Памятаеце, як нашу грамадскасць узрушыла тая серыя праславутых Бонсцікаў, што закранала беларускую міфалогію? А між тым, стваральнікам куды большай чарады казачных герояў, што працягваюць заканамернасці, логіку і “формаўтварэнне” нашай нацыянальнай міфалогіі, быў Пятро Васючэнка.
Міжволі ўзнікаюць паралелі з першымі дзесяцігоддзямі мінулага стагоддзя, з дзейнасцю таго ж Інбелкульта, калі за мэту было пастаўлена стварэнне беларускамоўных слоўнікаў па розных галінах ведаў. Прычым уносіліся туды не пераклады-калькі — гэткія “пакалечаныя” найменні, не адпаведныя беларускаму словаўтварэнню, а новыя тэрміны, прыдуманыя па існуючых у нашай мове законах. Так прыдумляў сваіх герояў — плоць ад плоці шляхетных і адначасова народных, быццам “фальклорных” — і Пятро Васючэнка. Гэткаму ж беражліваму стаўленню да слова вучыў і сваіх студэнтаў.
Дарэчы, тыя стогадовыя паралелі не выпадковыя. Як літаратуразнаўца, Пятро Васючэнка даследаваў менавіта гэты гістарычны перыяд, асабліва цікавіўся тагачасным айчынным сімвалізмам, яго праявамі ў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча. І ў сваёй уласнай творчасці ўявіў непадзельны сінтэз строгай навуковасці і палётнай фантазійнасці.
Памятаю, з якім захапленнем прымаліся ў тыя ж 1990-я яго першыя зборнікі — у тым ліку, п’ес, некаторыя з якіх літаральна імгненна станавіліся спектаклямі. Памятаю і яго яркае, зацікаўленае выступленне на адным з нядаўніх пасяджэнняў, прысвечаных далейшаму развіццю айчыннай драматургіі для дзяцей і падлеткаў.
У яго вачах, “зацугляных” акулярамі, свяцілася дабрыня. Такімі ж добрымі, без пошуку абавязковых злыдняў атрымліваліся ў яго і казкі, населеныя ўсялякімі дзівакамі ды дзівосамі. А тое, што далёка не ўсе народжаныя ім персанажы зажылі сваім асабістым жыццём, сышоўшы са старонак кніг ці сцэнічных падмосткаў “у народ”, не ягоная віна, а наша ўсюдыісная праблема. Маўляў, ёсць Гары Потэр — не трэба астатніх? На жаль, атрымліваецца пакуль так. Але, пэўна, трэба было здарыцца смерці, каб мы ўцямілі, нарэшце, што створаныя П. Васючэнкам міфалогія, літаратура, драматургія, усе тыя казкі і само наша асэнсаванне беларускага фэнтэзі — неацэнны скарб нацыянальнай культуры. А надалей — пажадаем самім сябе, каб васючэнкаўскія героі часцей ажывалі не адно на кніжных старонках, у тэатры, эфіры, віртуальнай прасторы, але і ў нашых сэрцах, выхоўваючы чалавечую дабрыню і гонар за “сваё, беларускае”.
Надзея БУНЦЭВІЧ