Геній на матацыкле

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

…Кантрольна-прапускны пункт на сакрэтны аб’ект стратэгічнай важнасці выглядае так, як і мае быць. Жалезная брама, высокі паркан, суворыя людзі ў блакітных фуражках спыняюць на ўездзе “Победу”, каб праверыць у яе пасажыраў дакументы. І тут раптам на даляглядзе з’яўляецца сучасны мікраўтобус, які рушыць у гараж па суседстве. “Стоп, камера!” — крычыць рэжысёр. Трэба пачакаць, пакуль эпохі раз’едуцца, а потым — яшчэ адзін дубль. У такіх варунках і адбываліся здымкі фільма пра Якава Зяльдовіча — чарговага героя маштабнага праекта “100 імён Беларусі”, які ўжо некалькі гадоў (ды, на жаль, дасюль яшчэ нерэгулярна) пастаўляе на нашы тэлеэкраны студыя гістарычнага кіно “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” пры падтрымцы дабрачыннага фонду “Навука вакол нас”. Прычым робіць гэта зусім не з галівудскімі бюджэтамі — што, зрэшты, і спараджае нямала падобных да апісанага вышэй казусаў, цікавых для старонняга назіральніка.

/i/content/pi/cult/760/16447/page-14-15-copy-3-SSS.jpgНаш адказ “Дау”

29 жніўня споўнілася 70 гадоў з дня выпрабавання першай савецкай атамнай бомбы. Юбілей прайшоў незаўважна, і гэта зразумела: нагода для свята, мякка кажучы, так сабе. Але тады, у 1949-м, сітуацыя выглядала іначай: нядаўна аб’яўленая Халодная вайна ў любы момант магла пераўтварыцца ў сапраўдную. І анекдот, які гучыць у фільме — пра салдата, які ў выпадку ядзернага выбуху павінен трымаць аўтамат на выцягнутых руках, каб расплаўленае жалеза не трапляла на казённыя боты — не выклікаў смеху. Менавіта ўсталяванне ядзернага парытэту перашкодзіла развіццю падобнага сцэнарыю. І адным з тых, хто гэтаму паспрыяў, быў ураджэнец Мінска Якаў Зяльдовіч.

Пра яго сёння мала хто ведае. Нават нягледзячы на тое, што помнік у Мінску яму ўсталяваны яшчэ пры ягоным жыцці! У брэжнеўскія часіны была такая дзіўная завядзёнка — ушаноўваць падобным чынам Двойчы Герояў Сацыялістычнай Працы. А Зяльдовіч меў не дзве, а цэлых тры зоркі!

Але адна справа — падзабыты бюст ля Інстытута кібернетыкі НАН Беларусі, а зусім іншая — выявіць на экране жывога чалавека, з яго памкненнямі і фрустрацыямі. Як тлумачыць сцэнарыстка фільма Анжаліка Новікава, менавіта такая інтэнцыя і стала скразной для баёпіка аднаго з галоўных стваральнікаў савецкай атамнай бомбы.

Фільм атрымаўся не столькі дакументальным, колькі ігравым. Тут ёсць прыдуманая скразная лінія — мемуары былога супрацоўніка органаў дзяржбяспекі, які ў маладосці курыраваў Зяльдовіча падчас працы на сакрэтным аб’екце Арзамас-16. Паводле сцэнарыя, успаміны так і не былі выдадзеныя, таму… канцы ў ваду, ніхто не праверыць. Але ўсё астатняе — з куды больш даставерных крыніцаў. Прыкладам, сам факт наяўнасці ў ядзершчыкаў такіх “сакратароў” і характар іх дзейнасці зафіксаваны ў рэальных мемуарах удзельнікаў падзей. Як і тое, што Зяльдовіч любіў ганяць па сакрэтным аб’екце на матацыкле.

