Дэтэктыў для бабы Ромы

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

За што я люблю вёску? Адназначна адказаць не магу. Хіба любяць за штосьці? Любяць проста так. Тым не менш адказ на пытанне ёсць. Ніколі пра гэта не задумваўся б, калі б не ліст ад загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота Святланы Кропатавай. Яна піша пра бібліятэчнае забеспячэнне аддаленых і маланаселеных вёсак, адначасова даследуе пытанне, вынесенае ў першым сказе. Вось яе меркаванне, з якім я цалкам згодны. “Любога, асабліва гараджаніна, стомленага ад шалёнай мітусні, уражвае ціша пустых вясковых вуліц. Здаецца, што час тут не мае ўлады”. Цалкам згодны! Я, да прыкладу, гадзінамі гатовы сядзець на прызбе вясковай хаты пад стогадовай ліпай і думаць пра добрае. Але… Вось пра што піша Святлана Уладзіміраўна далей. “З другога боку, сучасны гарадскі жыхар, у якога ўсе выгоды — у крокавай даступнасці, доўга ў вёсцы не вытрымае”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, асабліва калі аўтакрама наведваецца сюды раз на тыдзень. Дый вёскі на вачах пусцеюць. Пеўня пачуць — праблема.

/i/content/pi/cult/760/16442/pages-12-13-copy-3-S.jpg

Таму і зразумела, што праца аўтабібліятэкі, сістэмная і якасная, хвалюе мяне ўсё болей і болей. А ў Баранавіцкім раёне яна, як аказалася, досыць дынамічная, бо запатрабаваная. А запатрабаваная таму, што выніковая. Я пацікавіўся нюансамі і пераканаўся, што працэс “кнігазабеспячэння” раёна па яркасці і выразнасці нагадвае тэлесерыял з элементамі экшна і эксцэнтрычнай ды лірычнай камедыі. У гэтым ключы і пастараўся выказаць думкі свае і тых, ад каго залежыць праўдзівасць “кінарасповеду”.

Сцэнарый і цітры

Сцэнарый — бясконцы. Ён удакладняецца штомесячна і пішацца калектыўна. У пачэснай справе бяруць удзел бібліятэчныя метадысты (асістэнты рэжысёра), дырэктар Баранавіцкай ЦРБ імя Яна Чачота Таццяна Лайша (рэжысёр-пастаноўшчык), бібліятэкар аўтабібліятэкі Вольга Ланкевіч (памочнік рэжысёра) і вадзіцель гэтай мабільнай установы Казімір Вярбіцкі (дырэктар фільма, без якога ў серыяле — ніякага руху). Яны ж і асноўныя дзейныя асобы нашага “серыяла”. А таксама — 500 бабуль і дзядуль, якіх абслугоўвае бібліятэка на колах. Роля кожнага чытача — унікальная і самабытная.

Сутнасць сцэнарыя наступная. У зоне абслугоўвання — 55 вёсак і 500 чытачоў. Каб кожнае паселішча наведаць раз у месяц, распрацавана 13 маршрутаў. Бібліёбус дзейнічае ў раёне з 2008 года. Увесь гэты час ім кіруе Вольга Ланкевіч. І ўвесь гэты час за стырном аўтабібліятэкі — Казімір Вярбіцкі. Так што сёлета — адзінаццаты сезон кнігаперавозак, а якая серыя — нават і сказаць немагчыма. З адзінаццатага сезона і пачнём.

1 серыя: “Паясі са мной, дзетка?”

Аўтарская прэамбула. Выязджае перасоўная бібліятэка тры разы на тыдзень. І зімой, і ўлетку. Перашкодай можа стаць толькі залева ці завея. Тады дні выезду мяняюцца. Пра гэта Вольга Антонаўна сваіх бабуль і дзядуль папярэджвае па тэлефоне. Сувязь — пастаянная. Удакладняецца, што з кніг неабходна даставіць, якія паслугі забяспечыць. Юлій Цэзар, кажуць, ведаў у твар кожнага свайго салдата. Ланкевіч ведае не толькі імя і прозвішча чытачоў, але і тое, чым кожны жыве, пра што марыць і які характар-нораў мае. Такія веды для сапраўднага бібліятэкара — абавязковыя. Без іх да чытацкай душы не прабіцца. А вось прабіцца ў любы час да любой вёскі — гэта задача Казіміра Вярбіцкага. І спраўляецца ён з ёй бліскуча. Як Вольга Ланкевіч кажа, можа праехаць па такіх казіных сцежках, што і мясцовым невядомыя. І ні разу не заблукае. У аддзеле культуры вадзіцель — больш за трыццаць гадоў: раён ведае дасканала… “Аўтабібліятэчная” машына паспела, натуральна, пастарэць, але па знешнім выглядзе пра гэта здагадацца немагчыма. Пестуе яе Вярбіцкі, як жывую істоту. Так, яна не мае стэлажоў і кніжных паліц. Пра гэта Вольга Ланкевіч толькі марыць. Але і скрынкамі для кніг яна навучылася карыстацца так, што ў чытачоў — ніякіх прэтэнзій…

