Васючэнкаўскія казкі-фэнтазі

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Чалавек сыходзіць — справы яго застаюцца. Гэта амаль “дзяжурная” фраза наўрад ці можа суцешыць пры страце. Але дакладна адлюстроўвае сутнасць і сэнс жыцця, становячыся цалкам прыстасоўнай да асобы знанага пісьменніка, навукоўцы, выкладчыка Пятра Васючэнкі. Бо прыдуманых ім паноў Кубліцкага ды Заблоцкага часам пачалі ўжо лічыць гэткімі “фальклорнымі” персанажамі.

Памятаеце, як нашу грамадскасць узрушыла тая серыя праславутых Бонсцікаў, што закранала беларускую міфалогію? А між тым, стваральнікам куды большай чарады казачных герояў, што працягваюць заканамернасці, логіку і “формаўтварэнне” нашай нацыянальнай міфалогіі, быў Пятро Васючэнка.

Міжволі ўзнікаюць паралелі з першымі дзесяцігоддзямі мінулага стагоддзя, з дзейнасцю таго ж Інбелкульта, калі за мэту было пастаўлена стварэнне беларускамоўных слоўнікаў па розных галінах ведаў. Прычым уносіліся туды не пераклады-калькі — гэткія “пакалечаныя” найменні, не адпаведныя беларускаму словаўтварэнню, а новыя тэрміны, прыдуманыя па існуючых у нашай мове законах. Так прыдумляў сваіх герояў — плоць ад плоці шляхетных і адначасова народных, быццам “фальклорных” — і Пятро Васючэнка. Гэткаму ж беражліваму стаўленню да слова вучыў і сваіх студэнтаў.

Дарэчы, тыя стогадовыя паралелі не выпадковыя. Як літаратуразнаўца, Пятро Васючэнка даследаваў менавіта гэты гістарычны перыяд, асабліва цікавіўся тагачасным айчынным сімвалізмам, яго праявамі ў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча. І ў сваёй уласнай творчасці ўявіў непадзельны сінтэз строгай навуковасці і палётнай фантазійнасці.

Памятаю, з якім захапленнем прымаліся ў тыя ж 1990-я яго першыя зборнікі — у тым ліку, п’ес, некаторыя з якіх літаральна імгненна станавіліся спектаклямі. Памятаю і яго яркае, зацікаўленае выступленне на адным з нядаўніх пасяджэнняў, прысвечаных далейшаму развіццю айчыннай драматургіі для дзяцей і падлеткаў.

У яго вачах, “зацугляных” акулярамі, свяцілася дабрыня. Такімі ж добрымі, без пошуку абавязковых злыдняў атрымліваліся ў яго і казкі, населеныя ўсялякімі дзівакамі ды дзівосамі. А тое, што далёка не ўсе народжаныя ім персанажы зажылі сваім асабістым жыццём, сышоўшы са старонак кніг ці сцэнічных падмосткаў “у народ”, не ягоная віна, а наша ўсюдыісная праблема. Маўляў, ёсць Гары Потэр — не трэба астатніх? На жаль, атрымліваецца пакуль так. Але, пэўна, трэба было здарыцца смерці, каб мы ўцямілі, нарэшце, што створаныя П. Васючэнкам міфалогія, літаратура, драматургія, усе тыя казкі і само наша асэнсаванне беларускага фэнтэзі — неацэнны скарб нацыянальнай культуры. А надалей — пажадаем самім сябе, каб васючэнкаўскія героі часцей ажывалі не адно на кніжных старонках, у тэатры, эфіры, віртуальнай прасторы, але і ў нашых сэрцах, выхоўваючы чалавечую дабрыню і гонар за “сваё, беларускае”.

Надзея БУНЦЭВІЧ