Каб шукалі і знаходзілі

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

17 верасня харэаграфічная легенда Вячаслава Кузняцова “Анастасія” ў пастаноўцы Юрыя Траяна будзе прысвечана памяці галоўнага мастака Вялікага тэатра Беларусі Аляксандра Касцючэнкі. Прэм’ера балета прайшла ў кастрычніку мінулага года і стала адной з апошніх работ майстра.

/i/content/pi/cult/761/16452/pages-2-3-copy-3S.jpgМастак так гаварыў пра пастаноўку: “Гісторыя, расказаная ў “Настассі”, — гэта пазл нашай агульнай гісторыі, якую мы павінны ашчадна захоўваць. І абавязкова паказваць гледачам! Гэта даніна… Даніна легендзе, даніна герою, даніна гістарычнаму моманту нашага мінулага. Для мяне Настасся Слуцкая — анёл, які абараняе беларускую зямлю ад захопнікаў, ад усіх нягод, што зваліліся на краіну… Хачу, каб беларусы ганарыліся сваімі каранямі, шукалі іх і знаходзілі. А наша задача (мая, балетмайстра, кампазітара ды іншых) — зрабіць такі спектакль, каб у беларускага гледача ўскалыхнулася ў душы вось гэтае запаветнае нацыянальнае. Я ўпэўнены: беларускія нацыянальныя спектаклі павінны прыцягваць нашага гледача сваёй маляўнічасцю, яркасцю, незвычайнасцю, і я пастараюся зрабіць так, каб глядач, які прыйшоў аднойчы, захацеў убачыць гэта зноў. Я хачу, каб глядач шчыра палюбіў сваё беларускае, хачу абудзіць у беларусах гонар за сваю гісторыю, за сваіх продкаў, за тое, што яны з’яўляюцца беларусамі…”

Галоўныя партыі вечарам 17 верасня выконваюць народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна (Настасся), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Юрый Кавалёў (Міхаіл Глінскі), Антон Краўчанка (Сямён Слуцкі), лаўрэат міжнародных конкурсаў Такатошы Мачыяма (Ахмат), уладальніца медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык (Заіра). За дырыжорскім пультам — уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў.

Алена БАЛАБАНОВІЧ,
вядучы рэдактар прэс-цэнтра /
аддзела інфармацыі Вялікага тэатра Беларусі

Фота з архіва тэатра