А цяпер — паехалі. Вёска Гута. Візіт да Яніны Мацюшка. Яна — інвалід, без кійка не абыходзіцца. Таму бусік заязджае на падворак. Вадзіцель дапамагае бібліятэкару ўправіцца з кнігамі. Сустракае іх Яніна Іосіфаўна. Як яна гэта робіць, трэба бачыць. “Волечка, дзетка, можа ты са мной паясі? Ці гарбатай пачастуецеся? ”

Пытанні не проста дзяжурныя, яны — ад чыстага сэрца. Бабуля Яніна і сапраўды хоча ўвесь свет накарміць. Вясковыя кабеты — асаблівыя. Яны думаюць не толькі галавой, але і напрацаванымі за жыццё рукамі. Ведае, што сёння да яе госці завітаюць, таму рукі самі гатуюць і для сябе, і для Вольгі з Казімірам. Яны — як родныя дзеці.

Што чытае бабуля Яніна? Жаночыя раманы пра жарсці гарачага кахання. Кажа са смехам, што якраз у тым узросце калі бязмежныя пачуцці не замінаюць.

Вёска Пастарынне. Тут самая выбітная чытачка — баба Рома. Спецыялістка па гістарычных творах і класічных дэтэктывах. Гэткая вясковая міс Марпл, балазе, не на практыцы, а толькі ў тэорыі. Рома Шутава — таксама даўно на пенсіі. Чытанне лічыць своеасаблівымі і дзейснымі лекамі ад старасці. Я з Ромай Станіславаўнай цалкам згодны. Лячуся тым жа.

2 серыя: “А чытаю я ў кабінеце”

Голас “за кадрам”. Непрыкметна мінула першая палова дня. Сёння разам з мабільнай установай у кніжную вандроўку выбраліся супрацоўнікі Баранавіцкай ЦБС. Ёсць намер правесці ў вёсках Ягадная і Ніжняе Чэрніхава акцыю “Прыпынак, які чытае”, ужо абкатаную як след у раённым цэнтры. Вось у чым сутнасць “Прыпынку…” На вясковым прыпынку бусіка ладзіцца выстава, заўжды тэматычная: прысвечаная, да прыкладу, Дню Перамогі ці краязнаўству. (У Новай Мышы днямі прайшла выстава, прымеркаваная да Дня ведаў.) Арганізоўваюцца бібліятэчны фрымаркет і буккросінг. Можна пагуляць у “Бібліялато” (прызы набываюцца за кошт пазабюджэткі), пакінуць заяўку на атрыманне прававой інфармацыі. Словам, на прыпынку ў маланаселеных вёсках заўжды людна і весела. І для дзяцей, калі яны ёсць, заўсёды знаходзіцца справа: конкурс чытальнікаў ці літаратурная віктарына…

Паехалі. Вёска Вялікая Сваротва. Соф’я Крамянеўская ўжо зачакалася. Яна любіць сваю вёску, любіць людзей, што працуюць на зямлі і кормяць не толькі сябе, але і краіну. І ўвогуле пераканана, што ў гарадах — жыццё несапраўднае, няма часу падумаць, тое ты робіш ці не. А вёска — пачатак усяму, шчыры і непадманны. Вось толькі дапамагчы ёй трэба, каб не чэзла, каб моладзь не губляла. Таму і чытаць любіць пра сённяшнюю беларускую вёску. Вось толькі сапраўдных кніг пра гэта вельмі мала.

Вёска Антанова. Тут жыве чарговая чытацкая зорка — Уладзімір Агурцоў. Хоць і на пенсіі даўно, але яшчэ вельмі жвавы. Даглядае кабанчыкаў, каб гатаваць ім “сёрбала” зрабіў сабе на падворку буданчык з дошак, назваў яго строга — “кабінет”. У ім і чытае ў ахвотку. У ліку першасных інтарэсаў — сур’ёзная гістарычная проза. Агурцоў увогуле сур’ёзны чалавек.

Вёска Новыя Вайковічы. Тут чытацкую марку трымае Віктар Глазкоў. Яму даспадобы і буккросінг, і кніжны фрымаркет. І ўвогуле Віктар Сяргеевіч любіць прымаць гасцей, а ў кнігах шукае адказ на пытанне “для чаго жыве чалавек”. Глазкоў таксама любіць вёску і верыць у яе абавязковае адраджэнне.

Канец фільма

У Баранавічы бусік вяртаецца на сконе дня. Паслязаўтра — у чарговы рэйс. Але спачатку трэба абзваніць чытачоў на маршруце, удакладніць заяўкі, абвесціць сваю праграму і пазначыць час прыезду. Чарговы дзень — чарговая “серыя” з дакладна вызначаным сюжэтам і бясконцымі імправізацыямі ў зносінах з галоўнымі героямі “фільма” — вясковымі бабулямі і дзядулямі, якія вераць у будучыню беларускай вёскі.

Фота з архіва Баранавіцкай ЦБС

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"