Доктарская ў Іспаніі з беларускім кантэкстам

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

4 верасня 2019 года ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце буйнейшага ўніверсітэта Іспаніі, Універсітэта Камплютэнсе (Universidad Complutense de Madrid) адбылася паспяховая абарона доктарскай дысертацыі грамадзянкі Іспаніі Анхелы Эспіносы Руіс (на здымку) па тэме “Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера”.

/i/content/pi/cult/761/16453/2019-SS.jpgВарта адзначыць, што гэта першы выпадак абароны дысертацыі, якая прысвечана беларускай літаратуры, у Каралеўстве Іспанія.

Анхела Эспіноса Руіс, грамадзянка Іспаніі, якая на працягу многіх гадоў вывучае беларускую мову і літаратуру, а таксама піша вершы на беларускай мове. У 2017 годзе пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі і Пасольства Беларусі ў Іспаніі выдадзены зборнік перакладзеных на іспанскую мову вершаў Максіма Багдановіча пад назвай “Згукі маёй Бацькаўшчыны”. Пераклад вершаў быў выкананы Анхелай Эспіноса Руіс.

Падчас мерапрыемства прадстаўнік Пасольства Беларусі ў Іспаніі ўручыў А. Эспіносе Руіс падзяку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-іспанскага культурнага супрацоўніцтва.

Паводле паведамлення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Іспаніі