Асвечаны марай…

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі застаўся без галоўнага мастака: пайшоў з жыцця Аляксандр Касцючэнка — уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта нашай краіны, дзеяч культуры і мастацтва.

/i/content/pi/cult/760/16445/page-14-15-copy-4-SS.jpg

Ён не памёр — проста душа адляцела ў нябёсы заварожаным анёлам-лебедзем. Сам ён ніколі гэты балет не афармляў, але менавіта “Лебядзінае возера” стала для яго нейкім штуршком да прыходу ў Вялікі тэатр, у складаны оперна-балетны свет. Працуючы тут, ён часта згадваў, як патрапіў сюды на “Лебядзінае …” і запаліўся марай — працаваць на гэтай славутай сцэне. І стаў-такі яе галоўным “стылістам”, змяняючы яе “іміджы” ў адпаведнасці з кожнай новай пастаноўкай.

З імем Аляксандра Касцючэнкі звязаны спектаклі ў самых розных тэатрах краіны і замежжа. Так, ён супрацоўнічаў з Беларускім акадэмічным музычным тэатрам, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа ў Віцебску, з Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатрам, шматлікімі расійскімі калектывамі, якія з радасцю запрашалі яго як сцэнографа. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага і дагэтуль захоўваюцца яго спектаклі: ён быў тут галоўным мастаком.

Ды ўсё ж менавіта оперна-балетны кірунак прынёс яму найбольшае прызнанне, адзначанае высокімі ўзнагародамі. Сведчаннем высокага ўзроўню яго пастановак было і прэстыжнае запрашэнне супрацоўнічаць з Балгарскім нацыянальным тэатрам оперы і балета — знакамітай Сафійскай операй.

Сярод аформленых Аляксандрам Касцючэнкам спектакляў асабліва вылучаюцца беларускія — на музыку айчынных кампазітараў, часта паводле нацыянальных сюжэтаў. Немагчыма не згадаць оперу “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, балет “Анастасія” Вячаслава Кузняцова, якія ўпрыгожваюць афішу. Вельмі ўдалым атрымаўся “Доктар Айбаліт” Марыны Марозавай — яркім, дасціпным, візуальна кідкім. Ну чаму, чаму ж гэты казачны лекар не дапамог яму ў цяжкую гадзіну? Чаму не выратаваў?

У памяці захоўваюцца і некаторыя колішнія пастаноўкі Вялікага тэатра, ажыццёўленыя яшчэ да прыходу майстра на пасаду галоўнага мастака: опера “Фаўст” Антонія Генрыха Радзівіла, балет “Кругазварот” Алега Залётнева, пабудаваны на беларускай міфалогіі, паданнях і легендах. Такі зварот да фальклору з філасофскім асэнсаваннем, закладзеных у ім вечных агульначалавечых каштоўнасцяў было яму, ураджэнцу вёскі Вішнева, выпускніку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (тады гэта быў тэатральна-мастацкі інстытут), асабліва блізкім і родным. А гістарычная тэма ўвогуле аказалася той скразной чырвонай ніткай, якой была прасякнута ўся яго творчасць.

У ім жыло разуменне неабходнай сувязі пакаленняў, той пераемнасці, што складае і дапамагае захоўваць традыцыі. Невыпадкова ў новай пастаноўцы “Аіды” Джузэпэ Вердзі ён аднавіў сцэнаграфію Яўгена Чамадурава, звязаўшы ўчора і сёння ў непадзельнае заўтра.

Дарэчы, наконт праславутага заўтра: у лістападзе ў нашым Вялікім тэатры павінна адбыцца прэм’ера балета “Ганна Карэніна” — са сцэнаграфіяй Аляксандра Касцючэнкі. На жаль, ужо без яго непасрэднага ўдзелу ў фінале пастаноўчага працэсу.

Надзея БУНЦЭВІЧ