Экспануюцца рарытэты

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

З 30 жніўня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі працуе выстава ўнікальных фотаздымкаў, кніг, гравюр і малюнкаў з прыватнай калекцыі Пятра Краўчанкі — колішняга міністра замежных спраў Беларусі і аднаго з буйных калекцыянераў. Рарытэты набыты на аўкцыёнах Расіі, Германіі, Францыі, Польшчы.

Сярод экспанатаў — гравюры XVII стагоддзя фламандскага мастака, друкара і гравёра Дамініка Кусто з адлюстраваннем прадстаўнікоў роду Радзівілаў; работы XVIII стагоддзя варшаўскага гравёра Готліба Якаба Марсталера; аўтографы Напалеона Банапарта, Льва Сапегі, Аўгуста Моцнага; фотаздымкі польскага і беларускага фатографа італьянскага паходжання Тэафіла Эўгеніуша Барэцці, якім каля 130 гадоў, з выявамі Завосся (радзімы Адама Міцкевіча), Нясвіжа і Нясвіжскага замка; кнігі па гісторыі Віцебшчыны…

Пётр Краўчанка зацікавіўся калекцыяніраваннем у 1970-х. Паўплывалі на яго ў гэтым плане беларускія пісьменнікі Барыс Сачанка і Максім Лужанін, якія самі былі адданымі калекцыянерамі.

Выстава называецца “З Беларуссю ў сэрцы”.