Дарэчы, пра баёпікі. Сёлета ў Парыжы адбылася доўгачаканая прэм’ера фільма “Дау”, прысвечанага знанаму фізіку Льву Ландау. Здымкі доўжыліся амаль дзесяць гадоў і пераўтварыліся ў нейкі адмысловы канцэптуальны праект, датычны да кіно хіба ўскосна. Рэжысёр Ілья Хржаноўскі з маніякальнай дакладнасцю ўзнавіў савецкі час і прымусіў усю здымачную групу літаральна ў ім жыць — круглыя суткі. Пра бюджэт стужкі дакладных звестак няма, але ні ў кога не выклікае сумневаў, што адным дзясяткам мільёнаў долараў справа не абышлася.

/i/content/pi/cult/760/16447/page-14-15-copy-2-SSSS.jpgБюджэт фільма пра блізкага прыяцеля і суперніка Ландау разоў у тысячу меншы. А задача прыблізна такая самая — занурыць гледача ў той час і тую атмасферу, у якой жылі героі. Што ж, даводзілася выкручвацца. Вось і сакрэтны горад Арзамас-16 з’явіўся на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў Сляпянцы — усяго на адзін дзень.

Але калі б не сучасная тэхніка, можна было б ахвотна паверыць, што менавіта тут вядзецца распрацоўка “вырабу” — такую кодавую назву мела савецкая атамная бомба. Вельмі цікава было назіраць, як будзённае сучаснае жыццё суседнічае тут з кінапрацэсам. “Энкавэдзісты” робяць сэлфі ля старога матацыкла. Дама ў шыкоўнай сукенцы родам з 50-х гуляе з хлопцам у шортах у бадмінтон… І так пакуль не ўключаецца камера.

— Зразумела, усё робіцца афіцыйна, — тлумачыць на пляцоўцы выканаўчы прадзюсар Валянціна Жарская. — Мы знайшлі гэтую лакацыю, звязаліся з яе ўласнікам — Міністэрствам абароны краіны — і там дазволілі здымкі. Увогуле, з ваеннымі працаваць лёгка — яны людзі дакладныя.

Паводле ейных словаў, дазвол на здымкі звычайна даюць ахвотна і бясплатна, асабліва даведаўшыся пра высакародную мэту праекта. Праўда, часам здараецца, што за карыстанне сваімі інтэр’ерамі некаторыя дзяржаўныя ўстановы патрабуюць папраўдзе шалёныя грошы.

— І асабліва гэта прыкра ў тым выпадку, калі мэта тых установаў і мэта нашага цыкла — прапаганда гістарычных ведаў — як быццам бы супадае, — дадае яна.

З каровамі цяжка

Змена доўжыцца з ранку да позняга вечара, і ўсе працуюць у гэты час без супыну. Пагатоў, для рэжысёра Аляксея Макаранкі ўласцівы датклівы перфекцыянізм. І паколькі здымачнага часу вобмаль, а некаторыя акцёры — непрафесіяналы, пастаноўшчыку даводзіцца літаральна вылузвацца са скуры, каб у такіх варунках атрымаць патрэбны вынік.

— Уяві, што ён учора чапляўся да тваёй жонкі на карпаратыве, — раз’ятрывае аднаго з акцёраў Аляксей Макаранка, “выбіваючы” з яго патрэбныя эмоцыі.

Малады рэжысёр пачуваецца на пляцоўцы ўпэўнена, і дзякуючы гэтаму працэс ідзе спраўна і планамерна. Змена сканчаецца недзе апоўначы — калі пасля вялізнай навальніцы ў ваколіцах Мінска ўсё ж удалося распаліць вогнішча, і Зяльдовіч патлумачыў свайму “сакратару” працэс гарэння.

— Вось толькі той эпізод, дзе Зяльдовіч і яго каханая Вольга высвятляюць адносіны сярод статку кароў, які раптоўна перагарадзіў ім дарогу, нам зняць так і не ўдалося, — бядуе Валянціна Жарская. — Справа ў тым, што жывёлы — істоты непрадказальныя, а рызыкаваць зменай нам бюджэт не дазваляе.

