважаючы хаця б на той самы пантэон выбітных дзеячаў. Гэта мы павінны ўсведамляць самі і без лішняй сціпласці даводзіць усім іншым. У тым ліку, і турыстам з суседняй краіны — якіх, на шчасце, становіцца ўсё болей і болей.

І тут узнікае іншае пытанне: ці не выкліча такая наша пазіцыя гарантаваную сварку? Пагатоў, большасць турыстаў ні каліва не сумняецца ў тым, “чые” Касцюшка, Міцкевіч, Рэйтан... Так, калі заявіць ім у лоб, што яны, насамрэч, беларусы, у цябе ёсць добры шанец атрымаць у нюхаўку. А вось калі завесці гутарку пра супольную ідэнтычнасць і супольную ж спадчыну, якую яна пакінула — як падаецца, справа цалкам можа скончыцца тостам на брудэршафт.

Агульная гісторыя сёння здатная як аб’ядноўваць, так і служыць прычынай для канфрантацый. Усё залежыць толькі ад падыходу.