Дырэктар на гадзіну

Калі месцы для натурных здымак знайсці звычайна ўдаецца лёгка, дык з інтэр’ернымі ўсё куды складаней. Не так і шмат у нас засталося мясцінаў, дзе хаця б збольшага захаваўся дух мінулых эпох. На дапамогу тут зазвычай прыходзяць музеі. Вось і “савецкі час” здымалі ў колішняй кватэры Петруся Броўкі. Там амаль нічога не змянілася з той пары, калі класік яшчэ быў жывы.

Праўда, месца не так і шмат. Для здымак кожнага новага эпізоду (а паводле сцэнарыя, яны могуць адбывацца ў розных гарадах і ў розныя дзесяцігоддзі) даводзіцца не абы-як выкручвацца, выбіраючы ўсё новыя ракурсы. І дбайна прыглядацца, каб у кадр не патрапіў той ці іншы не адпаведны эпосе артэфакт, што выпадкова апынуўся на кніжнай палічцы.

Ужо нават на здымачнай пляцоўцы было зразумела, што “горкавец” Сяргей Савянкоў зможа смела залічыць галоўную ролю ў фільме да сваіх творчых поспехаў. Ён стварыў неверагодна пераканаўчы вобраз генія-неўрасценіка — капрызлівага, шчырага, чуллівага і заўсёды “на сваёй хвалі”. І — можа, таго не ўсведамляючы — да канца не выходзіў з ролі нават падчас перакураў паміж дублямі, праз што часам ажно станавілася боязна.

Без сумневу, такія фільмы дазваляюць беларускім акцёрам раскрыцца па-новаму, пашырыць сваю прысутнасць і вядомасць па-за межамі тэатральных залаў. Але, у той самы час, яны спрыяюць і іншаму: самавыяўленню тых, для каго кіно — гэта толькі хобі.

— Я ўжо не ўпершыню здымаюся, лік роляў ідзе на дзясяткі і сотні, — з гонарам кажа мне Андрэй Ліцкевіч. — Люблю гэтую справу.

Толькі што ён якую гадзінку прабыў дырэктарам Інстытута хімічнай фізікі Акадэміі навук СССР. А заўтра зноў на працу — кіроўцам.

Зразумела, рэканструкцыя заўсёды адрозніваецца ад арыгіналу — як бы ўтрапёна ні працаваў рэквізітар. А кіно — гэта заўсёды рэканструкцыя. Якую ж эпоху аднавілі стваральнікі фільма пра Зяльдовіча? Калі адным словам — супярэчлівую. Час вялікіх здзяйсненняў — і вялікіх чалавечых драмаў. І гэтыя часы тады неяк узаемаспалучаліся.

Чалавечаму фактару тут наогул надаецца асаблівая ўвага. Аляксей Макаранка тлумачыць, што ключавым эпізодам фільма стане не паспяховае выпрабаванне першага “вырабу” — і, пагатоў, не ўзнагароджванне за гэта Зяльдовіча, — а тыя драматычныя падзеі ў ягоным жыцці, якія гэтаму наступствавалі. Неўзабаве пасля таго, як навуковец атрымаў сваю першую Зорку героя, была арыштаваная ягоная каханая жанчына Вольга Шыраева (у будучыні — выбітная руская мастачка і архітэктар) — за тое, што адмовілася на яго даносіць.

Мяркуючы па стужцы, 29 жніўня Зяльдовіч быў далёкі ад радасці — пра што наўпрост кажа свайму “сакратару”. Стварэнне атамнай бомбы і яе ўдалыя выпрабаванні ўспрымаюцца фізікам як непазбежнае зло. Як і ў фільме з таго самага цыкла пра Казіміра Семяновіча, тут настойліва праводзіцца парадаксальная думка: зброя можа служыць мэце захавання міру.

…Неўзабаве пройдзе прэм’ера фільма ва ўтульнай зале кінатэатра, і здымачная група будзе прыгадваць былыя нягоды хіба з лёгкай усмешкай. А мінчукі, паглядзеўшы гэты фільм, хочацца верыць, пачнуць успрымаць вялікага фізіка не толькі як “дзядзьку з пастамента”, якога яны часам бачаць краем вока, прабягаючы міма.

Фота з архіва аўтара

/i/content/pi/cult/760/16447/page-14-15-copy-SSSSS.jpg